Агропром

Раллю экзаменуе авёс

сеемВельмі ранняй выдалася сёлета вясна. Нягледзячы на даволі цёплыя дні пачатку сакавіка і аптымальную тэмпературу глебы на глыбіні залягання зерня, аграрыі раёна з апаскай распачынаюць пасяўную. Маўляў, а раптам кволыя ўсходы, якія паявяцца праз тыдзень-другі, пашкодзяць замаразкі? У той жа час і запозненая сяўба не вельмі добра адаб’ецца на ўраджаі. Няшмат вільгаці назапасіла за зіму зямля, не песціць дажджом і зараз. Глеба падсыхае вельмі хутка.
Дылема стаяла і перад старшынёй СВК “Дварэцкі” Анатолем Кіндруком у мінулую ня-дзелю, перад тым, як выпусціць у поле першы пасяўны агрэгат.
– У нашай гаспадарцы, бадай што, самыя вялікія плошчы ў раёне, адведзеныя пад яравую сяўбу – 2503 гектара. З іх 1130 гектараў – раннія каласавыя. Таму разважаць асабліва не даво-дзіцца. Тут – не рызыкуеш, не маеш ураджаю. Ні адна вясна не бывае падобнай на папярэднюю. Успомніце мінулую: позняя, хуткая і вельмі ж вільготная. Якая будзе сёлета – аднаму Богу вядома. Мы ж павінны пастарацца пры любым раскладзе ўправіцца своечасова. Да гэтага абавязвае і дзяржаўная падтрымка: ужо атрымалі льготны крэдыт на набыццё паліва, патрэбную колькасць мінеральных угнаенняў для падкормкі і гербіцыдаў для хімпраполкі азімых рапсу і збожжавых, пратручвальнікі насення… Распачынаць работы рэкамендавалі і на абласным семінары, які прайшоў напярэдадні ў раёне. Канешне, стаўка робіцца на энерганасычаную тэхніку. Пакуль з такіх трактароў на палях гаспадаркі задзейнічаны два МТЗ-3022 на ворыве і сяўбе. Яшэ два – знаходзяцца ў стадыі завяршэння рамонту. Праз дзень-другі яны таксама выйдуць на лінію, і ў разгар сяўбы, які пачнецца на наступным тыдні, будуць задзейнічаны ўсе. Пакуль жа сеем авёс. Ён самы холадаўстойлівы.

Выехаўшы на поле, упэўніліся, што работы тут ідуць як след. Старанна пасля кукурузы пераворваў глебу Андрэй Калянковіч. Нягледзячы на маладосць, ён ужо ацаніў перавагу работы на зямлі:
– Сам гараджанін. Пасля набыцця спецыяльнасці “механік” у сельгаскаледжы ў 2012-ым па размеркаванню працаваў у “Дварэцкім”. Затым перайшоў у ЖКГ. А сёлета вярнуўся у сельскую гаспадарку. Тут мне даверылі энерганасычаны трактар, вызначылі аб’ём работы. Стараюся не падводзіць калектыў. За дзень у сярэднім па 25 гектараў глебы пераворваю. Бываюць дні і не вельмі ўдалыя. Калі поле кароткае, даводзіцца больш манеўраваць і тады толькі па 15 гектараў “выдаю”… – кажа Андрэй.
– Добры хлопец, – канстатуе Анатоль Уладзіміравіч. – Набярэцца вопыту і выдатнай падтрымкай стане для нашага касцяка механізатараў, ад якіх напрамую залежыць ураджай. Адзін не праараў на належную глыбіню зямлю, другі недаўнёс тукаў, ці наадварот “высыпаў” іх у адным месцы, трэці не апрацаваў пасевы як след… І вось вынік: да ўборкі паўстае не чыстая залацістая ніва, а перамешанае з пустазеллем рэдкае калоссе. Каго ж пакаралі? Камбайнера! А камбайнеры хто? Самі ж механізатары. Таму не дарма сумленнасць гэтых людзей на вёсцы цэніцца на вагу золата.
У гутарцы незаўважана пад’ехалі да 80-гектарнага поля. Удалечыні маленькай кропачкай паказаўся трактар, які павялічваўся з набліжэннем да ўскрайку, дзе яго чакалі брыгадзір участка Валянціна Калянковіч і мінулагодні пераможца раённага спаборніцтва на адвозцы зерня ад камбайнаў Уладзімір Кіндрук. Падагнаўшы трактар МТЗ-3022 пад загрузку, з падножкі яго саскочыў мінулагодні пераможца абласнога спаборніцтва на жніве Сяргей Калюціч:
– Па ліку ў мяне 6-ая пасяўная, але такой ранняй яшчэ не было. Памятаю, 20 сакавіка пачыналі, а тут – 9-га. Незвычайнасць яшчэ і ў тым, што за ноч узараная глеба пакрываецца прамерзлай “коркай”, што стрымлівае работу. Трэба чакаць, пакуль яе “не адпусціць”. Як і ў ранейшыя гады, летам збіраюся ўдзельнічаць у жніве. Акрамя МТЗ-3022 і камбайна за мной замацавана яшчэ касілка. Так што, без работы сумаваць не давядзецца. Зіма закончылася, а з ёю – і адпачынак.
Назіраючы, як сыплецца ў сеялку зерне, пацікавілася ў старшыні, ці захоўваецца ў гаспадарцы патрабаванне па забароне выкарыстання для сяўбы насення ніжэй за другую рэпрадукцыю. На што Анатоль Кіндрук адказаў:
– Сортаабнаўленнем займаемся рэгулярна. Сёлета таксама заключылі дагаворы на закуп эліты з чатырма элітгасамі вобласці. Спадзяемся, што зможам набыць яе і ў СВК “Гарадоцкі”. Для сяўбы выкарыстоўваем 1-ую і зрэдку 2-ую рэпрадукцыю. 40 тон насення пшаніцы і 20 тон ячменю першай рэпрадукцыі можам нават рэалізаваць тым, хто мае патрэбу.
На дзень выхаду “ЛН” механізатары СВК “Дварэцкі” пасеялі 170 гектараў збожжавых. Акрамя таго, вывезлі на палеткі 21 тысячу тон арганікі, больш як тысячу тон яе ўнеслі ў глебу. На плошчы 1200 гектараў падкармілі азімыя: рапс і зерневыя. Яшчэ 150 гектараў збожжавых, размешчаных у нізінах, “атрымаюць” сваю норму тукаў па меры падсыхання зямлі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть