Агропром

ПАМЫЛКІ ВЫЯВІЦЬ ЗІМА

Да пачатку зімова-стойлавага перыяду з кожным днём застаецца ўсё менш часу. Як падрыхтаваліся да яго гаспадаркі ? Аб гэтым расказвае намеснік начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Алег БАГУК:
– Перад жывёлаводамі раёна пастаўлена задача да 15 кастрычніка ўсё малочнае пагалоўе перавесці ў памяшканні на зімовыя рацыёны, асноўную частку якіх складуць травя-ністыя кармы. Іх сёлета ў разліку на ўмоўную галаву назапашана 20,9 цэнтнера кармавых адзінак. У прыватнасці, ёсць больш як 11 тысяч тон сена, 92 тысячы тон сенажу і звыш 135 тысяч тон сіласу. Да таго ж, назапашванне двух апошніх відаў кармоў працягваецца. Найбольш дбайна паклапаціліся пра жывёлу ў СВК «Новае Палессе” і «Гарадоцкі”, у філіяле «Лобчанскае” ААТ «Лунінецкі малочны завод” . На ўмоўную галаву тут закладзена больш як 25 цэнтнераў кармавых адзінак. СВК «Гарадоцкі”, «Вулькаўскі світанак”, КУП «Міжлескае”, а таксама Палеская станцыя і СП «Аграграніт”, якія маюць сучасныя МТФ, свае малочныя статкі і ў летні перыяд утрымлівалі ў памяшканнях. Паўнацэннае харчаванне, якім забяспечвалася ўвесь час жывёла, а таксама адладжаная тэхналогія  дазволілі мець стабільныя надоі пры высокай  якасці. З такіх фермаў 80 працэнтаў сыравіны на ААТ «Лунінецкі малочны завод” паступіла класам экстра, астатняя – вышэйшым гатункам. 
З года ў год малочная галіна становіцца ўсё больш рэнтабельнай. Вось чаму павелічэнне пагалоўя кароў з’яўляецца патрабаваннем часу. За 9 месяцаў фермы Лунінеччыны папоўніліся 406 каровамі.           У раёне на 1 кастрычніка іх налічвалася 15774 галавы пры агульнай колькасці пагалоўя буйной рагатай жывёлы 41406. Валавы надой малака з пачатку года склаў 44464 тоны, што на 5 працэнтаў больш, чым было на такі ж час летась. На 9 працэнтаў вырасла рэалізацыя малака. Яго прадалі 39243 тоны. 
Жывёлаводы сталі больш увагі ўдзяляць мясному пагалоўю, што таксама пацвярджаюць лічбы. Так, валавыя прывагі за 9 месяцаў склалі 3740 тон, што на 51 тону больш. Сярэднясутачныя прывагі жывёлы ў сярэднім па раёне дасягнулі 542 грамы, а ў КУП «Міжлескае”, на Палескай станцыі і СВК «Велута” яны перавысілі 600-грамовы рубеж. У той жа час застаюцца ў гэтай справе і адстаючыя, сярод якіх СВК «Дварэцкі”, «Багданаўка” і «Дзятлавіцкі”, дзе сярэднясутачныя прывагі жывёлы вагаюцца ў межах 500 грамаў. Прычына такога становішча – нізкі ўзровень тэхналагічнай і вытворчай дысцыпліны, адсутнасць своечасовага і поў-нага аналізу атрыманых вынікаў, а таксама недахоп кадраў. 
На парозе – чарговая зімоўка, падчас якой усё грамадскае пагалоўе Лунінеччыны будзе знаходзіцца на 60 МТФ. У выніку ўзаемаправерак, што праводзіліся на фермах у верасні, было выяўлена, што гаспадаркі, якія прыступілі да рэканструкцыі і рамонту жывёлагадоўчых памяшканняў адразу пасля выгану статкаў на пашу, падрыхтаваліся да стойлавага перыяду старанна. Сярод лепшых – СВК «Новае Палессе”, «Гарадоцкі”, «Лунінскі”, «Вулькаўскі світанак”, Палеская станцыя. У той жа час прамаруджванне не дазволіла своечасова выканаць неабходны  аб’ём работ працаўнікам СВК «Дзятлавіцкі” і «Багданаўка”. Не ўсе праблемы на той момант былі вырашаны на некаторых фермах СВК  «Хваецкае”, філіяла «Лобчанскае” ААТ «Лунінецкі малочны завод”,  СВК «Чучавічы”, ПУСП «Рэдзігерава-Агра”. Сярод заўваг найбольш частыя – нездавальняючы санітарны стан тэрыторыі, адсутнасць дэзбар’ераў і шлагбаўмаў, а таксама дэзінфекцыі і пабелкі памяшканняў. Не ўсюды вырашаны пытанні са стварэннем належных умоў для жывёлаводаў у бытавых памяшканнях. 
Угаспадарках не павінны забываць пра арганізацыю сістэматычных прагулак для жывёлы. З гэтай мэтай неабходна яшчэ раз упэўніцца ў надзейнай падрыхтоўцы выгульных дворыкаў і агароджаў.  Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць эканомнаму выкарыстанню канцэнтратаў. Прымяняць іх рэкамендуецца толькі ў выглядзе сумесяў з сакавітымі кармамі. Не страціць малако ў пераходны перыяд дапаможа і  наладжанае з першага дня дыферэнцыраванае кармленне ў залежнасці ад прадуктыўнасці той ці іншай жывёліны. Пад асаблівай увагай павінны знаходзіцца і нованароджаныя цяляты, кармленне і догляд за якімі неабходна даверыць цялятніцам, а не аператару машыннага даення. Для павелічэння якасці малака і недапушчэння трапляння ў яго антыбіётыкаў на кожнай ферме выдзяліць спецыяльныя секцыі   (своеасаблівы ізалятар) для хворых кароў. Догляд за імі даверыць асобнаму чалавеку. Да 15 кастрычніка неабходна завяршыць восеньскую дыспансерызацыю жывёлы. І што вельмі важна – на працягу ўсёй зімоўкі за два тыдні да адкрыцця чарговай траншэі з кармамі праводзіць  дастаўку проб для даследавання на поўны заатэхнічны аналіз.
Запісала Галіна КУЧЭЙКА. 
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть