Жатва на Полесской опытной станции в этом году началась со старинного обряда «Зажинки»
Агропром

Жатва на Полесской опытной станции в этом году началась со старинного обряда «Зажинки»

На ўскрайку рапсавага поля выстраілася ў радок тэхніка. Непадалёк – непасрэдныя ўдзельнікі важнай сельскагаспадарчай кампаніі: экіпажы камбайнаў, механізатары, вадзіцелі, спецыялісты… Самадзейныя артысты з Палескага і Лунінскага сельскіх Дамоў культуры ў прыгожых нацыянальных касцюмах заспявалі абрадавыя песні. Пад іх вядучая свята ўручыла духмяны каравай аднаму з самых вопытных камбайнераў гаспадаркі Вячаславу Гарагляду, якім ён шчодра падзяліўся з прысутнымі. Беражліва адломваючы мазолістымі рукамі кавалачкі ад бохана, працаўнікі адзначалі яго пышнасць і прыгажосць і запэўнівалі, што бохан сёлетняга ўраджаю будзе такім жа смачным. Узяўшы ў рукі сярпы, жанчыны нахіліліся над нівай і зажалі першы сноп. Звязалі яго “паяском”, паставілі ў цэнтры імправізаванай сцэны і пакрылі ручніком, а загадзя падрыхтаваныя жытнія снапочкі ўручылі гасцям свята, кіраўніку і галоўнаму аграному станцыі.

Запрошаны на свята начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама Аляксандр Савіна расказаў аб надзеях, ускладваемых на сёлетні ўраджай у раёне, пажадаў хлебаробам моцнага здароўя, вялікіх намалотаў, безадказнай работы тэхнікі і спрыяльнага жніву надвор’я. Вялікую ўдзячнасць Аляксандр Іванавіч выказаў кіраўніку, галоўным спецыялістам і навуковаму падраздзяленню станцыі за дакладную арганізацыю сёлетніх сельскагаспадарчых кампаній, а таксама “Зажынак” – такога патрэбнага мерапрыемства, якое натхняе людзей на плённую працу. Да віншаванняў далучылася старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Ермалёнак, якая асаблівую ўвагу звярнула на арганізацыю працоўнага спаборніцтва, захаванне тэхнікі бяспекі, забеспячэнне людзей спецвопраткай і гарачым харчаваннем. Прафсаюзны лідар аграрыяў уручыла калектыву  заахвочвальную прэмію, нагадаўшы, што па выніках жніва, калі будуць добра старацца, яны могуць разлічваць на больш важкае ўзнагароджанне. Кароткім і лаканічным быў наказ хлебаробам дырэктара станцыі Аляксандра Юзупанава  – дружна ўбраць і захаваць кожнае зернятка.

Свята закончылася. Камбайнеры занялі свае месцы ў кабінах, завялі маторы, пракруцілі жаткі… І вось ужо велічныя машыны, падмінаюць пад сябе моцныя сцябліны рапсу, а ў бункер тонкім струменьчыкам сыплецца першае зерне. Непадалёк застылі трактары і аўтамабілі. Хутка яны напоўняць кузавы і даставяць “чорнае золата” на зернеток…

Як расказаў галоўны аграном станцыі Рыгор Кавалец, віды на ўраджай рапсу нядрэнныя. На жаль, спякота на большасці плошчаў  не дала як след наліцца коласу збожжавых, таму пабіць мінулагодні намалот па ўраджайнасці сёлета не атрымаецца, у той жа час прагнозы на добры ўраджай застаюцца нядрэнныя.  Агранамічная служба прыкладала пэўныя намаганні, каб зменшыць негатыўны ўплыў надвор’я на рост сельгаскультур. У прыватнасці, падкармілі азотам усе азімыя. Унеслі тукі і на палях з яравымі зерневымі. Своечасова правялі як восеньскую, так і веснавую пасяўную, апрацавалі пасевы супраць пустазелля і хвароб.

Усяго хлебаробам станцыі сёлета належыць убраць зерне з ніў, размешчаных на плошчы 938 гектараў, і 151 гектар рапсу. А яшчэ трэба будзе абмалаціць насеннікі шматгадовых траў, што даспяваюць на ўчастку плошчаю 160 гектараў. Маючы пяць сучасных камбайнаў, неабходную колькасць  прэс-падборшчыкаў і дастаткова трактароў і аўтамабіляў на адвозцы зерня, з задачай тут мяркуюць справіцца ў аптымальныя тэрміны. Падрыхтавана як след зернесушыльная гаспадарка. З пачатку палявых работ працаўнікі станцыі забяспечваюцца гарачым харчаваннем і спецаддзеннем.

 

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть