Агропром

На этапе станаўлення

Сярод мерапрыемстваў аналагічнага кшталту, якія зараз праходзяць у аграпрамысловых арганізацыях Лунінеччыны, сход у дзяржаўным прадпрыемстве «Сінкевіцкі» меў сваю адметную рысу. Упершыню за доўгі час яго кіраўніцтва і галоўныя спецыялісты трымалі справаздачу перад людзьмі аб выніках работы самастойнага прадпрыемства, якое выйшла з-пад крыла РУВП «Граніт».

Прадстаўнікі працоўнага калектыву аграпрамысловай арганізацыі, якая сёння налічвае амаль дзве з паловай сотні чалавек, сабраліся ў СДК аграгарадка Сінкевічы.

– Мінулы год прайшоў пад знакам станаўлення і быў няпростым. Калектыву, зноў атрымаўшаму самастойнасць, у літаральным сэнсе, на хаду давялося перабудоўвацца і нават ламаць стэрэатыпнае стаўленне да некаторых вытворчых пытанняў, – пачаў сваё выступленне дырэктар Віктар Дзеніскавец.  – Нягледзячы на гэта, дасягнулі пэўных поспехаў. Нашы людзі, як і само дзярж-прадпрыемства «Сінкевіцкі», – сярод пераможцаў раённага спаборніцтва па ўборцы збожжавых і зернебабовых культур.  Ганаровымі граматамі рознага ўзроўню за поспехі ў жывёлагадоўлі адзначаны Алена Шулякоўская і Таццяна Капліч, а калектыў малочнатаварнага комплексу в. Сітніцкі Двор – дыпломам Брэсцкага абкама прафсаюза АПК за стварэнне спрыяльных умоў працы і быту.

Віктар Васільевіч дэталёва пазнаёміў слухачоў з паказчыкамі, якія дасягнула гаспадарка за справаздачны перыяд па надоях малака, прывагах на вырошчванні жывёлы, намалоце збожжа і іншых накірунках дзейнасці. А таксама расказаў аб тэхнічным узбраенні, мерапрыемствах па паляпшэнню якасці кармоў і дэбіторскай запазычанасці, якая перавысіла 294 тысячы рублёў. Прычым сярод даўжнікоў прадпрыемства – тры гаспадаркі Лунінеччыны, што не разлічыліся за кармы.

– У цэлым рост валавай прадукцыі ў супараўнальных цэнах да ўзроўню 2015-га склаў 112,6 працэнта, а сярэдні заробак узрос да 361 рубля 40 капеек, – адзначыў кіраўнік. – У планах – нарошчванне аб’ёмаў выпуску прадукцыі і павышэнне яе якасці, а таксама зніжэнне выдаткаў на вытворчасць да 20 працэнтаў.

Галоўны заатэхнік Канстанцін Акофін пабудаваў справаздачу на падрабязным аналізе кожнай з 7 фермаў, на 4 з якіх дарошчваюць і адкормліваюць жывёлу. 

– У 2016-ым выручка ад рэалізацыі малака павялічылася і склала 1892 тысячы рублёў, – праінфармаваў спецыяліст.  – Росту яго вытворчасці спрыяла работа па паляпшэнню прадуктыўнасці дойнага статка і яго колькасці. На пачатак студзеня пагалоўе буйной рагатай жывёлы налічвала 3226 галоў, з якіх 1260 – кароў. Таварнасць прадукцыі ў 2016-ым стала адной з лепшых у раёне.

І гэта – толькі пачатак. Жывёлаводаў, ветэрынараў, заатэхнікаў і прадстаўнікоў іншых службаў чакае вялікі фронт работы. У ліку першапачатковых задач – далейшае павелічэнне таварнасці малака да 91 працэнта, надояў на карову – да 4794 кілаграмаў, сярэднясутачных прываг – да 600 грамаў.

Лаканічнасцю і дакладнасцю адрознівалася выступленне начальніка ўчастка раслінаводства Уладзіміра Шкута:

– Сёлета плануем змяніць структуру севазвароту, у якім, як і ў большасці гаспадарак, назіраецца засілле злакавых. А яшчэ – павялічыць пасяўныя плошчы пад азімы рапс, рэдзьку алейную і іншыя высокарэнтабельныя культуры. Дасягнута дамоўленасць на пастаўку насення траў, уключаючы канюшыну лугавую, для аздараўлення палёў. Гэта дапаможа ў будучыні стварыць для кожнай фермы ўласную кармавую базу і зменшыць сабекошт прадукцыі. Такія новаўвядзенні патрабуюць ад калектыву іншага, больш скрупулёзнага і адказнага, падыходу да працэсу падрыхтоўкі  глебы, тэрмінаў сяўбы і догляду за раслінамі.

На сходзе таксама выступілі галоўныя: бухгалтар Святлана Радкевіч – з гадавой справаздачай і эканаміст Валянціна Пракаповіч – з бізнес-планам-2017. Выслухаўшы даклад старшыні прафкама Алены Вайцяхоўскай, удзельнікі сустрэчы зацвердзілі змяненні ў калектыўным дагаворы.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть