У клопаце аб будучай пуціне
Агропром

У клопаце аб будучай пуціне

карпыТрывалая кармавая база – аснова паспяховага развіцця вытворчасці, звязанай з вырошчваннем жывёлін і рыбы.
Недахоп ежы не змогуць кампенсаваць ніякія перадавыя тэхналогіі…
Яскрава гэта паказала сёлетняя пуціна ў доследным рыбгасе “Лахва”. Спадзяванні на багаты ўлоў, якія ўскладвалі спецыялісты вясной падчас зарыблення сажалак, патухлі задоўга да іх аблову з-за нізкай забяспечанасці камбікормам. На працягу сезона яго атрымалі толькі 50 працэнтаў ад патрэбы. Тэхналагічнымі рацыёнамі забяспечылі толькі рыбапасадачны матэрыял, так называемы малёк. У выніку, як і планавалі, яго атрымалі 100 тон. Прыкладна 30 тон спатрэбіцца для запаўнення сваіх сажалак, астатняе мяркуюць накіраваць на рэалізацыю іншым рыбгасам краіны. Але гэта – у перспектыве. Устойлівы попыт на малька пачынаецца толькі ў сакавіку, а да таго часу трэба клапаціцца аб яго захаванасці.
Таварнай рыбы вылавілі 270 тон, што складае 65 працэнтаў да задання. Гандлюючы на рынках Лунінца, Мікашэвіч, Століна, Пінска і Мінска, прыкладна за 2 месяцы прадалі 170 тон. Па меркаванню дырэктара рыбгаса Мікалая Яраховіча, астатнія 100 тон карпа і таўсталобіка будуць рэалізаваны да канца года. Гэта дазволіць скараціць затраты на зімоўку. У параўнанні з леташнім рыба 2013 года стала крыху таннейшай. Так, сярэдні карп у 2012-ым рэалізоўвалі па 22 тысячы рублёў за кілаграм, сёлета – па 20 тысяч. У той жа час, улічваючы рост тарыфаў на электраэнергію і паліва, выдаткі на яе вырошчванне павялічыліся. А для таго, каб выгадаваць рыбіну вагой у 1 кілаграм, неабходна скар-міць ёй 4 кілаграмы камбікорму, а гэта ў сярэднім 16 тысяч рублёў.
Нягледзячы на ўсе складанасці гэтага года, лахвенскія рыбакі зноў клапоцяцца пра будучую пуціну. Зараз яны ачышчаюць сажалкі, рамантуюць абсталяванне. Стараюцца справіцца з запланаванымі работамі да наступлення трывалых маразоў.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть