У аграрыяў выхадных не бывае
На базе КУП “Міжлескае” прайшоў семінар-нарада па падвядзенню вынікаў работы жывёлагадоўчай галіны раёна за 11 месяцаў і навучанню тэхналогіі вытворчасці малака на сучасных фермах, абсталяваных даільнымі заламі.
Як растлумачыў падчас адкрыцця мерапрыемства начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Савіна, у якасці базы для навучання “Міжлескае” было выбрана невыпадкова: апошнім часам “малочныя” справы тут пачалі ладзіцца.
Са слоў дырэктара сельгаспрадпрыемства Івана Сідуна стала зразумелым, каб мець такі вынік ім давялося добра пастарацца. З-за леташняга недабору зерня амаль да новага ўраджаю адчувалі праблемы з канцэнтратамі. Затое зараз дзённаму рацыёну для дойнага статка гаспадаркі можна пазайздросціць. Выдатным дадаткам да травяністых кармоў стаў кам-бікорм уласнага памолу з пшаніцы, жыта, кукурузы, аўса, трыцікале, з дабаўкай шроту, мелу, солі і прэміксаў… Гэта і ў зімова-стойлавы перыяд дазваляе не губляць дасягнутага за лета выніку. Тады палачкай-выручалачкай быў як след арганізаваны зялёны канвеер, калі ў складзе траў важкае месца займалі багатыя на бялок люцэрна і крыжакветныя культуры, у прыватнасці, рэдзька маслічная. Дарэчы, каб мець яе пастаянна, на працягу летняга перыяду кожныя 2 тыдні засявалі па 50 гектараў. А ў верасні-кастрычніку паступленню ў арганізм жывёлы бялку паспрыяў падгадаваны да гэтага часу на палях зялёны рапс…
У памяшканнях новай фермы, дзе ладзілася вучоба, было чыста і акуратна, а ўтрымліваемыя тут каровы, не звяртаючы ўвагі на прысутных, нетаропка елі духмяную травяністую сумесь з кармавых сталоў. Намеснік начальніка райсельгасхарчу Алег Багук, га-лоўны ветурач раёна Іван Ванюк і в.а. галоўнага заатэхніка “Між-лескага” Ілья Лукашэвіч на прыкладзе ўтрымліваемага пагалоўя паказвалі, як правільна наладзіць на сучаснай ферме паточна-цэхавую сістэму атрымання малака. Нягле-дзячы на халоднае сырое надвор’е, удзельнікі нарады зацікаўлена слухалі спецыялістаў, задавалі пытанні і атрымлівалі канкрэтныя адказы, пасля чаго яшчэ доўга паміж сабой абмяркоўвалі ўбачанае.
Працягнулі сустрэчу ў актавай зале Міжлескага Дома культуры. Намеснік начальніка райсельгасхарчу Алег Багук расказаў, што на працягу 11 месяцаў у раёне назіралася ўстойлівая тэндэнцыя па нарошчванню тэмпаў вытворчасці ў жывёлагадоўлі. Па стану на 1 снежня грамадскі статак буйной рагатай жывёлы налічваў больш як 41 тысячу галоў, што на 1,3 працэнта больш, чым было на гэты час летась. Агульная колькасць кароў засталася на мінулагоднім узроўні – 15442. Праўда, кароў малочнага напрамку пабольшала на 134 галавы. Валавая вытворчасць малака павялічылася на 12,3 працэнта. Непасрэдна ў лістападзе – на 11,9 працэнта. Таварнасць малака склала 91,6 працэнта. Сярэднясутачныя прывагі дасягнулі 590 грамаў – на 28 грамаў больш, чым на такі час летась. На 1 галаву паменшала цялят, якіх у разліку на 100 кароў атрымалі 67.
Паказчык невысокі і, што самае прыкрае, выпраўлення сітуацыі пакуль не назіраецца. Па разліках сельгасарганізацый, са сту-дзеня па май уключна плануецца атрымаць 7404 галавы прыплоду, што на 129 галоў менш, чым сёлета. Найбольшы “мінус” чакаецца ў “Новым Палессі”, “Азярніцы”, “Чучавічах” і філіяле “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод”. Алег Багук больш падрабязна спыніўся на прычынах, звязаных з недаатрыманнем пры-плоду, нагадаўшы, што ў раёне працуе група па аднаўленню статка, у склад якой уваходзяць два ўрачы-гінеколагі райветстанцыі і заатэхнік племстанцыі. На працягу года яны 118 разоў выязджалі ў гаспадаркі, дзе абследавалі 3228 кароў, з якіх 1766 пралячылі. У выніку праве-дзенай работы 1033 галавы ўдалося пакрыць. Больш падрабязна на дзейнасці групы засяродзіў увагу галоўны ветурач раёна Іван Ванюк, які адзначыў, што праве-дзеная работа не ва ўсіх гаспадарках мае працяг, а дзе-нідзе наогул ігнаруецца. Маўляў, вы працуйце, нас вучыце, а мы як рабілі, так і будзем рабіць…
Не дапускаць падобнага ў далейшым запатрабаваў Аляксандр Савіна. Ён канкрэтна прааналізаваў вынікі ў праблемных гаспадарках. Акрамя работы па аднаўленню статка, у разлік бралася вытворчасць і якасць малака, умовы ўтрымання жывёлы, зніжэнне пагалоўя і адсутнасць сістэмнасці ў рабоце. Былі заслуханы кіраўнікі і галоўныя заатэхнікі дзяржаўных прадпрыемстваў “Сінкевіцкі”, “Багданаўка”, “Азярніца”, “Велута”, “Чучавічы”, “Гарадоцкі” , ПУСП “Рэдзігерава-Агра”.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко запатрабаваў ад кіраўнікоў і спецыялістаў удзяліць асаблівую ўвагу пытанням аднаўлення статка, ідэнтыфікацыі жывёлы, арганізацыі кругласутачнага дзяжурства спецыялістаў на МТФ падчас святаў, захавання тэхналогіі вытворчасці і падтрыманню належнага парадку на фермах. Як паведаміў дырэктар ААТ “Лунінецкі малочны завод” Сяргей Карпец, у Расійскай Федэрацыі, куды накіроўваецца значная частка вырабляемага на прадпрыемстве сухога абястлушчанага малака, з пачатку студзеня ўводзіцца новая сістэма кантролю якасці. Каб не згубіць ужо заваяваныя рынкі збыту, больш жорсткім кантроль павінен быць і на месцах, інакш сыравіна, якая не адпавядае патрабаванням па якасці, прымацца не будзе.
Напрыканцы нарады Аляксандр Пачко паставіў перад жывёлаводамі задачы на 2018 год, заклікаўшы не спыняцца на дасягненнях і працягваць штодзень старанна выконваць абавязкі, бо выхадных у аграрыяў не бывае.