Агропром

На першым плане – якасць

якасцьЗ мінулага тыдня на Лунінеччыне пачалася самая адказная і працяглая сельскагаспадарчая кампанія – нарыхтоўка кармоў на зімова-стойлавае ўтрыманне грамадскага пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Аднымі з першых да яе прыступілі працаўнікі СВК “Лунінскі”. Спяшаўся як мага больш зрабіць за дзень і механізатар з 20-гадовым вопытам корманарыхтовак Аляксандр Малейчык. Узяўшы траву з валка, яшчэ раз упэўніўся, што яна гатова для закладкі ў траншэі.

– Травы сёлета нядрэнныя. Нягледзячы  на тое, што касавіцу пачалі рана, валкі даволі важкія, – прыкмеціў Аляксандр Антонавіч.

Як расказаў старшыня СВК “Лунінскі” Васіль Мелюх, травы першага ўкосу неабходна ўбраць на плошчы 780 гектараў. З іх 60 працэнтаў складаюць раннеспелыя, якія ў нашых умовах могуць даваць па 3 укосы за сезон. Прычым, два з іх – раўна-значныя па пажыўнасці. І чым раней яны будуць убраны, тым больш надзеі, што наступны ўкос не падвядзе. Перавага маладой травы яшчэ і ў тым, што яна з’яўляецца сапраўднай скарбніцай вітамінаў і пажыўных рэчываў, неабходных для росту, здароўя і прадуктыўнасці жывёлы. На тое, каб захаваць усё гэта, прыродай адводзіцца даволі сціслы тэрмін – крыху больш як 2 тыдні…

Такая задача па сілах працаўнікам гаспадаркі, у распараджэнні якіх знахо-дзіцца дастатковая колькасць неабходнай тэхнікі і агрэгатаў. Асабліва ўдалымі ў плане папаўнення тэхнічнага парку для “Лунінскага” сталі два апошнія гады, калі ў гаспадарцы паявіліся свабодныя грошы.
На сённяшні дзень корманарыхтоўчае звяно мае 3 падборшчыкі зялёнай масы, столькі ж касілак і грабляў, 4 цяжкія трактары, якія па меры неабходнасці прымяняюцца на выраўніванні і трамбоўцы зялёнай масы ў траншэях, а таксама спецыяльны прэс для нарыхтоўкі сенажу ў рулонах. З набыццём новых прычэпаў вырашылася праблема і з дастаўкай зялёнай масы. Яе ажыццяўляюць 9 трактароў і 3 аўтамабілі. Вядзецца строгі ўлік кож-нага кілаграма травы – увесь транспарт абавязкова праходзіць праз вагі…
Сезон корманарыхтовак супаў з праліўнымі дажджамі. Гэта дадало турбот. Загадзя скошаная і пакладзеная ў пракосы для правяльвання трава набралася лішняй вільгаці. Каб прывесці яе ў норму, валкі даводзіцца двойчы ў дзень падварушваць граблямі. Праз некаторы час яны становяцца гатовымі для падбору. Менавіта за гэтай аперацыяй засталі на сенажаці вопытных механізатараў Мікалая Савіловіча і Аляксандра Малейчыка. Іншыя ж удзельнікі жніва накіраваліся ў гэты час на абед, прыгатаваны для іх Нінай Сахвон. Дарэчы, разам з напарніцай Наталляй Наварыч повар сталовай гаспадаркі штодзень рыхтуе па 34 порцыі гарачых страў. Па меркаванню механізатараў, гатуюць жанчыны смачна, інакш бы , як сказаў адзін з іх, “з сабою ежу бралі б”…
Закончыўшы падбіраць валок, Мікалай Савіловіч развярнуў свой КВК і быў ужо гатовы пачаць адпраўляць у прычэп трактара, якім кіраваў Павел Абравец, чарговы радок травы. Дарэчы, Мікалай Іванавіч сёлета афармляе дакументы на пенсію. На пытанне, ці пойдзе адпачываць, нарыхтоўшчык з 34 гадовым стажам з усмешкай заўважыў: “Працаваць цяпер – адно задавальненне. Тэхніка бачыце якая! Не тое што раней: і пыл, і бруд – усё ляцела ў кабіну. А гул, які ўвесь дзень стаяў у вушах ад работы рухавіка! Цяпер жа чысціня, кандыцыянер, сістэма выяўлення металу ў траве… Пашчасціла маладым, ды і мы, дзякуй Богу, такое хараство яшчэ засталі”…
Працавітасцю і адказнасцю вызначаюцца і іншыя работнікі корманарыхтоўчага звяна, сярод якіх вадзіцель Сяргей САХВОН, механізатары Пётр ДАРАХОВІЧ, Іван БАГДАНЕЦ, Леанід АБРАВЕЦ, Міхаіл САВІЛОВІЧ, сын і бацька Васіль Андрэевіч і Васіль Васільевіч ДУДАРГІ.
Дзякуючы старанням звяна, на 21 мая травы ў “Лунінскім” былі скошаны на плошчы 283 гектары, падабраны на 155 гектарах, нарыхтавана 1421 тона сенажу, у тым ліку 58 тон – у рулонах.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть