На зялёных лугах – выток малочных ручаін
Агропром

На зялёных лугах – выток малочных ручаін

Летне-пашавае ўтрыманне  буйной рагатай жывёлы заўсёды асацыіруецца з часам вялікага малака, які звычайна доўжыцца з мая па кастрычнік. Наколькі ён апраўдвае сябе сёлета, расказвае намеснік начальніка райсельгасхарчу Алег Багук:

– Перавод дойных статкаў грамадскага пагалоўя на летне-пашавае ўтрыманне завяршыўся 5 мая. У кругла-сутачных лагерах размясцілі 47 гуртоў, у якіх утрымліваецца больш як 9,5 тысячы кароў. У кожным сельгаспрадпрыемстве да гэтай важнай кампаніі рыхтаваліся грунтоўна. У пераходны перыяд жывёлу забяспечылі неабходнымі кармамі, соллю і вадой, стварылі спрыяльныя ўмовы для работы аператараў машыннага даення і пастухоў…

Асаблівага клопату патрабуе паша. З-за халоднай вясны травастоі сёлета аказаліся значна слабейшымі, чым летась. Каб атрымаць належную аддачу, іх важна як след даглядаць. З гэтай мэтай у кожным сельгаспрадпрыемстве  створаны і працуюць спецыяльныя звенні, якія падкошваюць пашу адразу пасля выпасу жывёлы. Такая нескладаная “аперацыя” са-дзейнічае хутчэйшаму адрастанню травы і паўторнаму выкарыстанню ўчасткаў.

Наяўнасць сучасных малочнатаварных фермаў з даільнымі заламі дазваляе многім гаспадаркам утрымліваць кароў на стойле круглы год. Маючы добры запас нарыхтаваных летась травяністых кармоў, гэтай магчымасцю сёлета скарысталіся філіял “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод”, ААТ “Лунінскі”, “Вулькаўскі світанак” і “Дварэцкі”, дзяржаўныя прадпрыемствы “Гарадоцкі”, “Сінкевіцкі”, “Міжлескае”, Палеская станцыя і ПУСП “Рэдзігерава-Агра”. Звычайныя травяністыя рацыёны жывёлы, якія складаюцца з кансерваваных сенажу і сіласу, разнастаілі вітаміннай зялёнай масай,  удзельная вага якой – 30 працэнтаў. Арганізаваны таксама “прагулкі” на свежым паветры: штодзень кароў выганяюць на пашу, размешчаную непадалёк ад стацыянарных фермаў. Да таго ж на ААТ “Лунінскі”, у “Гарадоцкім” і “Міжлескім” арганізавалі кругласутачную пасьбу сухастойных кароў у асобных гуртах.

Такі падыход разам з добрай арганізацыяй працы і моцнай выканаўчай дысцыплінай прынёс свой плён. 5 чэрвеня наступіў пік вялікага малака, калі сутачны валавы надой у раёне складаў 222 тоны, што на 18 тон больш, чым на такі час летась. У сярэднім ад адной каровы надаілі 14,72 кілаграма малака. А гэта, амаль на 1 літр больш.

Апраўдваюць сябе і захады, якія робяцца ў плане павышэння якасці прадукцыі. За студзень-май на ААТ “Лунінецкі малочны завод” з паступіўшых 26711 тон малака больш як 80,5 працэнта залічана гатункам «экстра+вышэйшы». Летась гэты паказчык складаў 74,72 працэнта. Сярод гаспадарак раёна 100 працэнтаў высокагатунковага малака пастаўляюць філіял “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод” і Палеская станцыя. У іншых прысутнічае невялікая доля першасортнай прадукцыі.

Патрабуе пільнай увагі дарошчванне буйной рагатай жывёлы. Па выніках пяці месяцаў сярэднясутачныя прывагі склалі 581 грам – на 22 грамы больш, чым летась. На жаль, у маі сутачныя прыбаўкі жывёлы зменшыліся да 563 грамаў. Адмоўна адбілася адсутнасць канцэнтратаў. Разам з тым валавыя прывагі павялічыліся на 18 тон. Паступова павышаецца сярэдняя вага цялушак, прызначаных для аднаўлення статка. У суткі яны набіраюць у сярэднім па 612 грамаў. Ідэальная ж тэхналагічная вага – больш за 700 грамаў. Такую ў раёне маюць толькі падапечныя жывёлаводаў філіяла “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод”.

 

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть