Рэзервы ёсць – галоўнае выкарыстаць
Распачатая летась прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод”, мэтай якой з’яўляецца ўшанаванне лепшых калектываў і працаўнікоў малочнатаварных фермаў Лунінеччыны, набыла свой працяг у ААТ “Дварэцкі”. На гэты раз да яе далучыўся прафсаюз канцэрна “Брэстмясамалпрам”.
З нагоды неспадзяванага свята сярод будняў, працаўнікі язвінскага МТК №7, а таксама лепшыя жывёлаводы з МТФ №№5 і 6 апранулі новае спецадзенне і дружна сабраліся ў невялікім пакойчыку адпачынку, абсталяваным пры ферме. Да гэтага яны паспелі падаіць кароў і навесці належны парадак у даільнай зале і рабочых памяшканнях, у чым упэўніліся, наведаўшы іх пасля завяршэння ўрачыстасці.
Старшыня прафкама “Брэстмясамалпрама” Наталля Шэлест растлумачыла, што МТК №7 для ўшанавання быў выбраны не выпадкова. Планавалася адзначыць калектыў адной з новых сучасных фермаў, які дабіваецца добрых вынікаў у павелічэнні вытворчасці малака. І ім стаў язвінскі. Прадстаўніца канцэрна пазнаёміла прысутных з работай структурнага падраздзялення, дзе працуе, падзякавала за старанне і ўручыла мікрахвалевую печ. Яна стала па-сапраўднаму выдатным падарункам людзям, якія вельмі шмат часу праводзяць на рабочых месцах.
Як расказаў дырэктар “Дварэцкага” Віталь Карчэўскі, дзякуючы старанным адносінам да працы, аператары машыннага даення гаспадаркі дасягнулі нядрэнных вынікаў. У прыватнасці, валавая вытворчасць малака ў параўнанні з папярэднім 2015 годам павялічылася больш як на 51 працэнт, а на новым комплексе наогул вырасла ўдвая. Калі па выніках года аператары машыннага даення ў цэлым па сельгаспрадпрыемству не дабралі 80 літраў малака ад каровы, што не дазволіла ім трапіць у лік чатырохтысячніц, то даяркі комплексу гэтую планку пераадолелі. Іх вынік – 4670 кілаграмаў. Працягваюць павялічваць вытворчасць яны і зараз. Для параўнання: у лютым 2016-га ў суткі ад каровы атрымлівалі каля 9 літраў малака, а сёлета – ужо больш як 15,5 літра. Да таго ж, у калектыву ёсць пэўныя рэзервы, і ён іх выкарыстоўвае спаўна.
Выдатным стымулам да павелічэння вытворчасці можа стаць і абяцанне дырэктара кожнай даярцы, якая надоіць ад сярэднестатыстычнай каровы 7 тысяч кілаграмаў малака, падарыць аўтамабіль:
– Калі будзем мець такія вынікі, то набыццё аўтамабіляў аператарам машыннага даення не стане цяжарам. Так што старайцеся, а я сваё слова стрымаю, – запэўніў кіраўнік.
Не засталіся без увагі і іншыя жывёлаводы. Старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Вольга Ермалёнак ад-значыла падарункамі калектыў МТФ №5, які пад кіраўніцтвам брыгадзіра Тамары Дашкевіч атрымаў за мінулы год больш як 1400 тон малака. Прэміі былі ўручаны таксама аператару машыннага даення Галіне Соц з гэтай МТФ, якая ў сярэднім ад каровы надаіла больш як 5 тысяч кілаграмаў малака, і жывёлаводу Надзеі Коваль з МТФ №6. У параўнанні з папярэднім годам сярэднясутачныя прывагі ў групе яе гадаванцаў павя-лічыліся на 276 і склалі 697 грамаў.
На заканчэнні мерапрыемства зоаветэрынарныя спецыялісты і жывёлаводы сабраліся за кубачкам чаю з салодкімі пачастункамі, сярод якіх цэнтральнае месца на стале займаў вялікі прыгожы каравай, выпечаны адной з работніц фермы. Тут, у па-дамашняму цёплай абстаноўцы, абмеркавалі надзённыя справы.