Агропром

Працаваць трэба на вынік

На базе дзяржаўнага прадпрыемства “Хваецкае” прайшоў раённы семінар па падвядзенню вынікаў работы жывёлагадоўчай галіны за 11 месяцаў.

Кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, галоўных спецыялістаў зоаветэрынарных службаў і загадчыкаў фермаў, прыбыўшых з гаспадарак раёна,  гасцінна сустракалі ў Вулькаўскім 1 Цэнтры культуры народнай творчасці. 

Арыгінальна аформленыя да навагодніх святаў фае і сцэна ў актавай зале ўражвалі сваёй прыгажосцю і густам. Аднак гэта не адцягвала ўвагу прысутных і не паўплывала на рабочы рытм мерапрыемства, якое пачалося з пазнавальнай лекцыі “Шляхі павышэння пажыўнасці кармоў”, што прачытаў кандыдат ветэрынарных навук Іван Архіпаў. Тэорыя зацікавіла спецыялістаў, а кіраўнік “Хваецкага” Васіль Лазіцкі запрасіў вучонага даказаць тое, аб чым гаварыў, на практыцы ва ўзначальваемай ім гаспадарцы…

Затым удзельнікаў семінара запрасілі на адну з жывёлагадоўчых фермаў, дзе намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Алег Багук расказаў, а работнікі МТФ на практыцы прадэманстравалі працэс выпойвання і тэхналогію ўтрымання нованароджаных цялят. Значная ўвага была ўдзелена прымяненню спецыяльнага прыстасавання, з дапамогай якога ў першыя га-дзіны пасля паяўлення на свет страўнік цяляці напаўняецца неабходнай для яго развіцця нормай малодзіва.

Падчас падвядзення вынікаў работы жывёлагадоўчай галіны за 11 месяцаў Алег Багук адзначыў, што ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года валавая вытворчасць малака ў цэлым па раёне павялічылася на 15,7 працэнта. Устойлівая тэндэнцыя назіраецца ў дзяржаўных прадпрыемствах “Азярніца” і “Хваецкае”, СВК “Дварэцкі” і філіяле “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод”. У той жа час ніжэйшыя за раённыя тэмпы росту ў “Новым Палессі” (105 працэнтаў), «Велуце» і «Міжлескім» (106,4) на Палескай доследнай станцыі (108,8) і ў «Лунінскім» (109,8). Між тым, ростам вытворчасці малака большасці сельгаспрадпрыемстваў няварта ганарыцца, бо забяспечаны ён, у асноўным, за кошт рэзкага спаду ў папярэднім годзе, калі з-за неспрыяльных умоў надвор’я не змаглі нарыхтаваць дастаткова травя-ністых кармоў. Па выніках мінулага года ў сярэднім ад каровы надаілі 3794 кілаграмы малака, сёлета чакаецца мець 4360, а ў філіяле “Лобчанскае” і СВК “Вулькаўскі світанак” – больш як 5500 кілаграмаў. У той жа час сярэднераённы паказчык застанецца недасягальным для дзяржпрадпрыемстваў “Новае Палессе” і “Дзятлавіцкі”, якія не здолеюць атрымаць ад каровы і 3500 кілаграмаў. Не сакрэт, што павышэнне вытворчасці малака – гэта першаступенная задача, аднак не менш важная – яго якасць. Яна характарызуецца паказчыкам “таварнасць” і за аналізуемы перыяд складае 91,2 працэнта. Самая нізкая – у “Новым Палессі” (87,1). Павялічваецца ўдзельная вага малака, прадаваемага класам “экстра». За студзень-лістапад такога рэалізавана гаспадаркамі раёна крыху больш як 54 працэнты. У той жа час з “Чучавіч”, “Азярніцы” і “Велуты” яго паступіла вельмі мала. Асноўная прычына крыецца ў адсутнасці сістэмнай работы па прафілактыцы і лячэнню захворванняў кароў і ў незахаванні элементарных правілаў санітарыі і гігіены. Далей Алег Аляксандравіч звярнуў увагу на іншыя тэхналагічныя недапрацоўкі, якія дапускаюцца ў некаторых сельгаспрадпрыемствах і не дазваляюць дасягаць станоўчых вынікаў. Гэта несвоечасовы перавод і няправільнае ўтрыманне сухастойных кароў, парушэнне іх кармлення. Асаблівая ўвага была ўдзелена догляду і выпойванню цялят. Былі адзначаны выпадкі незахавання правілаў санітарыі ў клетках, пры выкарыстанні абсталявання для выпойвання цялят і нават адсутнасць магчымасці ў апошніх “дацягнуцца” да вады. Калі ж у канцэнтратах, якімі корміцца маладняк, адсутнічаюць неабходныя дабаўкі, то жывёліны губляюць у вазе. Вось чаму ў раёне сярэднясутачныя прывагі на дарошчванні складаюць 562 грамы, тады як у сярэднім па Брэстчыне – больш як 600 грамаў, а ў асобных раёнах нават 700. Між тым на Лунінеччыне ёсць гаспадаркі, дзе ў суткі прывагі не дацягваюць нават да 500 грамаў. Для аднаўлення дойнага статка ў сярэднім па раёне ў наяўнасці 103 цялушкі ў разліку на 100 кароў, што для своечасовай замены непрадуктыўных жывёлін недастаткова, прычым менш як 100 цялят маюць “Азярніца”, “Велута”, “Чучавічы” і “Дзятлавіцкі”.

Будучае галіны ў многім залежыць ад своечасовага асемянення жывёлін. Усяго на 1 снежня ў гаспадарках гэтай працэдуры падвергліся 14250 кароў або 99 працэнтаў да задання. У той жа час у “Дзятлавіцкім” – 88 працэнтаў, у “Велуце” – 89, “Дварэцкім” і “Вулькаўскім світанку” – 94, у філіяле “Лобчанскае” і “Новым Палессі” – 95.

Хвалюючая праблема – выбыццё цялушак усіх узростаў. Пры абласной норме 10 працэнтаў на Лунінеччыне яна склала амаль 13, а ў “Новым Палессі”, “Вулькаўскім світанку”, “Азярніцы” і “Гарадоцкім” адпаведна больш як 25 працэнтаў, 20, 18 і 14.

Недабор вагі цялушкамі, ад якіх залежыць аднаўленне статка, робіць больш працяглым тэрмін іх вырошчвання. Яны старэюць, дрэнна асемяняюцца, а ў далейшым губляецца іх прадуктыўнасць. Па гэтых і іншых прычынах штогод для замены нізкапрадуктыўнай і хворай жывёлы неабходна асемяняць 45-48 працэнтаў цялушак да наяўнасці кароў. Гадавое заданне ўжо выканалі СВК “Вулькаўскі світанак”, дзяржпрадпрыемства “Новае Палессе”, філіял “Лобчан-скае” ААТ “Лунінецкі малочны завод” і Палеская станцыя. У той жа час не спяшаюцца ў гэтым плане СВК “Велута”, і дзяржпрадпрыемства “Чучавічы”, дзе асемянілі толькі 29 працэнтаў цялушак да наяўнасці кароў. Алег Багук таксама акрэсліў кола пытанняў, над вырашэннем якіх прадстаіць у бліжэйшы час працаваць жывёлаводам.

Вынікі работы семінара падвёў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко. Па яго словах ва ўсім трэба зыходзіць з эканамічнай выгады, а мы губляем там, дзе можна было б выйграваць. Узяць, хаця б, розніцу цэн у якасці малака. Аляксандр Мікалаевіч указаў на дапушчаныя недахопы, запатрабаваў іх безумоўнага выпраўлення і выканання яго даручэнняў, устанавіўшы некаторым кіраўнікам канкрэтныя тэрміны.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть