«Сяўба — справа ювелірная»
Агропром

«Сяўба — справа ювелірная»

Мікалай Кісель
Мікалай Кісель

Правесці сяўбу яравых збожжавых і зернебабовых культур у аптымальныя тэрміны — першаступенная задача, якая стаіць перад хлебаробамі раёна. Справіцца з ёю, значыць, у разы павялічыць шанцы на атрыманне багатага ўраджаю.

Для адной з найбольш моцных у эканамічным плане гаспадарак, якой з’яўляецца «Вулькаўскі світанак», выканаць задуманае праблемы не складае, толькі б надвор’е не падвяло. Што датычыцца чалавечага фактару, то да веснавой кампаніі тут падрыхтаваліся адказна. Засыпалі неабходную колькасць першакласнага насення, з восені ўзаралі глебу, за зіму падрыхтавалі тэхніку, вызначыліся з участкамі, дзе і што будзе пасеяна, размеркавалі абавязкі паміж удзельнікамі кампаніі, пазнаёмілі іх з расцэнкамі і ўмовамі спаборніцтва. Непасрэдна да сяўбы прыступілі ў мінулую нядзелю.

Разам са старшынёй гаспадаркі Уладзімірам Соцам накіраваліся на ўчастак, дзе працаваў пасяўны агрэгат. Пад’ехалі ў момант, калі хлебаробам даставілі абед. Наварысты боршч, бульбяное пюрэ, марская рыба, салат з капусты і агуркоў, кампот – усім гэтым частавала на полі працаўнікоў кухонная рабочая Галіна ВЕРАС:

вульковский свитанок 03

– Ежу гатуюць повары філіяла “Грамадскае харчаванне” райспажыўтаварыства ў сталовай мясцовай школы. Я абеды дастаўляю. Сёння неабходна аб’ехаць 14 участкаў, дзе накарміць 37 працаўнікоў, якія заняты на пасяўной.

– Гарачым харчаваннем забяспечваем звяно на вывазцы і ўнясенні арганікі, паляводаў, якія займаюцца пратручваннем насення, вадзіцеляў і механізатараў на іншых работах, брыгадзіраў і аграномаў, – дадае Уладзімір Іванавіч. – Думаю, сёлета атрымаецца ўвесці ў строй сваё кафэ. Тады абеды будуць больш таннымі і, магчыма, для работнікаў бясплатнымі. Сёння асноўныя расходы бярэ на сябе гаспадарка, працаўнікі аплачваюць толькі 20 працэнтаў кошту.

Падзякаваўшы за смачны абед, механізатар Мікалай Кісель паспяшаўся да свайго “Джон-Дзіра”, які стаяў на ўскрайку поля. Тут яму заставалася работы прыкладна на гадзіну:

– У гаспадарцы працую больш як 20 год, апошнія 10 – на “Джон-Дзіры”. І ўвесь час займаюся сяўбой, –  кажа Мікалай. – У кожнай веснавой  кампаніі свае асаблівасці. Сёлетняя – не з лёгкіх. На большасці ўчасткаў глеба пераўвільготнена, раз-пораз трактар “садзіцца”. Здараецца, без пабочнай дапамогі не выбрацца. Тым не менш за 4 дні работы засеяў больш як 130 гектараў аўсом і люцэрнай, за суткі – каля 50 гектараў. Канешне, можна рухацца і хутчэй, тэхніка дазваляе, аднак сяўба – справа ювелірная. Кожная культура патрабуе сваёй глыбіні задзелкі. Як толькі дабавіш хуткасці, зерне на паверхню выскоквае, а гэта – незахаванне тэхналогіі, якое караецца не толькі рублём, але і недаборам ура-джаю.

Непадалёк ад “Джон-Дзіра” застыў ГАЗ-53, на якім вадзіцель Мікалай ЯРАХОВІЧ падвозіць насенне.

вульковский свитанок 01

– У нас адзін пасяўны агрэгат і адзін аўтамабіль на дастаўцы насення. Разам мужчыны працуюць ужо не першы год і з паўслова разумеюць адзін аднаго.  Кантраляваць іх работу не абавязкова. Яны выдатна ведаюць, што самы галоўны іх кантралёр – сумленне, – кажа Уладзімір Іванавіч.– Наогул, у нас кожны працаўнік адказвае за свой участак. Нешта не дагледзеў – прайграў у заробку. А гэта самы дзейсны рычаг у наладжванні як вытворчай, так і тэхналагічнай дысцыпліны.

На дзень выхаду “ЛН” працаўнікі СВК “Вулькаўскі світанак” заданне па сяўбе яравых збожжавых і зернебабовых культур выканалі на 12 працэнтаў.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть