Агропром

Толькі старанным спадарожнічае поспех

Для падвядзення вынікаў работы за мінулы год калектыў дзяржаўнага прадпрыемства “Новае Палессе” сабраўся ў Любанскім СДК.

Нягледзячы на тое, што cельгаспрадпрыем-ства летась змяніла сваю прыналежнасць з кааператыўнай на дзяржаўную, на форму правядзення сходу гэта не паўплывала. Як звычайна, сваё месца на сцэне заняў рабочы прэзідыум, у склад якога ўвайшлі дырэктар Валерый Нікалаевіч, яго намеснік Васіль Насеня, намеснік начальніка райсельгасхарчу Алег Багук, вядучы дзяржаўны інжынер-інспектар дзяржтэхнагляду Вяча-слаў Мельянец, старшыня Лахвенскага сельвыканкама Людміла Пашкевіч. 

У дакладзе кіраўнік гаспадаркі расказаў, што вядзе яна сваю дзейнасць на плошчы 6846 гектараў, з якіх 5702 – сельгасугоддзі. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы складае амаль 2 тысячы галоў, з іх 725 – кароў. Працуюць у гаспадарцы 148 чалавек. Сярэднямесячны заробак складае 297 рублёў.

Не вельмі спрыяльным для раслінаводства аказаўся мінулы год. У параўнанні з 2015-ым не дабралі 211 тон зерня. Пры ўраджайнасці 22,3 цэнтнера з гектара намалацілі яго 4133 тоны. Затое пастараліся нарыхтаваць больш кармоў на зімова-стойлавае ўтрыманне буйной рагатай жывёлы, зрабіўшы асноўны ўпор на закладку сенажу і сіласу. У зімоўку ўвайшлі, маючы 27,8 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву. Гэта амаль у два разы больш, чым у папярэднім годзе. Не так хутка, як хацелася б, паляпшаюцца справы ў жывёлагадоўлі. Валавая вытворчасць малака павялічылася на 5 працэнтаў, а надой на карову – на 7,9 працэнта і склаў 3426 кілаграмаў. Вырасла ўдзельная доля малака, прададзенага гатункам “экстра + вышэйшы”. Сярэднясутачныя прывагі жывёлы склалі 463 грамы, што на 42 грамы больш, чым у папярэднім годзе. Аднак і малочны, і мясны напрамкі не прынеслі гаспадарцы прыбытку. Страты ад рэалізацыі прадукцыі перавысілі 560 тысяч рублёў. Прыкладна столькі ж згубілі і на вытворчасці прадукцыі раслінаводства.

Больш падрабязны расклад фінансавага становішчы зрабіў галоўны эканаміст гаспадаркі Джоўдат Сіраджэддзінаў. Ён жа агучыў і планы на гэты год: намалаціць 4460 тон зерня, атрымаць ад умоўнай каровы 4013 кілаграмаў малака, сярэднясутачныя прывагі жывёлы на дарошчванні  давесці да 558 грамаў.

Выступілі таксама галоўныя: бухгалтар – Святлана Сафановіч і заатэхнік – Святлана Барычэўская, старшыні: рэвізійнай камісіі – Таццяна Багук  і прафкама – Алена Шэўчык. Амаль усе яны называлі лепшых работнікаў, дзякавалі ім за працу. Ушаноўвалі ж толькі юбіляраў, якія летась дасягнулі пенсійнага ўзросту.  Дыпломы і кветкі ўручылі намесніку дырэктара Васілю Насені, галоўнаму аграному Раісе Шэўчык, галоўнаму спецыялісту па кормавытворчасці Людміле Дзенісеня, аператару машыннага даення Марыі Проц (на здымку), жывёлаводу Адаму Кішкевічу. 

Падводзячы вынікі сходу, Алег Багук адзначыў, што не пачуў аптымізму ў голасе выступаючых. Маўляў,  давялі планы – будзем іх выконваць. А якім чынам, ніхто нават не паспрабаваў удакладніць. Між тым, рэзерваў у калектыву хапае. Трэба іх выкарыстоўваць эфектыўна і памятаць, што толькі ад старання кожнага работніка залежыць дабрабыт гаспадаркі і  яго асабісты.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть