Старанным – наша ўвага
Сярод вадзіцеляў СВК “Чучавічы” не першы год асаблівай стараннасцю вызначаецца Аляксандр Гаргун.
Летась ён стаў пераможцам працоўнага саперніцтва ў гаспадарцы на адвозцы зерня ад камбайнаў. Сёлета яго МАЗ-555142 аказаўся самым хуткім падчас уборкі рапсу. На зернеток вадзіцель даставіў 128,6 тоны масляністага зерня. Падзякаваць і павіншаваць працаўніка з такім важкім дасягненнем вырашылі прама на рабочым месцы – каля новага зернесушыльнага комплексу. Менавіта тут Аляксандр Мікалаевіч “прапісаны” на перыяд жніва збожжавых і зернебабовых. Мерапрыемства праходзіла з удзелам актыўных артыстычных школьніц, якія ўручылі пераможцы сувеніры і прысвяцілі цудоўныя вершы.
З вясёлым настроем сустракалі гасцей аператары ЗСК-30 Сяргей і Васіль Гаргуны. На новым абсталяванні на працягу жніва-2013 яны дапрацавалі 1700 тон зерня. Старанна выконваюць свае абавязкі і зараз – за суткі ачышчаюць і дасушваюць больш як 100 тон зерня.
Алена МУРАВЕЙКА, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце СВК “Чучавічы”.