Агропром

Рэканструкцыя працягваецца

Два гады таму ў СВК “Новае Палессе” прыступілі да рэканструкцыі малочнатаварнай фермы ў Перунова. Ды толькі абноўленых будынкаў не хапіла, каб як след наладзіць тэхналогію вытворчасці малака. Летась аднавілі яшчэ адно памяшканне для ўтрымання дойнага статка і расшырылі даільную залу.

На сённяшні дзень Перуноўская ферма, дзе ўтрымліваецца 346 кароў, з якіх 289 дойных, у гаспадарцы самая сучасная, і на яе ўскладваюцца асаблівыя надзеі ў плане вытворчасці прадукцыі. У параўнанні з леташнім перыядам рост вытворчасці малака дасягнуў 160 працэнтаў. Класам экстра і вышэйшым гатункам прададзена яго 95 працэнтаў.
Яшчэ нядаўна калектыў жывёлаводаў, які ўзначальвае Антаніна Яцкевіч, турбавала адсутнасць умоў для ўтрымання нованароджаных цялят. Іх даводзілася размяшчаць у памяшканні з сухастойнымі каровамі ў цесных клетках. Гэта стварала вялікую нязручнасць аператарам машыннага даення, якія даглядалі за маленькімі жывёлінамі, ды і ім не ішло на карысць вымушанае абмежаванне ў руху напачатку жыцця.
Праблему вырашылі сёлета, пабудаваўшы літаральна за месяц гаспадарчым спосабам прафілакторый на 60 галоў, які 10 мая прыняў першых цялятак. Яго ўзвя-дзенне гаспадарцы каштавала 50 мільёнаў рублёў.
У светлым, чыстым памяшканні дагэтуль вітае пах свежага смалістага дрэва. Менавіта з яго зроблены каркас і прасторныя адзіночныя кабін-кі для жывёлін. Пануючая паўсюдна цішыня наводзіць на думку, што клеткі пустыя. І толькі зазірнуўшы зверху бачна, што на мяккай падсцілцы ў кожнай з іх утульна ляжаць цяляткі. У кармушках, як і належыць, – сена, камбікорм КР-1, мел, а ў падвешаных вёдрах – чыстая вада.
Як расказала Антаніна Іванаўна, нованароджаных цялятак выпойваюць спачатку малозівам, а затым двойчы на дзень цэльным малаком. У прафілакторыі яны будуць знаходзіцца прыкладна 20 дзён, пасля чаго трапяць на дарошчванне: цялушачкі на МТФ №1, а бычкі – на МТФ №3. Цяпер жа за імі даглядаюць аператары машыннага даення.
Адна з іх – Марыя Проц. У 2012-ым годзе яна стала першай у гісторыі гаспадаркі даяркай 5-тысячніцай.
– Сёлета я таксама атрымала нядрэнную прэмію за мінулагоднюю работу, – кажа жанчына. – Пастараюся і далей не падводзіць калектыў, тым больш, што з года ў год умовы працы становяцца больш камфортнымі. Нягледзячы на тое, што ўжо шмат зроблена, будаўніцтва на нашай ферме працягваецца. Цяпер увесь дойны статак знаходзіцца кругласутачна на пашы. Спадзяюся, што перыяд вялікага малака яшчэ наперадзе.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть