Агропром

Толькі працай прырасце дабрабыт

працаКанец лютага-пачатак сакавіка – час правядзення справаздачных і справаздачна-выбарных сходаў у сельгасарганізацыях раёна. Сёлета гэтае адказнае мерапрыемства праходзіць надзвычай арганізавана: за мінулы тыдзень сходы адбыліся ў 9 з 13-ці гаспадарак раёна.
Мнагалюдна ў мінулую суботу было і ў Любанскім СДК. Прыйшоўшы загадзя, сённяшнія і былыя працаўнікі СВК “Новае Палессе” абмяркоўвалі агульныя пытанні, а ў фае знаёміліся з выставай прыгожых ручнікоў, з любоўю вышытых умелымі рукамі мясцовай майстрыхі Ганны Максімовіч. Увагу прыцягвала і выстава дзіцячых работ, прымеркаваных да свята абаронцаў Айчыны.
Гул паступова перабраўся ў актавую залу і прыціх з запрашэннем у прэзідыум членаў праўлення сельгаскааператыва, а таксама начальніка фінаддзела райвыканкама Леаніда Юнчыка, упраўляючага “Аграпрамбанка” Уладзіміра Масла, інжынера райсельгасхарчу Дзмітрыя Жука і інспектара РАНС Віктара Чарнавокага.
Першым пытаннем на парадку дня значылася справаздача старшыні аб выніках работы калектыву за 2013 год і перспектывах развіцця вытворчасці ў 2014-ым. Віталь Ермалёнак адзначыў, што мінулы год для гаспадаркі выдаўся нялёгкім. Валавай прадукцыі атрымалі 88,3 працэнта ў параўнанні з папярэднім 2012-ым. У раслінаводстве недабралі амаль тысячу тон зерня, у жывёлагадоўлі на 9 працэнтаў знізілі надоі малака. У разліку ад адной каровы ў сярэднім за год надаілі 3619 кілаграмаў малака замест 4126 кілаграмаў – у папярэднім. Найбольшае адставанне дапусцілі аператары машыннага даення МТФ №1. У той жа час усе падраздзяленні добра працавалі ў плане якасці прадукцыі – 98 працэнтаў малака прадалі класам “экстра” і вышэйшым гатункам. Недапрацоўкі і ўпушчэнні ветэрынарнай службы “выліліся” ў рост падзяжу жывёлы. Калі ў 2012-ым па розных прычынах згубілі 31 галаву буйной рагатай жывёлы, то ў 2013-ым – ужо 52. У разліку на 100 кароў атрымалі 85 цялят, што вельмі мала. Адмоўна на фінансавае становішча гаспадаркі паўплывала пагроза афрыканскай чумы свіней. Спрабуючы захаваць пагалоўе, затрацілі значныя сродкі на рэканструкцыю свінарніка, што ў канчатковым выніку аказалася непатрэбным. Цяпер ён стаіць пусты, а пагалоўе былі вымушаны рэалізаваць са стратамі.
У той жа час былі і станоўчыя моманты. У прыватнасці, набылі новы 5-тонны малакавоз, прэс-падборшчык, трактар МТЗ. Як і ў папярэднія гады, добра працавала корманарыхтоўчае звяно. У разліку на ўмоўную галаву назапасілі 26 цэнтнераў кармавых адзінак травяністых кармоў. Толькі пахвал заслугоўваюць спецыялісты агранамічнай службы і паляводы, адказныя за падрыхтоўку насення, а таксама механізатары, занятыя на выкананні асноўных сельскагаспадарчых работ. Усяго ў кааператыве працуюць 135 чалавек. Сярэднямесячная зарплата склала 3 мільёны рублёў, што на 20 працэнтаў больш леташняга ўзроўню.
Ставячы перад калектывам задачы на бягучы год, Віталь Ермалёнак асаблівую ўвагу ўдзяліў стварэнню сенажацей і пашы, у склад травастоеў якіх уваходзіла б значная частка бабовых. Такіх гаспадарцы, каб мець запланаваныя 600-грамовыя сярэднясутачныя прывагі жывёлы і павысіць надоі малака, неабходна пасеяць не менш як 200 гектараў. Дасягнуць пастаўленых мэт у малочнай галіне можна бу-дзе і за кошт адладжанай работы ўведзенай летась у строй даільнай залы на 320 галоў і дадатковага памяшкання для ўтрымання 120 будучых кароў у вёсцы Перунова.
Фінансавае становішча гаспадаркі яскрава ахарактарызаваў у сваім выступленні галоўны эканаміст Павел Станілевіч. У прыватнасці, ён адзначыў, што недабор прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства пацягнуў за сабой зніжэнне прыбытку і рэнтабельнасці вытворчасці. З улікам дзяржпадтрымкі апошняя склала 8,5 працэнта. Рэнтабельнасць рэалізацыі прадукцыі наогул знізілася да “мінусавой”, не лічачы продажу бульбы. Павел Леа-нідавіч агучыў планы на 2014 год.
Выступленні старшыні праўлення дапоўнілі таксама галоўныя спецыялісты – бухгалтар Кацярына Косач, аграном Ігар Коваль, інжынер Валерый Нікалаевіч. Заслухалі і справаздачу старшыні рэвізійнай камісіі Святланы Сафановіч. Інспектар дзяржпажнагляду РАНС Віктар Чарнавокі пазнаёміў удзельнікаў сходу з пажаранебяспечнай сітуацыяй, якая склалася на тэрыторыі сельсавета летась, нагадаў асноўныя правілы эксплуатацыі печаў і электраправодкі.
Урачыстасці сходу надало віншаванне з уручэннем кветак і прэмій лепшым працаўнікам і тым, хто летась пайшоў на заслужаны адпачынак. Цудоўным падарункам прысутным стала выступленне ансамбля “Прымакі”.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть