Не зважаючы на цяжкасці працягваюцца сельгасработы ў «Дзятлавіцкім»
Агропром

Не зважаючы на цяжкасці працягваюцца сельгасработы ў «Дзятлавіцкім»

Восень усё больш яскрава заяўляе пра сябе ападаннем лістоты і паніжэннем тэмпературы, часцей палохае нуднымі дажджамі. Але нягледзячы на няўтульнасць надвор’я, сельскім працаўнікам няма калі задумвацца пра адпачынак у цёплых пакоях. У самым разгары важныя земляробчыя працэсы – ідуць нарыхтоўка сіласу, падрыхтоўка глебы і сяўба азімых.

У дзяржпрадпрыемстве «Дзятлавіцкі» складанасцей хапае, тым не менш кожны працаўнік імкнецца ўнесці свой па-сільны ўклад у агульную скарбонку сціплых дасягненняў. Асабліва ганарацца калегі вынікам у спаборніцтве на ўборцы зерневых камбайнера Сяргея Касача, які ў экіпажы з Дзмітрыем Баўкуновічам заняў другое месца ў раёне сярод маладзёжных экіпажаў.

Юнак з маленства знаёмы з сялянскімі клопатамі, бо ў гэтым жа калектыве пастаянна працуюць бацькі: мама – загадчык на малочнатаварнай ферме, тата – вартаўнік. Сяргей закончыў каледж у Лунінцы, атрымаў спецыяльнасць механізатара і тэхніка-механіка. Да службы ў арміі паспеў папрацаваць на трактары. Спадабалася. Калі дэмабілізаваўся, то сумненняў наконт выбару прафесіі не было – вярнуўся да ранейшых абавязкаў.

Калі падчас жніва прапанавалі паспрабаваць сілы ў новай якасці, спачатку баяўся, што не справіцца. Але работа на камбайне прынесла цэлы шквал станоўчых эмоцый. У наступным годзе будзе імкнуцца перасягнуць свой вынік і ўзняцца на прыступку вышэй.

З маладым калегам дзеліцца вопытам і хітрасцямі няпростай земляробскай справы механізатар з 28-гадовым стажам Аляксандр Емельяновіч. Ён прайшоў усе этапы вырошч-вання хлеба, пачынаючы ад зярнятка, восенню кінутага ў глебу, падрыхтаваную яго ж тэхнікай. Затым даводзі-лася даглядаць кволыя парасткі, апрацоўваць. А калі збожжа ўзнялося, зашумела, і схілілася да зямлі поўным коласам, перасеў за штурвал камбайна дзеля таго, каб, не зважаючы на стомленасць, своечасова ўбраць кожны ўчастак з найменшымі стратамі.

Старацца Аляксандру Іванавічу ёсць дзеля каго – працоўным перамогам радуюцца дачка Іна, сын Віталь і жонка Таццяна Парфёнаўна. Першае месца на ўборачнай у сваім калектыве – жаданы вынік для вопытнага земляроба.

Дзякуючы збегу абставін, аказаўся ў ліку працаўнікоў “Дзятлавіцкага” вадзіцель МАЗа Аляксандр Бабіч. Па прыкладу многіх аднавяскоўцаў ён некаторы час шукаў добрага прыбытку на бязмежных прасторах Расіі. Ды не аднойчы даводзі-лася расчароўвацца ў выніках тых доўгатэрміновых паездак. У адзін год папрасілі часова папрацаваць на ўборцы з-за недахопу кадраў. Прыйшоў, паспрабаваў і… застаўся на пастаянна. Больш як 8 год не мяняе работу, палову з іх шчыруе на новым аўтамабілі, які смела даверыла кіраўніцтва.

Дзве дачушкі-школьніцы пакуль не вызначыліся з будучай прафесіяй, а жонка Алена Уладзіміраўна таксама ў ліку работнікаў гаспадаркі. Раздатчыца гарачых абедаў, яна імкнецца своечасова і якасна накарміць немалую “працоўную гвардыю”, каб на паказчыкі гэта ўплывала толькі станоўча.

Галоўны аграном Яўген Грыневіч прыйшоў у “Дзятлавіцкі” адразу пасля заканчэння ВНУ ў Гродна. Тут былі яго першыя расчараванні і першыя працоўныя перамогі. Аб асабістым гаворыць сціпла, а пра справы ў гаспадарцы паведамляе з задавальненнем. Хаця і пахваліцца асабліва няма чым, ды нават нязначная перамога дае спадзяванне, што сельгаспрадпрыемства пераадолее крызіс і паступова ўзнімецца на годную вышыню.

– Галоўнае, каб тэхніка не падводзіла, на дорагакаштуючыя запчасткі не даводзілася раскашэльвацца. А людзі ў нас старанныя, з імі любое заданне будзе па сілах, – канстатуе малады спецыяліст. – Дзе не  спраўляемся самастойна, адчуваем добрую падтрымку “Райаграсервіса”. І сёлета іх тэхніка задзейнічана на ўборцы кукурузы.

Па апошніх дадзеных, у “Дзятлавіцкім” падрыхтавалі 377 гектараў глебы пад азімыя культуры, большую частку з іх – засеялі. З плошчаў, занятых кукурузай, убралі амаль палову. Шчыруюць земляробы і на іншых участках, імкнучыся да замаразкаў справіцца з асноўнымі заданнямі. Ці ўсё атрымаецца – пакажа час.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть