“Расці і багата каласіся, ніва”,–
Агропром

“Расці і багата каласіся, ніва”,–

расципрыкладна так, кідаючы ў глебу зерне, прыгаворвалі нашы продкі 

Улічваючы асаблівасць нізінных меліяраваных зямель, а іх у СВК “Вулькаўскі світанак” большасць, сеялку ў поле хлебаробы гаспадаркі сёлета вывелі ўпершыню 13 сакавіка. Пробны дзень аказаўся ўдалым.
У гарачы веснавы час у полі галоўным застаецца сейбіт. Такую ганаровую місію каторы год запар у “Вулькаўскім світанку” выконвае Мікалай Кісель (злева). Яго, а таксама вадзіцеля Мікалая Яраховіча, які падвозіць насенне, засталі ў полі падчас абеду. Дарэчы, ежу для працаўнікоў гатуюць повары філіяла “Грамадскае харчаванне”, а дастаўляе яе да месцаў работы хлебаробаў раздатчыца Галіна ВЕРАС (на здымку).
– Кормяць нас смачна і сытна. Харчаванне разнастайнае, – дзеліцца Мікалай Кісель. – Сёння на абед вараная капуста, каша грэчневая з катлетай, салат са свежых агуркоў, піражкі з мясам і чай. Надоўга такой “запраўкі” хапае. Добра паеўшы, і працаваць весялей.
А дзень веснавы не кароткі. За яго пры выдатным раскладзе механізатар засявае зернем прыкладна 50-гектарную плошчу. Не губляючы дарэмна часу, адразу пасля абеду працаўнікі накіраваліся да сваёй тэхнікі…
– У нас вельмі моцны калектыў механізатараў, – кажа старшыня гаспадаркі Уладзімір Соц. – Узяць, напрыклад, Мікалая Кіселя. За 8 год сяўбы, з якіх 5 апошніх на “Джон-Дзіры” з сеялкай, працуе без напарніка, ён да такой ступені вывучыў асаблівасці кожнага поля, што пры планаванні, дзе і што будзем сеяць, разам з галоўным аграномам уважліва прыслухоўваемся да яго парад. Гэтак жа старанна працуе і вадзіцель Мікалай Яраховіч. Па яго віне сеялка ніколі не прастойвала. На якой бы адлегласці ад склада не знаходзіўся пасяўны агрэгат, заўсёды своечасова даставіць да яго насенне. Ім абодвум давяраю, як сабе: не “схалтураць” і не падвядуць.

Такі ж давер аказваецца і многім іншым трактарыстам, ад якіх залежыць будучыня ўраджаю. Першакласным спецыялістам зарэкамендаваў сябе Аляксандр Кішкевіч (на здымку). Летась ён раскідваў на полі арганіку, а сёлета ўносіць у глебу мінеральныя тукі. Доказам яго незвычайнай працавітасці з’яўляецца такі факт. Механізатар, які выконваў гэтую работу летась, за светлавы дзень “запраўляў” тукамі максімум 130 гектараў зямлі, а Аляксандр Мікалаевіч умудраецца па 180-190!
Прыкладам адданасці сваёй справе сведчыць і работа трактарыста Рыгора Усовіча. У гаспадарку ён прыйшоў 2 гады таму, на трактар “памяняўшы” школьную качагарку. Тэх-ніку атрымаў пасля папярэдніка так сабе: дзень робіць, дзень рамантуецца. У яго ж руках яна працуе без збоеў. Гэта пацвердзіў і механізатар з багатым вопытам Генадзь Яраховіч, – яны абодва рыхтуюць глебу пад сяўбу. Невядома, хто з іх стане лепшым па выніках веснавога спаборніцтва. Пакуль працуюць на ўзроўні – па 25-26 гектараў за дзень “выдаюць”.
Усяго пад яравую сяўбу ў гаспадарцы адведзена плошча 2200 гектараў, сярод якіх 680 – збожжавых і зернебабовых, 1150 – кукурузы, 200 гектараў бульбы.
На дзень наведвання гаспадаркі 25 сакавіка пад сяўбу было падрыхтавана 390 гектараў глебы, пасеяна 346 гектараў яравых зерневых і зернебабовых, пратручана 74 тоны насення, нарыхтавана амаль 41 тысяча тон арганікі, з якіх 39,7 тысячы тон дастаўлена на палеткі, больш як 15 тысяч тон унесена ў глебу. Акрамя таго, завершана падкормка азімых збожжавых і рапсу на 950 гектарах, пасеяна 117 гектараў шматгадовых траў, унесена калійных угнаенняў на плошчы 2294 гектары, а фосфарных – на 454 гектарах.
За гэтымі сухімі лічбамі стаіць нястомная праца дружнага калектыву меха-нізатараў і паляводаў, узначальваемага службай інжынернага і агранамічнага звяна. Як расказаў старшыня гаспадаркі Уладзімір Соц, сяўба ідзе ў звычным для вясны рэжыме. Людзі стараюцца, бо ведаюць, што ад вынікаў іх працы напрамую залежыць дабрабыт гаспадаркі і іх уласны. У калектыве загадзя пазнаёмілі працаўнікоў з расцэнкамі, арганізавалі гарачыя абеды, паклапаціліся аб стварэнні 10-дзённага запасу гаручазмазачных матэрыялаў. Для выканання асноўных палявых работ ёсць 3 энерганасычаныя трактары. Вырашаецца пытанне з набыццём яшчэ аднаго, што дазволіць весці работу больш хуткімі тэмпамі. Пры наяўных рэсурсах, сяўба ранніх каласавых зойме прыкладна 2 тыдні.
Вяртаючыся з палёў, па дарозе шмат добрых слоў пачула ад кіраўніка гаспадаркі ў адрас многіх іншых работнікаў калектыву. Аптымістычна прагучаў яго заключны выраз: якімі б хуткімі тэмпамі не ішоў прагрэс на вёсцы, людзей мы не скарачаем і скарачаць не збіраемся. Для нас лепей пашыраць вытворчасць, што гарантуе заможнасць жыцця на вёсцы.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть