Агропром

У клопаце пра новы ўраджай

хвоецкое 2

Позняя восень — гэта не толькі час падводзіць вынікі сельскагаспадарчага года, але і магчымасць зрабіць як мага большы задзел для закладкі падмурка пад ураржай наступнага.

Менавіта ў такім напрамку працуе калектыў СВК “Хваецкае”. На сённяшні дзень сярод першаступенных задач — узняцце зябліва. Згодна з планам, выканаць работы неабходна на плошчы 700 гектараў. Карыстаючыся спрыяльным надвор’ем, пачалі з найбольш аддаленых ад цэнтральнай сядзібы плошчаў. Для таго, каб дабрацца да месца, дзе працуе механізатар Мікалай ПРЫШЧЫК, давялося праехаць значную адлегласць, мінаючы пашу, сенажаці і палеткі з азімымі. Пад промнямі не вельмі цёплага, але ўсё яшчэ даволі яркага сонца яны зіхацелі нязвыклай для гэтага часу зелянінай. Нават не верылася, што на календары — апошнія дні кастрычніка.

Мікалай Васільевіч працаваў на адным з рэканструяваных меліяратарамі 4 гады таму 184-гектарным участку непадалёк ад Бобрыка. Спецыяліст старанна пераворваў глебу, дзе нядаўна ўбралі кукурузу. Вясной тут плануюць пасеяць авёс. Здалёк на вялізным палетку яго адзінокі трактар МТЗ-1221 здаваўся зусім маленькім, а прычэпленыя нешырокія паўтара-метровыя плугі — наогул цацачнымі.

З гутаркі даведаліся, што на час наведвання сельгаскааператыва з узараных 180 гектараў глебы, 100 — на яго рахунку. Можна было б і болей, але з-за паломкі трактара давялося на некалькі дзён затрымацца ў майстэрнях. Між тым, па знешнім выглядзе тэхнікі цяжка было нават уявіць, што яна ўжо 8 год служыць свайму гаспадару. Вось, што значыць умець шанаваць і берагчы! Два гады таму Мікалай Прышчык выйшаў на льготную пенсію. Аднак развітвацца з любімай работай не спяшаецца. Маўляў, пакуль ёсць сілы і жаданне, буду працаваць на дабрабыт роднай гаспадаркі.

Як расказаў галоўны спецыяліст па кормавытворчасці СВК “Хваецкае” Раман Харкевіч, калі не падвядзе надвор’е, узняцце зябліва плануюць закончыць прыкладна ў канцы лістапада. Нядаўна да гэтай справы далучыліся яшчэ 3 трактары, з іх адзін — энерганасычаны.

Паралельна вядуцца работы на лушчэнні сцярні. Кожны дзень на ўчасткі, дзе раней каласіліся нівы, выводзяць трактары з дыскамі механізатары Іван КАЛЕШКА і Андрэй АЛЬШЭЎСКІ. Калі ў Івана Васільевіча стаж работы ў гаспадарцы перабольшвае 30 год, то ў Андрэя Міхайлавіча — ён толькі пачынаецца. Між тым, па выніках уборкі збожжавых, з 5-ці экіпажаў камбайнаў, якія працавалі на сёлетнім жніве, яго 700-тонны намалот стаў у гаспадарцы трэцім вынікам.

хвоецкое 1

Адной са складаючых будучага ўраджаю з’яўляюцца азімыя збожжавыя. Яны ў “Хваецкім” пасеяны на плошчы 550 гектараў, яшчэ 71 гектар — на зялёны корм для буйной рагатай жывёлы. Усе культуры пакуль у добрым стане. Заклапочанасць выклікае хіба што азімы рапс. Са 181 гектара толькі на 80-ці ён мае выгляд, адпавядаючы гэтай пары года. Між тым, спадзяванні на тое, што цёплае надвор’е яшчэ працягнецца, даюць надзею, што і тут ён набярэ патрэбную сілу, каб у добрым стане ўвайсці ў зімоўку.

Галіна Кучэйка

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть