Агропром

Пуціна абяцае быць удалай

З пачатку верасня доследны рыбгас “Лахва” пачаў прамысловую лоўлю.

Згодна з планам, сёлета неабходна атрымаць 280 тон таварнай рыбы, вырасціць якую меркавалі, скарміўшы 480 тон камбікорму.
Як расказаў дырэктар, Мікалай Яраховіч, нягледзячы на дапамогу галаўной арганізацыі “Пінскводбуд” набыць неабходную колькасць корму не змаглі. Тым не менш, недакорм не вельмі паўплываў на вынік. Магчыма, у гэтым дапамагло спякотнае лета, калі расход ежы скараціўся. Выручала і зерне, якога купілі 120 тон. Спякота, што стаяла на працягу чэрвеня-ліпеня, адначасова дабавіла клопату. Больш як на 1 метр упаў узровень вады, таму давялося на працягу тыдня напампоўваць яе ў сажалкі. Свае перасовачныя помпы для гэтага прадаставілі працаўнікі ПМК-59. Агульнымі намаганнямі ўдалося пазбегнуць страт.
Скарацілася сёлета і плошча рыбгасных сажалак. У сувязі з распрацоўкай Сітніцкага кар’ера, вывелі з абароту Ваган. А гэта 63 гектары воднай гладзі, дзе можна было выгадаваць дадаткова 80-100 тон рыбы.
Аблоў сажалак у Мор-шчынавічах паказаў, што ў цэлым “ураджай” нядрэнны. Большасць рыбы – сярэдняй, буйной і адборнай вагі. Гэта дае надзею, што гадавое заданне выканаем. Удзельная вага дробных асобін складае 10-15 працэнтаў. Яны неабходны для зарыблення сажалак на наступны год. Да таго ж попыт на такую рыбу ў краіне даволі высокі. Як і раней, карп “лахвенскі” з задавальненнем бяруць рыбаводы Нарачанскага нацыянальнага парку, ды і многія лясгасы, якія арандуюць азёры. Цяпер галоўнае – перамагчы ў тэндэрах, што падчас даволі жорсткай канкурэнцыі, няпроста. Выйгрышны паказчык тут – найменшая цана. Дарэчы, кошт рыбы хвалюе і звычайных пакупнікоў. Маўляў, чаму яна такая дарагая – 30-35 тысяч за кілаграм. Людзям складана тлумачыць, што 60-70 працэнтаў кошту – гэта цана корму, а яшчэ трэба ўлічыць расходы на паліва, электраэнергію, аплату працы… На сённяшні дзень у рыбгасе працуюць 55 чалавек. Гэта ў асноўным прафесіяналы сваёй справы. Сярэдні заробак з пачатку года склаў 3,5 мільёна рублёў. Дзякуючы ўваходу ў склад “Пінсквадбуда”, займелі не толькі фінансавую падтрымку, але і дапамогу ў рэалізацыі прадукцыі. А гэта, пры наяўнасці вялікай колькасці канкурэнтаў у краіне, з кожным годам становіцца ўсё складаней. Як і раней, сваю рыбу прадаем на рынках Лунінеччыны, Століншчыны, Піншчыны, Салігорска і Мінска. На апошнім, праўда, колькасць нашых кропак скарацілася. З праводзімым тут добраўпарадкаваннем рынкаў і іншых гандлёвых месцаў для продажу з машын застаецца ўсё менш пляцовак. Галоўным канкурэнтам на сённяшні дзень для нас па-ранейшаму з’яўляецца рыбгас “Чырвоная Зорка” з Гомельшчыны, які мае вялікую квоту на лоўлю азёрна-рачной рыбы, у прыватнасці, карася. Гэта вялікіх затрат не патрабуе, таму і кошт таннейшы.
Акрамя названых, у
сажалках гадуец-
ца шчупак, белы амур і таўсталобік, якіх мяркуем атрымаць адпаведна 5, 20 і 60 тон. Кожная з гэтых рыб па-свойму карысная і смачная. Калі на Луні-неччыне попытам карыстаецца тлусты карп, то мінчане аддаюць перавагу дыетычнаму амуру і траваеднаму таўсталобіку. Апошні, дарэчы, таннейшы за карпа, а выхад мяса яго значна большы. Да таго ж вельмі смачная атрымліваецца юшка. У Лахве з філе таўсталобіка любяць рабіць селядцы. Рэжуць кавалачкамі і запраўляюць марынадам: на 1 літр кіпячонай вады 1,5 сталовыя лыжкі солі, чайная лыжка цукру і 1 сталовая лыжка воцату. Прыправы дабаўляюць па смаку. Перакіпяціўшы і астудзіўшы марынад заліваюць ім на суткі-двое філе. Перад ужываннем у ежу, запраўляюць цыбуляй і алеем. А яшчэ навучыліся рабіць барбекю: філе марынуюць гэтак жа, як мяса на шашлык, і гатуюць на рашотцы. Паспрабуйце!
Як і летась, асноўны ўлоў мяркуем рэалізаваць да Новага года. На зімоўку пакінем 20-30 тон. Сажалкі для зімовага ўтрымання падрыхтаваны ўжо.
У 2015-ым павінны ўвесці ў строй Мікашэвіцкі перапрацоўчы цэх. Для яго бесперабойнай работы плануем разнастайнай рыбы выгадаваць на 100 тон больш. Будзем старацца павялічваць колькасць элітнай рыбы, што дазволіць значна разнастаіць прадукцыю. Акрамя капчонай і вяленай пакупнікі змогуць набыць філе і фарш. Дарэчы, пры цэху будзе працаваць спецыялізаваны магазін. У цэлым аб’ект павінен атрымацца прыгожым, што станоўча адлюструецца на выглядзе Мікашэвіч.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть