«Нам бы толькі сонечных дзён…»
Агропром

«Нам бы толькі сонечных дзён…»

лунинский 02
Канстанцін і Іван Корчыкі

Так адказаў на пытанне, як ідзе жніво, старшыня СВК “Лунінскі’’ Васіль Мелюх і ўсміхнуўся:

— Яшчэ зусім нядаўна мы толькі пра дождж марылі, калі ж ён пайшоў, то зноў просім сонца… А калі сур’ёзна, то стараемся выкарыстаць кожную спрыяльную для работы хвіліну. На 27 ліпеня абмалацілі збожжавыя на плошчы 256 гектараў. Пры сярэдняй ураджайнасці 45,1 цэнтнера з гектара атрымалі 1155 тон зерня. Здзівіла ўраджайнасць збожжавых, што раслі на мінеральных глебах. У прыватнасці, азімая пшаніца. Размешчаная на 51-гектарнай плошчы, яна дала 58,5 цэнтнера на круг; 45 цэнтнераў з гектара атрымлівалі ячменю. Не падвяло і азімае жыта, якога з гектара намалочвалі па 42 цэнтнеры. На жаль, такога ўраджаю не даводзіцца чакаць ад яравых каласавых, якім у свой час не хапала для росту вільгаці.

Паралельна з уборкай вядзем продаж зерня дзяржаве. На Пінскі камбінат хлебапрадуктаў ужо даставілі 300 тон азімага жыта, 150 тон яго, згодна з дзяржзаказам, адгрузілі на Мінскі КХП. Заданне па продажу пшаніцы таксама будзе выканана. З даведзеных 350 тон 208 тон ужо засыпалі ў дзяржаўныя засекі. Як толькі абмалоцім яравую пшаніцу, вывезем і астатняе.

Усяго ў “Лунінскім” сёлета неабходна абмалаціць збожжавыя і зернебабовыя на плошчы 1133 гектары. Зрабіць гэта належыць 6 экіпажам камбайнаў, сярод якіх 3 — сямейныя. Іван Савіловіч сабе ў памочнікі ўзяў жонку Вольгу, Сяргей Савіловіч, як і ў ранейшыя гады, — сына-студэнта Дзмітрыя, будучага інжынера; Канстанцін Корчык трэці год запар бярэ дваюраднага брата Івана. Ім, дарэчы, дастаўся новы камбайн, набыты летась у лізінг. На ім экіпаж ужо намалаціў 202 тоны збожжа. Гэта — трэці вынік у гаспадарцы.

Калі завіталі на ніву, Канстанцін і Іван КОРЧЫКІ разам з іншымі хлебаробамі ўбіралі азімае трыцікале. Мяркуючы па тым, як адзін за другім спыняліся з поўнымі бункерамі камбайны, намалот і тут быў нядрэнным. Да таго ж, поле ўразіла не толькі буйным коласам, але і чысцінёй. Як расказаў Васіль Мелюх, збажыну з ускрайкаў нівы абжалі крыху раней і накіравалі на корм жывёле. Цяперашні намалот пойдзе на насенне. Вільготнасць зерня на коласе тут не перавышае 14 працэнтаў. А гэта значыць, што дасушваць яго не трэба.

лунинский 03
Мікалай МАЛАШЧЫЦКІ і Юлія АБРАВЕЦ

Жніво ў гэты дзень пад кіраўніцтвам галоўнага агранома Мікалая МАЛАШЧЫЦКАГА і брыгадзіра Юліі АБРАВЕЦ вялося і на іншых участках, адкуль на зернеток паступала збожжа з вільготнасцю 18 працэнтаў. Яго адразу накіроўвалі да сушылак. Сёлета тут таксама стаў працаваць новы комплекс, які ў запаслівых гаспадароў некалькі год чакаў свайго часу. Новымі прэс-падборшчыкам і трактарам папоўніўся атрад па ўборцы саломы. Дорагакаштуючую тэхніку даверылі вопытнаму механізатару Аляксандру РАМАНОВІЧУ.

Кожны год на дапамогу хлебаробам прыходзяць студэнты ВНУ. Адзін з іх — будучы інжынер Іван АБРАВЕЦ:

— Чацвёртае лета адвожу зерне ад камбайнаў. Набіраюся вопыту, адначасова назіраю за арганізацыяй работы. Свой трактар мне даверыў брат Павел. Ён зараз працуе на камбайне.

Не зарастаюць пустазеллем у гаспадарцы і ўбраныя палі: толькі за паўтара дня 71 гектар засеялі паўкоснымі культурамі. Іх пазней убяруць на корм жывёле. Дарэчы, корманарыхтоўкі не ўпускаюць з поля зроку ні на дзень. Кожную раніцу то адзін, то другі механізатар здымаецца з камбайна і да часу, пакуль не высахне раса, косіць ці падбірае травы. Гэта ні ў якім разе не шкодзіць жніву, якое тут пры добрым надвор’і мяркуюць закончыць за 15 рабочых дзён.

лунинский 04
Аляксандр Рамановіч
лунинский 01
Іван Абравец

Галіна КУЧЭЙКА



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть