Малочная стратэгія «Азярніцы»
Агропром

Малочная стратэгія «Азярніцы»

озерница 001

Рэкордную колькасць малака ў сваёй гаспадарцы – больш як11 тон – 21 чэрвеня надаілі аператары машыннага даення дзяржаўнага прадпрыемства “Азярніца”.

Калі ўлічыць, што летась на гэты час пры такой жа колькасці кароў валавага надою мелі 8360 тон, то рывок аказаўся значным. Як расказаў дырэктар Мікалай Малашчыцкі,  ішлі да яго паступова:

– У гэты дзень у разліку на карову аператары машыннага даення атрымалі 13,78 кілаграма малака. Яшчэ зусім нядаўна пра такое маглі толькі марыць. Зразумела, крыху паўплывалі на поспех умовы надвор’я: напярэдадні спала спякота і прайшоў дождж. Жывёліны з большай ахвотай пачалі паядаць корм, а малако, не дарэмна кажуць у народзе, – у каровы на языку. Праўда, адна справа, калі іх пасвіць на выгарэўшых ці пераросшых травах, зусім іншая – на сакавітых. Дзякуючы прадуманай загадзя схеме, пашу размеркавалі такім чынам, каб жывёла на працягу летняга перыяду магла паўнацэнна харчавацца. З гэтай мэтай побач з лугамі, дзе прадстаўлялася магчымасць, сеялі ды і зараз працягваем сеяць аднагадовыя і прамежныя культуры. Пры заданні 250 гектараў іх ужо размясцілі на плошчы 370 гектараў.  Пастаянна забяспечваем гурты вадой і соллю. Не забываем і ўзнаўленне статка. Упор робім на своечасовае пакрыццё кароў і цялушак. Для тэхнікаў-асемянатараў выдзелілі асобны транспарт, што дазваляе ім у любы час сутак бесперашкодна выконваць сваю справу.  Дзякуючы іх старанню, толькі ў чэрвені атрымалі каля сотні цялят, 50 з іх – ад кароў першым целем. У маі прыплоду было 115 галоў, у красавіку – 96. Дойныя статкі пастаянна аднаўляем за кошт уводу ў іх маладых кароў.  Работа ў нашых жывёлаводаў нялёгкая, асабліва ў зімова-стойлавы перыяд. Каровы ўтрымліваюцца на прывязі на старых фермах, даенне вядзецца ў малакаправоды. Па гэтай прычыне нам цяжэй даецца атрыманне высакаякаснай прадукцыі, чым тым, у каго ёсць сучасныя фермы. Хапае праблем і летам. Здараецца адна хворая і несвоечасова выяўленая  рагуля ў статку сапсуе надой усёй фермы. І тады малака вышэйшым гатункам не атрымаць. А гэта вялікія страты, таму што менавіта малако – асноўная крыніца фінансавых паступленняў і ў той жа час дабрабыту працаўнікоў. Напрыклад, у маі выручкі ад яго рэалізацыі мелі 1 мільярд 352 мільёны рублёў. Палова гэтых грошай пайшла на выплату заробкаў.

Вялікую ўвагу надаем вытворчай дысцыпліне. Нягледзячы на тое, што фінансавае становішча гаспадаркі не вельмі моцнае, знаходзім магчымасць кожны квартал прэміраваць работнікаў, якія не парушалі дысцыпліну і выконвалі як след свае абавязкі, прадуктовымі наборамі з Пінскага мясакамбіната на суму прыкладна па 300 тысяч рублёў. Калі ў першым квартале са 167 работнікаў іх атрымалі 122, то ў другім – парушальнікаў дысцыпліны значна зменшылася, без пачастункаў засталіся толькі 19 чалавек.

Практычна ўсе азярніцкія каровы і цялушкі, прызначаныя для аднаўлення грамадскага статка, на летне-пашавы перыяд “прапісаліся” ў лагерах урочышча Лань. Адлегласць больш як 30 кіламетраў ад цэнтральнай сядзібы яны яшчэ вясной пераадолелі на спецыяльных аўтамабілях. Гэтак жа будуць дастаўлены і на зімовыя “кватэры”.

Самы прадуктыўны гурт МТФ №1 з 248 кароў у дзень наведвання гаспадаркі пасвілі Міхаіл Кнырэвіч, які зімой працуе слесарам на ферме, і жывёлавод Аляксандр Мардухай. Яны зусім нядаўна адбілі свежы загон для жывёлін. Адна палова яго ўяўляла сабой шматгадовыя травы, другая – сакавітую сумесь аднагадовых. Назіраючы, з якім задавальненнем паядалі іх каровы, вопытныя жывёлаводы былі ўпэўнены, што вечарам надоі не зменшацца. У гэты ж час у некалькіх кіламетрах ад пашы ішла работа па стварэнню чарговых кармавых угоддзяў.  На адным участку трактарыст Віталь Кнырэвіч (на верхнім здымку) старанна араў глебу, на другім –  Анатоль Пацехін дыскаваў яе. Хутка тут зазелянеюць аднагадовыя культуры, якія дапамогуць жывёле не застацца без сакавітага корму і ўвосень.

озерница 002
Анатоль Пацехін
озерница 003
Міхаіл Кнырэвіч, Аляксандр Мардухай



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть