Выконваць сваю працу сумленна
Калектыў ПСУП “Рэдзігерава-Агра” нядаўна ўзначаліў Аляксандр Скіба. Падводзячы вынікі работы за 5 месяцаў, малады кіраўнік сціпла адзначае, што яго непасрэднай работы ў іх пакуль нябачна.
На палях і фермах людзі працуюць у сваім звычайным рытме. Прыемна, што ў параўнанні з мінулым годам вытворчасць малака за 5 месяцаў павялічылася на 11,5 працэнта і склала 12333 тоны. Вырасла таксама і яго рэалізацыя на ААТ “Лунінецкі малочны завод”. Надоі ў разліку на карову склалі 1532 кілаграмы, што амаль на 150 літраў больш, чым летась. Усё гэта сведчанне таго, што на зімова-стойлавы перыяд нарыхтавалі дастаткова кармоў, без збояў правялі перавод дойнага статка на летне-пашавае ўтрыманне, забяспечылі вадой, соллю. Аддачу дала таксама паша, якая ў гаспадарцы перазалужаецца рэгулярна праз кожныя 2-3 гады і ўражвае разнастайнасцю траў. Тут ёсць канюшына белая, цімафееўка, яжа зборная, касцёр. Сёлета на 10 гектарах падсеялі люцэрну. На корм жывёле прызначаюцца і аднагадовыя культуры, размешчаныя на плошчы 373 гектары. Яны, а таксама кукуруза (740 гектараў) і шматгадовыя травы, сярод якіх і 280 гектараў пасеяных сёлета, пойдуць на закладку сенажу і сіласу для кармлення грамадскага пагалоўя ў зімова-стойлавы перыяд.
Зараз вялікую ўвагу ў гаспадарцы надаюць догляду за пашай. Пасля выпасу жывёлы траву заўсёды падкошваюць і падкормліваюць мінеральнымі тукамі. Таму ёсць надзея, што час вялікага малака яшчэ працягнецца. Старанна выконваюць свае абавязкі аператары машыннага даення, сярод якіх Алена Захарчук, Марыя Сахарук, Ганна Самусевіч, Алена Куляшова, Людміла Зубава. Большасць з гэтых жанчын працуе на Чэрабасаўскай МТФ, якую ўзначальвае Алена Губарэвіч. Пад яе кіраўніцтвам працуе таксама аператар па дарошчванню буйной рагатай жывёлы Людміла Захаркевіч, сярэднясутачныя прывагі жывёлы ў яе групе дасягаюць 700 грамаў. На жаль, наблізіцца да іх больш нікому ў гаспадарцы не ўдаецца.
Добрыя гаспадары летне-пашавы перыяд звычайна выкарыстоўваюць для рамонту і падрыхтоўкі жывёлагадоўчых памяшканняў да стойлавага ўтрымання. На рэдзігераўскіх фермах гэтыя работы таксама вядуцца: памяшканні ачышчаюць ад гною і беляць, рамантуюць падлогі.
У жніўні чакаецца ўвядзенне ў строй новага малочнатаварнага комплексу на 765 галоў дойнага статка. Тады адкрыецца новая старонка ў працоўнай біяграфіі жывёлаводаў.
Галіна КУЧЭЙКА