У полі работ – круглы год
Уборка бульбы, кукурузы на зерне і нарыхтоўка кармоў – асноўныя палявыя работы, якімі заняты ў гэтыя восеньскія дні сельгасвытворцы Лунінеччыны.
Па стану на 16 кастрычніка заставалася выкапаць клубні на 45 гектарах, што складае 5 працэнтаў да наяўных плошчаў. Усяго пры сярэднераённай ураджайнасці 202 цэнтнеры з гектара атрымалі 18 тысяч 300 тон бульбы. На зімовае захоўванне значная частка таварных і насенных клубняў будзе закладзена ў агароднінасховішчы. Яны ёсць амаль ва ўсіх гаспадарках, якія сур’ёзна займаюцца вытворчасцю гэтай культуры. Так, СВК “Гарадоцкі” мае магчымасць адначасова размясціць 2 тысячы тон, “Азярніца” – 1,5 тысячы, Палеская станцыя і фермерская гаспадарка “Юліян” – па 3 тысячы тон. Чакаецца, што да канца года сучаснае агароднінасховішча таксама на 3 тысячы тон бульбы пачне дзейнічаць і ў СВК “Вулькаўскі світанак”.
Радуе сёлета буйным зернем кукуруза ў СВК “Лунінскі”, дзе пры сярэдняй па раёне ўраджайнасці 41 цэнтнер з гектара намалочваюць па 73 цэнтнеры і з 39 гектараў маюць 283 тоны зерня. 79 цэнтнераў на круг – такая ўраджайнасць кукурузы ў працаўнікоў Палескай станцыі, 50 – у СВК “Багданаўка”. Уборку кукурузы на зерне вядуць 9 з 16-ці сельгасарганізацый раёна. Іх агульны намалот складае крыху больш як 1567 тон зерня.