Агропром

Старанне прыносіць плён

ферма язвинки

Што гэта так, пераканаў, здавалася б, не зусім спрыяльны для вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўчых фермаў бягучы год.

Падводзячы вынікі работы за 9 месяцаў, галоўны заатэхнік райсельгасхарчу Таццяна Салаховіч адзначыла рост валавых надояў. Так, у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года яны павялічыліся на 3,7 працэнта. Пры таварнасці 89,1 працэнта на перапрацоўку дастаўлена 38653 тоны малака, што на 6,7 працэнта больш, чым летась. Вялікая ўвага надавалася якасці. У выніку чаго 74,3 працэнта малака было прададзена класам экстра і вышэйшым гатункам на ААТ «Лунінецкі малочны завод”. Па стану на 1 кастрычніка грамадскае пагалоўе налічвала больш як 39 тысяч жывёлін з іх 15623 каровы (з улікам кароў мясной накіраванасці). За 9 месяцаў атрымалі 11784 цяляці, што на 596 галоў больш, чым за такі ж перыяд летась.

Мэтанакіравана працуюць у гэтым плане заатэхнічныя службы СВК «Велута», дзе валавыя надоі павялічыліся на 13,5 працэнта, а прыплоду пабольшала на 148 галоў; ПУСП «Рэдзігерава-Агра» — адпаведна на 12 працэнтаў і 150 галоў, філіяле «Аграграніт» — 8 і 186. На іх прыкладзе яскрава бачна, што там, дзе ёсць прыплод, назіраецца і прыбаўка малака, чаго нельга сказаць пра КУП «Міжлескае», дзе і ў верасні яго вытворчасць не дасягнула леташняга паказчыка. У той жа час ладзяцца справы ў СВК «Вулькаўскі світанак» і «Гарадоцкі». Толькі ў верасні надоі тут павялічыліся адпаведна на 19,7 і 35 працэнтаў.

У многіх гаспадарках раёна вядзецца мэтанакіраваная работа па павелічэнню валавых прываг буйной рагатай жывёлы. Напрыклад, у філіяле «Лобчанскае» сярэднясутачныя прыбаўкі жывёлін складаюць 773 грамы, на Палескай станцыі — 646, у СВК «Чучавічы» — 617, у КУП «Міжлескае» — 618. У той час ёсць над чым працаваць жывёлаводам СВК «Гарадоцкі» і «Азярніца», дзе сярэднясутачныя прывагі жывёлы яшчэ толькі набліжаюцца да 500-грамовых.

З пачатку мінулага тыдня пачаўся актыўны перавод буйной рагатай жывёлы на зімова-стойлавае ўтрыманне. Першымі ў памяшканні вярнуліся гурты цялушак, якія выпасаліся на пашы ў СВК «Багданаўка» і «Хваецкае», затым перавезлі з аддаленых грычынскіх лугоў свой маладняк працаўнікі СВК «Дзятлавіцкі». Пазней да іх далучыліся і іншыя сельгасарганізацыі.

У параўнанні з ранейшымі гадамі тэрміны пераводу жывёлы на зімова-стойлавае ўтрыманне крыху запозніліся. Затрымка абумоўлена ростам траў пасля прайшоўшых дажджоў і цёплым надвор’ем. Да таго ж, дастаўка на пашу падкормак у выглядзе камбікорму, мукі, бульбы, караняплодаў, зялёнай масы траў дазваляла збалансоўваць рацыёны. Зараз пашавае ўтрыманне завяршаецца.

Прыняць статкі былі своечасова гатовы ўсе малочнатаварныя фермы раёна. Іх адрамантавалі, пабялілі і правялі дэзінфекцыю. Да канца года ў раёне плануецца ўвесці ў строй дзве новыя: у ПУСП «Рэдзігерава-Агра» — на 765 галоў і СВК «Дварэцкі» — на 720. Для камплектацыі іх ужо распрацаваны графікі паэтапнай пастаноўкі жывёлы.

З-за летняй засухі не ўдалося нарыхтаваць дастатковай колькасці кармоў. Работы тут працягваюцца і зараз, але навярстаць недабор не атрымаецца. Так, па стану на 15 кастрычніка сена пры заданні 11760 тон для грамадскага пагалоўя назапасілі 6897 тон, сенажу пры плане 110550 тон — 70770, сіласу з улікам сіласу з саломы, што ў нас практыкуецца ўпершыню за апошнія гады, маецца 100569 тон. У разліку на ўмоўную галаву ў сярэднім па раёне даводзіцца 17,88 цэнтнера кармавых адзінак, летась было 19,41. Да таго ж, многія гаспадаркі не могуць пахваліцца і якасцю нарыхтовак. Высокая яна хіба што ў філіяле «Лобчанскае» ААТ «Лунінецкі малочны завод», у СВК «Вулькаўскі світанак» і «Чучавічы».

НА ЗДЫМКУ: так выглядае новая малочнатаварная ферма ў Язвінках



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть