«Тысячнікі» «Гарадоцкага»
Агропром

«Тысячнікі» «Гарадоцкага»

тысячникиКожнае жніво мае свае асаблівасці. Сёлетняе, напрыклад, не вельмі песціць хлебаробаў сонечнымі днямі. Пасля дажджоў, а яны часцей бываюць праліўнымі, даводзіцца гадзінамі, а то і суткамі чакаць падсыхання коласа, інакш якасна вымалаціць з яго зерне не атрымаецца.

Нібы адчуваючы такую перадышку, у мінулы аўторак экіпаж камбайна СВК “Гарадоцкі” ў складзе братоў Генадзя і Канстанціна Бірылаў, «выклаўся» на ўсе 100 працэнтаў і першым у раёне намалаціў 1 тысячу тон зерня. А вадзіцель гэтай жа гаспадаркі Мікалай Кіндрук – тысячу тон збожжа на аўтамабілі ГАЗ-53 даставіў на зернеток.

Праз дзень ушанаваць тысячнікаў прыехалі старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч, старшыня Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксей Флар’яновіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дубініч.

Уручаючы Ганаровыя граматы, Падзячныя лісты і ўзнагароды яны дзякавалі хебаробам за самаадданую працу, выказвалі жаданне бачыць іх сярод пераможцаў раённага, абласнога і нават рэспубліканскага ўзроўню. Не засталіся ўбаку адміністрацыя і прафкам гаспадаркі, якія таксама ўручылі каштоўныя падарункі і духмяныя караваі, з душою выпечаныя работнікамі Лунінецкага хлебазавода з зерня новага ўраджаю. У адказ Мікалай Кіндрук (якога, дарэчы за падобнае лідарства ўшаноўваюць 11-ты раз за 12 год), Генадзь і Канстанцін Бірыла паабяцалі  як след выконваць сваю справу і далей.

Яны ж з задавальненнем частавалі прысутных свежым хлебам. Які ж ён быў смачны на ніве, дзе ўсё яшчэ звісалі долу налітыя каласы, якія так і прасіліся ва ўтульныя зернесховішчы, а на ўскрайку ў чаканні каманды выхаду ў поле застылі камбайны. Блакітнае неба з мяккімі белымі аблокамі, праз якія выглядала ласкавае сонейка ды  лагодны ветрык усялялі надзею на тое, што работы ў гэты дзень яшчэ хопіць.

У “Гарадоцкім”, які славіцца сваім моцным атрадам механізатараў, робяць усё, каб убраць вырашчанае ў сціслыя тэрміны і без страт. Абмалаціўшы збожжа  больш як на палове плошчаў, гаспадарка па-ранейшаму лідзіруе ў раёне па ўрадлівасці ніў, якія даюць па 36 цэнтнераў з гектара. Дарэчы, экіпаж-лідар у складзе братоў Бірылаў? перш чым прыступіць да абмалоту каласавых, убраў азімы рапс на плошчы 100 гектараў. Яго своечасова дапрацавалі і частку прадалі у лік дзяржзаказу. Крыху пазней прыступілі да рэалізацыі жыта, а хутка на хлебапрыёмны пункт адправяцца машыны з пшаніцай. Да яе ўборкі толькі прыступілі. Як паведаміў галоўны аграном Сяргей Скіба,  плошчы, што засталіся, пры існуючых тэмпах работ, можна  ўбраць за 10 дзён. У гаспадарцы хапае для гэтага тэхнікі і гаруча-змазачных матэрыялаў, а зберагчы час дапамагаюць гарачыя абеды і вячэра, якія дастаўляюцца прама ў поле. Толькі б не падводзіла надвор’е.

Як стала вядома, у «Гарадоцкім» вызначыўся яшчэ адзін экіпаж камбайнераў-тысячнікаў. Заслужаныя ўзнагароды і падарункі ад райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК і гаспадаркі з гэтай нагоды ўчора прымалі камбайнеры муж і жонка Сяргей і Людміла Івановы. Віншуем!

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть