АгропромСоциум

НАПЕРАДЗЕ – НОВЫЯ ПЕРСПЕКТЫВЫ

Аб новай малочнатаварнай ферме ў СВК “Лунінскі” мараць з
2010 года. Менавіта тады быў закладзены падмурак пад яе будаўніцтва і вызначаны
час уводу ў строй – у лютым 2012-га.  Ды
толькі ў планы ўмяшаўся леташні крызіс, які перанёс доўгачаканую дату яшчэ на
паўгоддзе.

Сёння сучасная ферма, разлічаная на 720 галоў дойнага
статка, не толькі набыла свае абрысы, але амаль поўнасцю гатова да прыёму
жывёлы. У прасторных памяшканнях заканчваецца мантаж складанага ізраільскага
абсталявання, якое дазволіць забяспечыць пераход на сучасныя тэхналогіі.
Пабудавана ферма па тыповому праекту з даільна-малочным блокам, разлічаным на
адначасовае даенне 36 кароў. Ёсць асобныя памяшканні для размяшчэння
сухастойных кароў і зала для іх раздою.

Старшыня СВК “Лунінскі” Васіль Мелюх паведаміў, што ў
ходзе будаўніцтва ўдалося з’эканоміць значную частку сродкаў. Іх было вырашана
накіраваць на ўзвядзенне дадатковага жывёлагадоўчага памяшкання, дзе
размесцяцца яшчэ больш як 200 кароў. Гэта дазволіць у адным месцы
сканцэнтраваць  увесь дойны статак
гаспадаркі. Згодна з бізнес-планам, да 2015 года ён павінен будзе скласці 920
галоў. Праблемы для павелічэння пагалоўя ў гаспадарцы няма. Папаўненне тут
сталі рыхтаваць задоўга да ажыццяўлення планаў па будаўніцтву.  Не ўзнікне пытанняў і па падбору
абслугоўваючага персаналу. У гаспадарцы хапае сумленных і адказных працаўнікоў,
якія хутка здолеюць адаптавацца ў новых умовах. Праўда, колькасць рабочых месцаў
зменшыцца амаль на палову. Таму, кожнаму з сённяшніх жывёлаводаў  трэба ўжо зараз практычнымі справамі
даказваць, што яны годныя для работы ў новых умовах. Мяркуючы па ўсяму, адбор
будзе даволі жорсткі.

Васіль Мелюх упэўнены, што ўзятыя на будаўніцтва крэдыты
ў 30 мільярдаў рублёў не стануць для гаспадаркі непад’ёмнай ношай. Работа ў
сучасных умовах, плюс добрыя кармы і догляд забяспечыць пастаянны рост надояў,
якія праз год-другі  значна перавысяць  5-тысячны рубеж у разліку на карову. Сёлета ж
у сярэднім ад каровы мяркуюць атрымаць 4,5 тысячы кілаграмаў малака. Выйграе
гаспадарка і ў плане павышэння якасці прадукцыі. Малако класам “Экстра”, на
атрыманне якога і нацэлена ўся работа, абавязкова прынясе свае дывідэнды.

Ххх

З улікам пабудовы дадатковага памяшкання ўвод у строй
новай МТФ перанесены на 1 кастрычніка 2012 года.

На здымку: своечасова выканаць запланаваны аб’ём работы
на новай МТФ стараюцца будаўнікі з ПМК-19. 
 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть