У «Сінкевіцкім» пачалі выкарыстоўваць «пярыны» для кароў
МикашевичиЭкономикаАгропром

У «Сінкевіцкім» пачалі выкарыстоўваць «пярыны» для кароў

Ні для каго не сакрэт, што правільны выбар падсцілкі забяспечвае каровам камфортны адпачынак і стабільна высокія надоі малака, а таксама зніжае рызыку захворванняў жывёл. І хоць многія беларускія жывёлаводы па-ранейшаму аддаюць перавагу прывычнай саломе, пілавінню і пяску, колькасць тых, хто пачынае на практыцы выкарыстоўваць новыя віды матэрыялаў, паступова павялічваецца. Сярод такіх першапраходцаў і дзяржаўнае прадпрыемства «Сінкевіцкі».
– Сёння амаль трэць дойнага статка нашай гаспадаркі ўтрымліваецца на малочнатаварным комплексе ў Сітніцкім Двары, які эксплуатуецца ўжо дзесяцігоддзе, – расказвает галоўны заатэхнік Канстанцін Акофін. – Зразумела, што частка абсталявання маральна састарэла. Таму, калі вырашылі палепшыць умовы ўтрымання буйной рагатай жывёлы з дапамогай сучасных тэхналогій, пачалі з мадэрнізацыі аднаго з кароўнікаў менавіта гэтага падраздзялення і паклалі ў якасці падсцілкі спецыяльныя маты.
Навінку распрацавалі на пінскім прадпрыемстве «Экапрадшына», там жа летась асвоілі яе вытворчасць са старых шын па еўрапейскай тэхналогіі. Вырабы ўяўляюць сабой мяшкі з бяспечнай, поліпрапіленавай тканіны з напаўняльнікам з гумавай крошкі дробнай фракцыі з элементамі тэкстыльнага корду. Па сваіх параметрах новая прадукцыя адпавядае ўмовам пашы, а па шчыльнасці – прыроднаму грунту.
– У правільна ўладкаваных стойлах каровы адпачываюць 12 гадзін у суткі, у нязручных – не больш за 7. Кожная дадатковая гадзіна ляжання жывёлы – гэта яшчэ 1 літр малака, – падкрэслівае суразмоўца. – Акрамя гэтага, у спецыяльных матах – цудоўныя цеплаізаляцыйныя ўласцівасці, даўгавечнасць і яшчэ шмат добрых якасцяў. Яны змяншаюць колькасць захворванняў апорна-рухальнага апарата, паляпшаюць вытворчыя і фінансавыя паказчыкі, скарачаюць выдаткі на ўборку стойлаў і дастаўку падцілачнага матэрыялу.
Новы прадукт ужо прайшоў ветэрынарны кантроль і атрымаў станоўчае заключэнне беларускіх вучоных.
– Першымі выпрабавалі якасці поліпрапіленавых матаў гаспадаркі Кобрынскага і Пінскага раёнаў, дзе яны добра зарэкамендавалі сябе на практыцы, – падкрэсліў К.В. Акофін. – Наша гаспадарка можа акупіць выдаткі на набыццё і мантаж гэтага абсталявання ўсяго за год, між тым тэрмін яго эксплуатацыі не менш за 10 гадоў. Аднак ужо цяпер зразумела, што маты ў кароўніку – не раскоша, а неабходнасць.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть