Агропром

Недабор траў кампенсуе кукуруза

вулькГаспадаркі раёна прыступілі да нарыхтоўкі кукурузнага сіласу.

Аднымі з першых вывелі на палеткі камбайны працаўнікі СВК “Вулькаўскі світанак”. Работы пачалі з 22-гектарнага поля непадалёк ад Бродніцы. Гледзячы, як пад жаткамі кормаўборачнай тэхнікі адна за другой знікаюць высокія сцябліны, спецыяліст па корманарыхтоўках Мікалай Трухановіч пачаў расказваць “гісторыю” яе вырошчвання:

– Такіх незвычайных кліматычных умоў, як сёлета, за ўсю сваю працоўную дзейнасць не памятаю. Сяўба кукурузы вялася марудна. Працаўнікі і тэхніка часта прастойвалі ў чаканні гатоўнасці глебы, якая амаль паўсюль была ці затоплена, ці пераўвільготнена. Таму і атрымалася, што ўсе 1111 гектараў культуры пасеяны ў розныя тэрміны. На высокі ўраджай з самага пачатку не вельмі спадзяваліся. Аднак, дастатковая колькасць вільгаці і высокія тэмпературы паветра аказаліся вельмі спрыяльнымі. Познія пасевы хутка ўзышлі і ў многіх месцах нават перагналі ў росце раннія. Такое ў нашай мясцовасці назіраецца ўпершыню. Гэта дае надзеі ў сярэднім з кожнага гектара сабраць па 300 цэнтнераў зялёнай масы. 200 гектараў кукурузы плануем пакінуць на зерне.

З новым вітком развіцця жывёлагадоўлі і ростам пагалоўя буйной рагатай жывёлы павялічыліся патрабаванні да корманарыхтоўчай службы. Не маючы дадатковых плошчаў для вырошчвання траў (а ў “Вулькаўскім світанку”  самая высокая ў раёне шчыльнасць жывёлы на гектар сельгасугоддзяў), асноўны ўпор робім на кукурузу. З траў першага і другога ўкосу здолелі назапасіць  10535 тон сенажу (у тым ліку 1016 – у рулонах), і 280 тон сена, што складае 10,9 цэнтнера кармавых адзінак у разліку на ўмоўную галаву.

Як сянажныя, так і сіласныя траншэі размяшчаем побач з МТФ. Пачалі  закладку ля фермы ў Бродніцы. Улічваючы невялікую адлегласць яе ад поля, на адвозцы здробненай масы працуюць 5 аўтамабіляў.

Парк кормаўборачнай тэхнікі гаспадаркі сёлета папоўнілі 2 камбайны КВК. Адзін з іх даверылі Мікалаю КАВАЛЬЧЫКУ. Вопытны механізатар, які займаецца касьбой ужо 7 год запар, упэўнена прайшоў некалькі радоў кукурузы. Кузаў аўтамабіля, якім кіраваў Мікалай ЯРАХОВІЧ, хутка напоўніўся роўна з рашоткай. І тут жа свой кузаў на змену яму падставіў вадзіцель Мікалай ВЕРАС.

Выдатна ведае сваю справу і Мікалай Сцяпанавіч ВЕРАС, які за сезон на “Ягуары” нарыхтоўвае не менш як 20 тысяч  тон зялёнай масы. Прысвяціўшы любімай справе больш як чвэрць стагоддзя, ён з душой адносіцца да тэхнікі і роднай зямлі. Навучыў гэтаму сына Антона, цяпер ужо другакурсніка Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Будучы аграном, ён ужо зараз марыць вярнуцца ў гаспадарку, каб сваёй працай умацоўваць яе прэстыж.

– Добры хлопец, гаспадарлівы, – кажа пра яго намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце Галіна Соц.Будзем вельмі рады такому папаўненню. Агранамічная служба ў нас добрая, ды толькі спецыялісты ў асноўным перадпенсійнага ўзросту. Час ім змену сабе гадаваць.

На дзень выхаду “ЛН” у СВК “Вулькаўскі світанак” было закладзена 2108 тон кукурузнага сіласу, і гэта – толькі пачатак.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть