Агропром

Наталіцца сілай зямлі

Для Пятра КАХОВІЧА з Велуты вясна – пара асаблівая. Яго новы год з усімі пераменамі і спадзяваннямі на лепшае пачынаецца не ў звычайным для ўсіх студзені, а менавіта ў сакавіку-красавіку, калі растае снег і наваколле абуджаецца ад зімовага сну. Гэтаму ёсць асаблівая прычына – усё працоўнае жыццё вясковец прысвяціў стараннай рабоце на зямлі, імкненню атрымліваць кожны год добрыя ўраджаі, і сваёй дзейнасцю не нанесці ёй шкоды…

Бацька з вайны вярнуўся інвалідам, у сям’і гадаваліся Пётр і дзве сястры. Не дзіўна, што з маленства хлопчык спазнаў азы цяжкай сялянскай працы, самастойна вучыўся араць і сеяць. Жылі на хутары, на заняткі даводзілася хадзіць далёка ў старую школу. У старэйшых класах наогул навучаўся ў суседняй Бастыні, жыў у інтэрнаце ці на кватэры ў каго з мясцовых жыхароў.

Марыў працягваць навучанне ў тэхнікуме, але ў такім выпадку родныя пазбавіліся б асноўнай падтрымкі мужчынскіх рук. Таму застаўся дома, пайшоў працаваць у калгас. Неўзабаве прызвалі на тэрміновую службу, якую праходзіў мараком-падводнікам. У плаванне адпраўляліся на месяц, за гэты тэрмін паспяваў засумаваць па дому, бо нельга было атрымліваць ніякіх вестак. Дарэчы, з-за сакрэтнасці ён сам ніколі не ведаў, па якіх марах-акіянах праходзіць іх шлях.

За стараннасць камандаванне ўзнагаро-дзіла водпускам, які меў тады лёсавызначальнае значэнне. За некалькі дзён пабыўкі ў родных мясцінах паспеў пасябраваць з аднавяскоўкай Верай. Адносіны паміж юнаком і дзяўчынай працягваліся гарачай перапіскай. Якраз тады выйшаў указ пра змяншэнне  тэрміну службы – замест чатырох год Пётр дэмабілізаваўся праз тры.

Жаданню працаваць у гандлёвым флоце, разразаць марскія далі на магутных параходах і пабываць у розных кутках свету перашкодзіла строгая савецкая палітыка. Толькі праз 8 год былому падводніку маглі адкрыць візу і дазволіць выезд за межы краіны. Давялося вярнуцца ў родную вёску да знаёмай працы на зямлі. Прызначылі брыгадзірам, накіравалі ў тэхнікум, пазней закончыў Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут.

На пасаду галоўнага агранома роднай гаспадаркі заступіў у 1973-ім. Не пакідае абавязкі і дагэтуль, хаця дзясяты год атрымлівае пенсію па ўзросту. За ўвесь працяглы тэрмін быў толькі невялікі перапынак нават не ў змене дзейнасці, а ў адрасе – спрабаваў сябе на такой жа пасадзе ў Камянецкім раёне. Але праз два гады, узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, вырашыў вярнуцца назад.

Шлюб з Верай, якая дачакалася свайго марака з арміі, аформілі 46 год таму. Нарадзіліся дзве дзяўчынкі. Яны не звязалі свой лёс з працай на зямлі. Але выбралі аднолькавую прафесію і адзінае месца работы – Ірына Хлуд і Таццяна Каховіч настаўнічаюць у Вялуцкай СШ. Пётр Адамавіч марыў, што хоць у трэцім пакаленні пабольшае ў сям’і Каховічаў мужчынскага роду. Толькі, як ён жартуе, і тут не спраўдзілася – звонкім смехам парадавалі дзядулю чатыры ўнучкі і… ніводнага ўнука.

Нельга сказаць, што яго засмучае такі расклад – дзяўчаты ўсе здольныя, адказныя і любімыя, адносяцца да старэйшых з павагай. На 23 лютага ён прымае жаданыя падарункі, а праз два тыдні, пры надыходзе жаночага свята, глыбока задумваецца, чым парадаваць столькіх прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. Нагрузка на мужа, бацьку і дзядулю тут о-го-го якая.

Вераніка, Анжаліка, Ілона закончылі школу, атрымліваюць вышэйшую адукацыю па розных спецыяльнасцях у сталіцы. Мілана вучыцца ў 5-ым класе. Паўналецце старэйшых унучак дорыць спадзяванне, што хутка яны ўладкуюць асабістае жыццё і падораць-такі праўнукаў-хлопчыкаў.

Вера Архіпаўна зараз на пенсіі, працавала памочнікам выхавацеля ў            дзіцячым садзе. Не даводзілася вадзіць у садок дачушак, затое разам з унучкамі бабуля знаходзілася ўсё іх маленства. Пра дзядулю малыя ведалі, што ён ад раніцы да позняга вечара – на рабоце. Таму знайсці адпачынак ад калгасных спраў, асабліва летам, здаралася вельмі рэдка.

Тут трэба пасеяць, там арганізаваць праполку, своечасова нарыхтаваць кармы. На сілас адну плошчу адвесці, на сена другую пакінуць. Дома на некалькіх сотках даво-дзіцца шчыраваць усё лета, а як справіцца з многімі гектарамі, давесці ўсё да ладу? У Пятра Адамавіча гэта атрымлівалася, дзякуючы стараннасці рабочых. Дружна возьмуцца, і справа неўпрыкмет будзе зроблена.

Балюча было аграному назіраць, як неабдумана ў савецкі час карысталіся асушанымі тарфянікамі, бралі максімум выгады без аглядкі на будучыню. Загады ішлі зверху, даводзілася падпарадкоўвацца. А потым шкадавалі, што небывалыя ўраджаі засталіся ў мінулым, зямелька стамілася і больш не радавала ўрадлівасцю. Цяпер да ўзнаўлення адносяцца асцярожней, але складана паправіць зробленае.

Як у вопытнага земляроба, спытала ў Пятра Адамавіча, ці можа ён даць нейкія прагнозы наконт будучага ўраджаю. У адказ пачула, што дакладна гэтага не ведае ніхто. Сельская гаспадарка – самая непрадказальная сфера, тут многае залежыць ад фактараў надвор’я. Але ўсё падуладнае тэхніцы і людзям яны зробяць якасна і своечасова. Адзінае, што бачна цяпер няўзброеным вокам – веснавой вільгаці хопіць, каб зерневыя ўзняліся дружнай сцяной, а травы парадавалі багатым першым укосам.

Адданасць зямлі не дае пенсіянеру па-сапраўднаму выйсці на заслужаны адпачынак. Не спяшацца кожную раніцу яшчэ прыцемкам на “нарад”, не падстаўляць твар промням гарачага сонца ці парывам ветру з крупінкамі пылу. Яму будзе сумна без красавання жыта, гудзення трактара ці лязгату камбайна. Сапраўдны гаспадар і працаўнік, ён, пакуль хопіць здароўя, будзе аддаваць сябе роднаму краю, наталяцца яго жыццёвай сілай.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть