Агропром

Наперакор капрызам надвор’я

Пераўвільготненая глеба не дазваляе як след разгарнуцца на палях механізатарам ААТ “Вулькаўскі світанак”. Калі разам са старшынёй прафкама гаспадаркі Галінай Соц дабіраліся да ўчастка, дзе вялася сяўба, то назіралі залітыя вадой вялікія “прагаліны” на свежаўзаранай раллі.

Гэта непакоіла і асноўнага сейбіта таварыства Мікалая Кіселя (на верхнім здымку):

– З надвор’ем не шанцуе. Як толькі падрыхтаваная глеба пачынае падсыхаць, яе зноў увільгатняе дождж. З такой сеялкай, як у нас, гэта не перашкаджае сяўбе, а вось “Джон-Дзір” грузне. Таму даводзіцца працаваць са “страхоўкай” у выглядзе энерганасычанага трактара, што стаіць на ўскрайку поля. Пры добрым раскладзе за дзень звычайна засяваю ад 50 да 55 гектараў. Зараз жа – 35-38.

Больш як 2 дзясяткі год працую на зямлі, але так рана пасяўную кампанію яшчэ ніколі не пачыналі. 12 сакавіка прыступілі да падрыхтоўкі глебы, а праз 5 дзён першае зерне ў яе заправілі.

Вадзіцель Мікалай Яраховіч (на здымку) 10 год займаецца падвозкай насення:

– Пакуль доўжыцца пасяўная кампанія, заўсёды працуем разам. Праўда, сёлета  “місія” стала крыху шырэйшай: вадзіцельскую справу сумяшчаю з сейбіцкай. У гаспадарцы адмовіліся ад прысутнасці на палях “лішніх рук”. Калі раней маёй справай было толькі своечасова даставіць і засыпаць у сеялку зерне, а паляводы сачылі за правільнасцю яго размеркавання пры загрузцы, то зараз спраўляемся без іх. Такі расклад падабаецца больш: і зарплата атрымліваецца вышэйшай, і час прастоеў скарачаецца.

Незадаволеным быў толькі трактарыст Міхаіл Паўловіч (на ніжнім здымку), якому ў гэты дзень выдалася роля буксіроўшчыка:

– Разумею, што без страхоўкі зараз не абысціся. Аднак нязвычна ў такі гарачы час, калі ўсе працуюць, стаяць у бяздзеянні і чакаць, калі мая дапамога спатрэбіцца. Прывычней поле пад сяўбу рыхтаваць. Пакуль жа я толькі 100 гектараў узараў і амаль столькі ж – прадыскаваў.

Разумее хваляванні механізатара галоўны аграном гаспадаркі Валерый Паўловіч:

– Яравы клін у нас сёлета складае амаль 3 тысячы гектараў, з іх 920 – ранніх каласавых. Работы вельмі  шмат. Пакуль зерневыя і зернебабовыя размясцілі на  250-гектарнай плошчы. Свое-часова вывозім і ўносім у глебу арганіку, запраўляем каліем плошчы, прызначаныя пад сяўбу. З мінеральных угнаенняў пакуль адчуваем дэфіцыт толькі фосфарных. Думаецца, што пытанне з іх набыццём вырашыцца. Недастаючы на сённяшні дзень суперфасфат спатрэбіцца для ўнясення пад кукурузу, якую будзем сеяць апошняй. Набіраюць сілу на палях азімыя збожжавыя і рапс. Іх падкармілі неабходнымі тукамі. Клапоцімся таксама  пра догляд сенажацей і пашы. У цэлым справы ідуць у звычайным вясновым рытме. Спадзяемся, што лішняя вільгаць хутка пакіне нізіны, і мы зможам весці работы больш хуткімі тэмпамі.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть