Агропром

Пра справы племянныя і не толькі

Вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі ў многім залежыць ад работы па аднаўленню статка. Як яна наладжана ў сельгаспрадпрыемствах Лунінеччыны, расказвае дырэктар племстанцыі Вольга Збанчук:

– Аднаўленне буйной рагатай жывёлы ў асобных гаспадарках выклікае трывогу. Летась у раёне не далі прыплоду 20 працэнтаў кароў, яшчэ 6 працэнтаў – ацяліліся мёртвым целем. Здавалася б, праблема невырашальная, і змагацца з бясплоддзем – рэч неапраўданая. Між тым, шматгадовая практыка і навуковыя даследаванні паказваюць, што яго можна звесці да мінімуму. Непасрэдна аднаўленнем статка ў раёне  займаюцца 43 тэхнікі па штучнаму асемяненню буйной рагатай жывёлы, з іх 2 – з вышэйшай адукацыяй, 9 – з сярэдняй спецыяльнай, астатнія – з сярэдняй. Асноўнай праблемай па-ранейшаму з’яўляецца недахоп у гаспадарках зоа-ветэрынарных спецыялістаў.

Пры наведванні некаторых фермаў бачым, што рамонтны маладняк вырошчваецца ў дрэнных умовах. Напрыклад, цялушкі ўзростам ад 0 да 6 месяцаў у дзяржаўных прадпрыемствах “Азярніца” і “Дзятлавіцкі”  маюць сярэднясутачныя прывагі адпаведна 487 і 598 грамаў. А гэта значыць – адстаюць у росце і развіцці, што не дазволіць ім своечасова дасягнуць тэхналагічнай вагі да моманту пакрыцця. Працэдуру давядзецца адкласці на больш позні тэрмін. Разам з тым, спецыялісты ведаюць, каб атрымалася ў будучым добрая карова, цялушка павінна прыбаўляць у вазе ў суткі не менш як 750-800 грамаў. На гэта і нацэльваем зоаветэрынарныя службы сельгаспрадпрыемстваў.

Трэба больш увагі ўдзяляць селекцыйна-племянной рабоце. Для ацэнкі быкоў па якасці патомства важнае значэнне мае даследаванне проб малака ў абласной лабараторыі. На жаль, добрасумленна гэта робяць толькі ў філіяле “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод”, на Палескай станцыі,  ААТ “Лунінскі”, “Вулькаўскі світанак” і КУП “Міжлескае”. У астатніх база буйной рагатай жывёлы вядзецца спецыялістамі племстанцыі, што не дае своечасовага аналізу ў цэлым па статку і замаруджвае селекцыйна-племянную работу.

Варта як след наладзіць улік, які пачынаецца з правільна ўстаноўленай вушной біркі і ўнясення дакладных дадзеных на кожную жывёліну ў пярвічныя дакументы. Неабходна пільна сачыць за наяўнасцю гэтых бірак і своечасова іх аднаўляць, калі яны страцяцца. Гэта яшчэ важна і таму, што з 23 студзеня 2018 года ўступае ў сілу Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі і прасочванні сельскагаспадарчых жывёлін і прадуктаў жывёльнага паходжання” ад 15.07.2015 года. А таксама згодна з патрабаваннямі аблвыканкама ўся буйная рагатая жывёла сельгасарганізацый павінна быць ідэнтыфікавана і занесена ў адзіную сістэму. Даецца і канкрэтны тэрмін –  да 1 кастрычніка 2017 года.

Каб своечасова выканаць пастаўленую задачу, у кожнай сельгасарганізацыі для заатэхнікаў-селекцыянераў устаноўлена інфармацыйная сістэма “Племсправа” (База КРС). Праграма аб’ядноўвае ўсю інфармацыю пярвічнага зоатэхнічнага ўліку. Дазваляе праводзіць  адбор лепшых жывёлін і падбіраць да іх быкоў-вытворцаў, планаваць работы з бясплоднымі жывёлінамі і аб’ектыўна праводзіць іх выбракоўку.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть