Агропром

На сенажацях гарачая пара

полессикй косовицаНарыхтоўка травяністых кармоў для буйной рагатай жывёлы — самая працяглая і, бадай што, самая адказная кампанія ў вяскоўцаў. Сёлета яна пачалася прыкладна на тыдзень раней, чым летась.

Аднымі з першых у раёне тэхніку на сенажаці вывелі працаўнікі Палескай станцыі. За тыдзень работы яны скасілі травы на плошчы 210 гектараў. А ўсяго, згодна з планам, іх трэба ўбраць з 700 гектараў.

Як расказаў выконваючы абавязкі дырэктара Рыгор Кавалец, для забеспячэння жывёлы кармамі на зімова-стойлавы перыяд сельгаспрадпрыемству неабходна нарыхтаваць 700 тон сена і 4 тысячы тон сенажу, з якіх 700 тон — у рулонах. Выканаць задачу будзе няпроста. Ранняя, але халодная і засушлівая вясна не садзейнічала добраму росту траў. Пашкоджаныя начнымі замаразкамі і недахопам вільгаці яны зрэджаны і не такія сакавітыя, як у ранейшыя гады. Ранняя ўборка і своечасовая падкормка сенажацей мінеральнымі ўгнаеннямі дазволіць атрымаць больш паўнацэнным другі ўкос. Зараз асноўны ўпор робіцца на нарыхтоўку сена і сенажу ў рулонах. Тэхналогія гэта, калі ўлічыць, што неабходнае абсталяванне на Палескай станцыі набыта больш як 10 год таму і сёння ўжо маральна састарэла, даволі дарагая. У той жа час яна апраўдвае сябе высокай якасцю і пажыўнасцю корму.

Нарыхтоўкі пачалі на самай аддаленай ад цэнтральнай сядзібы сенажаці, размешчанай за Бобрыкам. Тут адзін за другім рухаліся тры трактары. Першы згрэбваў травы ў валкі, другі — падбіраў падвяленую траву і змотваў у рулоны, трэці — паднімаў іх на вілы і падвозіў да ўскрайку участка, дзе стаяла “ўпаковачная” ўстаноўка. Крыху воддаль ад яе доўгай стужкай цягнуліся ў рад выстраеныя вялізныя бялюткія рулоны. Аператар Лізавета Шыгаўдзінава рыхтавала да ўпакоўкі чарговы:

— Без зладжанасці і ўзаемаразумення ў нашай справе нічога добрага не атрымаецца. Падвядзе нехта з механізатараў — без работы застануцца ўсе. Таму і стараюцца трактарысты адзін аднаму дапамагаць. А я імі ў адсутнасць брыгадзіра вытворчай брыгады Лідзіі Туцінай — кірую.

Апошняе працаўніца сказала з гумарам, але па ракцыі механізатараў было бачна, што да жанчыны яны ўсё ж прыслухоўваюцца. У “гаспадароў” пагрузчыка Мікалая МЕЛЮХА і грабляў — Мікалая ЯВОРСКАГА стаж работы набліжаецца да 30 год, у працуючых на прээсаванні Андрэя КАЛЕШКІ і на абмотцы рулонаў Уладзіміра КЛЯЎЦЭВІЧА — 16 год. Менавіта такім працаўнікам і давяраюць адказныя ўчасткі.

Актыўны ўдзел у корманарыхтоўках прымаюць: на падборы траў — Генадзь Алейнік і Дзмітрый Трухноў, на касьбе — Вячаслаў Гарагляд. Улічваючы тое, што за кожным з гэтых механізатараў замацаваны па тры адзінкі тэхнікі — яны складаюць своеасаблівую эліту калектыву. З Вячаславам ГАРАГЛЯДАМ сустрэліся на сенажаці. Травы ён косіць далёка не новым КЗР-ам:

— Так, яму 11 год, але не падводзіць, — усміхнуўся Вячаслаў. — Ведаю, як слабыя так і моцныя бакі гэтай тэхнікі. Трэба толькі своечасова даглядаць механізмы, і ўсё будзе ў парадку. Дзякуючы таму, што ў маім распараджэнні тры розныя адзінкі тэхнікі, не застаюся без работы ні зімой, ні летам. Ведаю ўсе палеткі і магу да кожнага дабрацца з закрытымі вачамі. Летась гаспадарка замацавала за мной новыя МТЗ-1221 і агрэгат для ўнясення мінеральных угнаенняў РУ-7000. Да таго ж і збожжаўборачны камбайн у мяне не стары. Чатыры сезоны на ім збожжа ўбіраў.

Пачуўшы гэта, Рыгор Кавалец запэўніў механізатара, што ў хуткім часе на станцыі будзе і новая касілка.

На дзень выхаду “ЛН” сена на Палескай станцыі з-за дажджоў не назапасілі, а вось сенажу ў рулонах — 16 тон.

Галіна КУЧЭЙКА



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть