На іх трымаецца жывёлагадоўля
Агропром

На іх трымаецца жывёлагадоўля

осеменаторыУ Вулькаўскім 2 Доме культуры прайшой конкурс тэхнікаў-асемянатараў.

Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Алег Багук, яго мэтай стала не столькі праверка тэарэтычных ведаў спецыялістаў, колькі вучоба і перадача вопыту. Не сакрэт, што ад адносін да справы гэтых людзей, у многім залежыць эфектыўнасць работы жывёлагадоўчай галіны. А значыць, эканамічная моц сельгаспрадпрыемства і дабрабыт кожнага яе працаўніка. Усё матачнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы Лунінеччыны, з улікам цялушак, налічвае каля 33 тысяч галоў, з іх больш як 20 тысяч — неабходна штогод асемяніць. Гэтым у раёне займаюцца 44 тэхнікі-асемянатары. У кожнага з іх — свой шлях у прафесію: хтосьці раней быў даглядчыкам, нехта даяркай, а іншыя бухгалтарам ці бібліятэкарам… Сёння ж іх аб’ядноўвае агульная справа.

Аб павышэнні яе эфектыўнасці павёў гаворку старшыня СВК “Вулькаўскі світанак” Уладзімір Соц. На яго думку, павысіць аддачу тэхнікаў-асемянатараў, можна толькі пры разумным стымуляванні працы. Гэтым шляхам і пайшлі ў гаспадарцы, адмовіўшыся сёлета ад акладаў. Заробак спецыялістаў поўнасцю падпарадкаваны выніку, што дае добры плён.

Вітаючы прысутных, дырэктар райплемстанцыі Вольга Збанчук звярнула ўвагу на своечасовае апрыходаванне цялят, правільнасць пастаноўкі бірак. Акрамя таго, яна выказала заклапочанасць з нагоды змяншэння колькасці асемяненняў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Урач-гінеколаг раёна Дзмітрый Аляшкевіч адзначыў, што з кожным годам павялічваецца колькасць хворых жывёлін. Своечасовасць іх выяўлення ў многім залежыць ад уважлівасці тэхнікаў-асемянатараў.

Конкурс уяўляў сабой звычайны экзамен. Удзельнікі выцягвалі білеты, рыхтаваліся і адказвалі на пытанні. Толькі маладыя спецыялісты павінны былі яшчэ прадэманстраваць сваё ўменне працаваць з мікраскопам. Назіраючы за спецыялістамі збоку, здавалася, што экзамен даваўся ім лёгка і без вялікага напружання. I толькі пасля таго, як зазірнула ў залу, дзе рыхтаваліся да адказаў канкурсанты, зразумела: хваляваліся…

I вось доўгачаканы момант вылучэння пераможцаў. Перш, чым назваць іх, Вольта Міхайлаўна адзначыла, што ўзровень ведаў аказаўся розным. I не дзіўна, у кожнага канкурсанта — свой стаж у прафесіі: ад года да некалькіх дзесяцігоддзяў. Камусьці было прапанавана больш дэталёва вывучыць тое ці іншае пытанне, камусьці, наадварот, экзаменатары раілі падзяліцца набытым вопытам. А яго перадаць могуць лепшыя. Дыпломаў і прэмій удастоены Галіна Гаргун (СВК “Вулькаўскі світанак”), Віктар Раўковіч (філіял “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод”), Марыя Одарук (СВК “Новае Палессе”). У намінацыі “Маладыя спецыялісты” лепшымі прызнаны Галіна Мелюх (“Лунінскі”), Таццяна Бахмат (“Вулькаўскі світанак”), Iрына Капліч і Марыя Капліч (філіял “Агра-граніт”). Сярод ветэранаў працы дыпломаў заслужылі Таццяна Антановіч (СВК “Багданаўка”), Ніна Якубовіч (“Велута”), Аляксандр Зышчык (“Дварэцкі”), Святлана Марза (“Чучавічы”). Лепшым заатэхнікам-селекцыянерам прызнана Галіна Аксаміт (Палеская станцыя).

Як расказаў Алег Багук, пры падвядзенні вынікаў улічвалі не толькі тэарэтычныя веды, але і асабістыя вынікі, дасягнутыя ў мінулым годзе.

Удзел у мерапрыемстве бралі дырэктар Пінскай племстанцыі Iосіф Прыпутневіч і галоўны заатэхнік гэтай арганізацыі Святлана Лазюк. Яны адзначылі, што конкурс прайшоў цікава, задаволілі і паказаныя веды.

Галіна Кучэйка



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть