Песні і падарункі – сярод хлебнай нівы
Агропром

Песні і падарункі – сярод хлебнай нівы

белаярусьАд жытнёвага поля сыходзіць асаблівы пах. У ім перапляліся подыхі свежага ветру і яснага сонейка, якімі прырода шчодра падзялілася сёлета. Яшчэ асаблівы водар дораць валошкі, што цікаўна паглядаюць блакітнымі вачанятамі на мяжы. І каласы… Яны незвычайныя, напоеныя руплівасцю чалавечых рук і бязмежнай любоўю да Зямлі. Жнівень ужо падводзіць вынікі ўборачнай кампаніі…
На мінулым тыдні свае ўзнагароды за дасягненні ва ўборцы 2014 года атрымалі камбайнеры з Палескай станцыі. Іх павіншаваць прыехалі прама на поле, каб узняць настрой і баявы дух змагароў за хлеб. З падзякай звярнуліся да земляробаў дырэктар прадпрыемства Юрый Корчык і яго намеснік па навуковай рабоце Мікалай Аўраменка. Старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Людміла Казадаева ўручыла падзячныя пісьмы і каштоўныя падарункі экіпажу камбайна ў складзе Генадзя Алейніка і Сяргея Сцяпанава, вынікі якіх на жніве сталі лепшымі.

У старанных працаўнікоў ёсць цікавыя моманты ў біяграфіі. Яны абодва прыехалі на Палессе, каб тут прыкласці свае сілы і ўменне. 38 год таму Генадзь Алейнік жыў у Харкаўскай вобласці Украіны. Працоўныя дасягненні сведчаць, што выбар месца жыхарства зроблены правільна. Тут жа знайшла прымяненне рабочым рукам і жонка. Падраслі дзве дачушкі, адна – старша-класніца, старэйшая атрымлівае спецыяльнасць эколага ў ВНУ. Рэдкі вольны час, якога ў руплівага працаўніка амаль не бывае, ён імкнецца прысвяціць рыбалцы. І не толькі таму, што любіць парадаваць родных свежай юшкай. Больш сіл і натхнення на працоўныя подзвігі даюць непаўторныя краявіды Прыпяці, за якімі не стамляецца назіраць.
Сяргей Сцяпанаў пяць год таму прыехаў з Крыма, дзе прайшло яго дзяцінства. Разам з жонкай і яе бацькамі памянялі курортную экзотыку на палескую цішыню. Сустрэлі тут прыязна, далі работу. А яшчэ новыя мясціны прынеслі шчаслівыя моманты ў асабістае жыццё – чатыры гады споўнілася сыну Ванечцы. Магчыма некалі і ён узнімецца на магутны камбайн каб, кіруючы па жытнёваму мору, прыйсці да перамог. А пакуль татавы ўзнагароды стануць хлапчуку марай пра нязведанае.
Перапынак быў кароткім, бо шкада было страчваць кожную хвілінку добрага дня. Некалькі мастацкіх нумароў падарылі работнікі мясцовай музычнай школы. Былі тут і полька, і шчым-лівыя словы пра хлеб.
І зноў загрукатала магутная тэхніка, засведчыўшы галоўнае – калі вырошчваецца збожжа, значыць працягваецца жыццё.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть