Падарожжа ў “клубнічную сталіцу”
Агропром

Падарожжа ў “клубнічную сталіцу”

клубницыУ сакавіку, калі яшчэ зямля не скінула зімовую коўдру, калі яшчэ працавітае насельніцтва адпачывае, у думках распрацоўвае новыя рынкі збыту клубніц і колькасць засаджаных палеткаў, мы, работнікі краязнаўчага музея, накіраваліся ў кароткае падарожжа ў вёску Дварэц. Найперш нас цікавіла: з чаго ўсё пачыналася?

Завіталі ў невялікую хату Надзеі Каховіч. Руплівая гаспадыня (а ёй ужо 90 год) ветліва сустракае нас і, на дзіва, аказваецца цікавай суразмоўніцай. Яна распавядае, што першыя клубніцы ў Дварцы з’явіліся ў сярэдзіне 1960-ых на невялікай градцы пад вокнамі хаты, дзе жыве. Яе бацька быў шаўцом. Аднойчы адна з жыхарак вёскі Азярніца разлічылася з ім за абутак высадкамі клубніц. Першыя ягады Надзея Рыгораўна вазіла ў Лунінец на станцыю да цягнікоў. Дакладную цану яна не памятае, прыкладна 10-20 рублёў за кошык вагою каля 4 кілаграмаў. За гэтыя грошы жанчына магла купіць боты і кашулю сыну. Сорт ягады не ведалі. Знешне яна была невялікай, цёмнага колеру. З цягам часу шырыліся палеткі клубніц, высадкі раздаваліся родным і знаёмым. Зараз у агародзе бабулі 4 соткі зямлі, якія ў чэрвені падораць спелыя салодкія ягады.

Пашчасціла нам пагутарыць і з іншымі старажыламі. Кацярына Кузьміч і Любоў Коўшык расказалі, што ў 1970-ыя ў Тэклі Кіндрук, якая пераехала з Бродніцы, было ўжо каля 30 сотак зямлі, засаджанай клубніцамі. Ягаду здавалі ў бочкі на машыну, якая прыязджала ў вёску.

У гэты ж час спроба вырошчваць клубніцы была прадпрынята і мясцовым калгасам імя Жданава. На калектыўных палях ягада вырошчвалася каля трох год. Да гэтуль адзін з сартоў у Дварцы называюць “калгасніцай”.

Па звестках жанчын, нарыхтоўшчыкі з Пінска закуплялі клубніцы спачатку па цане 90 капеек за кілаграм, а пасля паступова давялі да 1 рубля 20 капеек. Гэта былі добрыя грошы, калі хлеб каштаваў 16 капеек.

З клубніц варылі варэнне, кампоты. Агароды пад ягаду ў асноўным займалі па 5-7 сотак, а ў некаторых вяскоўцаў – да 30-ці.

Вазілі клубніцы на продаж і ў іншыя гарады, у прыватнасці, Мінск. З вёскі прыязджалі ў Лунінец, садзіліся на цягнік Брэст-Мінск, з сабой везлі кашы па 25 кіла-грамаў. Гандлявалі на рынку, а ўвечары гэтым жа цягніком вярталіся дамоў.

Сёння Дварэц па праву неафіцыйна называецца “клубнічнай сталіцай”. І гэта невыпадкова. У гэтым лёгка ўпэўніцца, наведаўшы вёску ў разгар клубнічнага сезона. Прама каля дарогі, што злучае Гомель і Брэст, ствараецца сапраўдны рынак, на які з’язджаюцца гандляры з навакольных вёсак, і пакупнікі, ні многа ні мала, з усяе рэспублікі і нават замежжа. Тут і бочкі, і скрыні, і вёдры, і кошыкі. Паўсюль чырванее “золата” дварэцкай зямлі!

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть