Хлеб — усяму галава: у полі, у доме, у дзяржаве!
Агропром

Хлеб — усяму галава: у полі, у доме, у дзяржаве!

дожинки

Дождж… Яго чакалі, на яго маліліся, а ён прыйшоў, калі хлебаробы Лунінеччыны ладзілі сваё галоўнае свята – Дажынкі.

І ўсё ж, шчодры лівень не перашкодзіў Кажан-Гарадку прыняць гасцей з усяго раёна.    Як толькі цяжкія асеннія хмары далі невялікае “акенца”, свята пачалося. Адкрылася яно ўскладаннем вянкоў і кветак     да помніка загінуўшым землякам.

Тым часам на адной з вуліц, што вядуць да цэнтральнай плошчы, рыхтаваліся да ўрачыстага шэсця пераможцы сёлетняга жніва. У святочнай калоне – прадстаўнікі ўсіх гаспадарак раёна, адкуль залацістымі струменьчыкамі лілася збажына для важкага каравая. Сімвал старанняў земляробаў – хлеб на вышытым ручніку – урачыста прыняў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко. Звяртаючыся да прысутных, ён сардэчна падзякаваў працаўнікам палёў за адданасць справе, за тое, што здолелі супрацьпаставіць капрызам надвор’я прафесіяналізм, зладжанасць і высокую арганізаванасць пры правядзенні ўсіх сельскагаспадарчых работ.

У знак удзячнасці духмяныя караваі былі ўручаны ўсім кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў раёна. Праз некалькі хвілін некаторыя з іх узнімуцца на сцэну, каб з рук старшыні райвыканкама атрымаць галоўную ўзнагароду года – адзнаку за перамогу на жніве. І першы з іх – Уладзімір Соц: узначальваемы ім СВК “Вулькаўскі світанак” заняў трэцяе месца ў спаборніцтве за найбольш важкі намалот. На другім месцы – СВК “Хваецкае”: перамогу разам з падначаленымі святкаваў старшыня Васіль Лазіцкі. “Золата” ў спаборніцтве на жніве заслужана дасталася СВК “Велута” і яго старшыні Сяргею Наварычу.

На сцэну выходзілі працаўнікі, чыімі рукамі да апошняга зярнятка ўбраны і захаваны ў такіх складаных умовах вырашчаны ўраджай. Сярод іх: камбайнеры Ігар Свібовіч і Міхаіл Нікалаевіч (КУП “Міжлескае”), Аляксей Саўчук (філіял “Аграграніт”), Аляксандр Кіндрук і Сяргей Ільючык (СВК “Дварэцкі”), Мікалай Боўбель і Максім Панасевіч (СВК “Гарадоцкі”); вадзіцелі:  Уладзімір Кіндрук і Аляксандр Казун (СВК “Дварэцкі”), Дзмітрый Канапацкі (КУП “Міжлескае”), Аляксандр Кірбай (ПУСП “Рэдзігерава-Агра”); аператары сушылак: Віктар Пратасавіцкі (Палеская станцыя) і Уладзімір Яраховіч (СВК “Вулькаўскі світанак”).

Ганаровымі граматамі рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў грапрама ўзнагароджаны Міхаіл Латышэвіч і Алег Глытаў (СВК “Новае Палессе”), Уладзімір Тарасеня (СВК “Велута”) і Вера Вячорка (СВК “Вулькаўскі світанак”). Высокія ўзнагароды ім уручыў старшыня рэспубліканскага галіновага прафсаюза Мікалай Лабушаў.

Не застаўся ўбаку ад цырымоніі ўзнагароджвання раённы аграпрамысловы саюз. Яго старшыня Уладзімір Соц перадаў падарункі старшыні СВК “Чучавічы” Сяргею Богушу, камбайнеру гэтай гаспадаркі Аляксандру Гаргуну, камбайнерам філіяла “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод” і СВК “Багданаўка” Мікалаю Кавальцу і Паўлу Ярмольчыку, галоўнаму аграному Палескай станцыі Рыгору Кавальцу, вадзіцелю СВК “Азярніца” Анатолю Емельяновічу.

З Дыпломамі і каштоўнымі падарункамі завітаў на свята старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрама Аляксандр Дубініч. Узнагароды ён уручыў галоўнаму аграному СВК “Гарадоцкі” Сяргею Скібу, камбайнеру СВК “Дзятлавіцкі” Аляксандру Емельяновічу, вадзіцелю ААТ “Лунінецкі райаграсервіс” Анатолю Казуну, камбайнеру СВК “Лунінскі” Міхаілу Савіловічу, брыга-дзіру СВК “Новае Палессе” Васілю Насені.

Пастараліся да свята гандляры. Палаткі з вялікім асартыментам харчовых тавараў і ўсемагчымых ласункаў адкрылі на “Дажынках” філіялы райспажыўтаварыства і “ДорОРС”. Дэгустацыю прадукцыі ладзіў цэх хлебапячэння НВК “Палессе”. Наведвальнікаў чакалі прылаўкі, устаноўленыя індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Хоць і ўносіў свае карэктывы дождж, не магла не захапіць прапаноўваемымі вырабамі выстава-кірмаш “Хараство ўмелых рук”. На імправізаваных пляцоўках ладзіліся спартыўныя спаборніцтвы.

А што да песень, то канцэрт поўнасцю адпавядаў сваёй назве – “Душа мая – Палессе”. Сваю творчасць “Дажынкам” дарылі народныя ансамблі “Шляхцічы”, “Прымакі”, “Сустрэча”, “Вандроўнікі”, клуб аматараў песні “Весніца”, салісты Максім Перапёлкін, Галіна Куліцкая, Крысціна Збралевіч і многія іншыя непаўторныя таленты нашага краю. Іх галасы аж да самай Прыпяці несла спакойная Цна. Акорды свята шматгалосым пошчакам каціліся па вуліцах старажытнага мястэчка, якое прыкметна пахарашэла і даўно заслужыла гулянне падобнага кшталту. Як заслужыў яго кожны, хто сілы і старанне шчодра аддаваў дзеля таго, каб на нашым стале заўсёды быў цёплы бохан.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть