У клопаце пра будучы ўраджай
Агропром

У клопаце пра будучы ўраджай

lnc-006

Практычна кожную вясну першымі ў раёне  палявыя работы заканчваюць працаўнікі СВК “Лунінскі”. У аптымальныя тэрміны тут сеюць сельскагаспадарчыя культуры, своечасова даглядаюць іх…

А садзейнічае гэтаму вялікая падрыхтоўчая работа, праведзеная з восені. Вось і сёлета па стану на 2 снежня працаўнікі справіліся з заданнем па пад’ёму зябліва. Адпаведныя агратэхнічныя мерапрыемствы правялі на плошчы 800 гектараў.  Высокая дысцыпліна механізатарскіх кадраў, правільная расстаноўка сіл дазволілі літаральна за два тыдні вывезці на палеткі амаль усю нарыхтаваную арганіку. З назапашаных 29800 тон даставілі 29300. Калі заставалася работы на адзін дзень, выйшаў са строю пагрузчык. Яго “гаспадар” Васіль Дударга (на верхнім здымку) адразу прыступіў да рамонту. З ім  сустрэліся на мехдвары:

– Усе неабходныя запчасткі ёсць, таму доўга прастойваць не намераны, – кажа спецыяліст з 40-гадовым механізатарскім стажам. – Пагрузчыку ўжо 10 год, таму паломкі – справа прывычная. З іх ухіленнем спраўляюся сам, а калі трэба, то і з дапамогай калег. Інжынерная служба працуе нядрэнна, таму запчасткі доўга чакаць не даводзіцца.

Васіль Андрэевіч ужо даўно заслужыў права на адпачынак па ўзросту, але пакідаць прывычную для сябе работу і мяняць рытм жыцця пакуль не спяшаецца. Маўляў, здароўе дазваляе працаваць, а яго рабочыя рукі і вопыт у гаспадарцы не лішнія.

З-за паломкі пагрузчыка ў гэты дзень парушыўся і графік работы механізатараў, занятых на вывазцы арганікі, сярод якіх Леанід АБРАВЕЦ і Дзяніс ГРУДЗЬКО. У чаканні працягу работы яны заняліся прафілактыкай тэхнікі.

lnc-005

Каб вырасціць добры ўраджай сельгаскультур, адной арганікі, унесенай у глебу, недастаткова. Раслінам патрабуецца і мінеральнае харчаванне. Аб гэтым таксама дбаюць у “Лунінскім”. Не спадзеючыся на дзяржаўныя крэдыты і ўсялякага роду пазыкі, тут за ўласныя грошы набываюць калійныя ўгнаенні. Загадзя пралічыўшы, што на веснавую сяўбу неабходна мець 208 тон калію ў фізічнай вазе, 205 з іх ужо  даставілі на склад, размешчаны ва ўрочышчы “Хваецкае”. Праз дзень на Салігорскі калійны камбінат за чарговым грузам накіроўваецца Аляксандр БАГДАНЕЦ. Яго МАЗ-551605 з прычэпам за 1 рэйс бярэ 33-36 тон тукаў. Да канца года такім чынам у гаспадарку будзе дастаўлена 335 тон калійных угнаенняў, а гэта 160 працэнтаў да патрэбы.

lnc-004

Работы па назапашванню і дастаўцы на палі арганікі на Лунінеччыне працягваюцца амаль штодзень. Аб гэтым сведчаць радкі раённай зводкі. Па стану на 8 снежня сельгаспрадпрыемствамі назапашана 253018 тон угнаення, з іх 235364 –  вывезена на палі, а 67306 тон – унесена ў глебу. У «Лунінскім», у прыватнасці, гэтыя лічбы адпаведна – 29800 тон, 29300 і 799 тон.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть