Агропром

Якасць на першым плане

лобчанское 2015Для забеспячэння буйной рагатай жывёлы травяністымі кармамі на зімова-стойлавы перыяд філіялу “Лобчанскае “Лунінецкі малочі завод” неабходна нарыхтаваць 910 тон сена, 6000 тон сенажу і 10000 тон кукурузнага сіласу.

Асноўнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы гаспадаркі ў летні перыяд утрымліваецца ў памяшканнях. Для гэтага тут створаны спрыяльныя ўмовы, працуе добраналаджаны зялёны канвеер. Яго забяспечвае корманарыхтоўчае звяно, якім кіруе Іна Кавалец. Вопытны спецыяліст выдатна разумее, што і калі трэба зрабіць, каб выканаць пастаўленыя задачы. Пабываўшы на сенажацях гаспадаркі разам з галоўным аграномам райсельхасхарчу Барысам Абраўцом, упэўніліся, што работа тут наладжана на высокім узроўні.

Першым аб’ектам наведвання стала тэрыторыя складзіравання кармоў, дзе заканчвалі запаўняць чарговую сянажную траншэю. Сюды прыбывала гружаная зялёнай масай тэхніка. Два магутныя трактары акуратна разроўнівалі яе і бесперапынна ўтрамбоўвалі. Зацікавіла незвычайная канструкцыя, прымацаваная да “Джон-Дзіра”, якім кіраваў Іван Абравец. Як патлумачыў механізатар, гэта спецыяльны каток-трамбоўшчык. Некалькі дзён таму яго “пазычылі” ў “Парахонскім” — сумежнай з імі гаспадарцы Пінскага раёна. На погляд даволі мініяцюрная ў параўнанні з трактарам канструкцыя важыць 3 тоны і выдатна ўшчыльняе правяленую масу. Побач не горш выконвае гэтую аперацыю на “Амкадоры” трактарыст Анатоль КАВАЛЬЧУК. Як расказаў кіраўнік філіяла Міхаіл Ільючык, ад іх старанняў у многім залежыць якасць сенажу.

Ні адзін кілаграм грубага корму не праходзіць міма вагаў і ўважлівага кантролю з боку кладаўшчыка Тамары ЯКАВЕЦ. За рабочы дзень толькі зялёнай масы яна і яе напарніца Наталля Наварка прымаюць па 300-350 тон. Па 30-40 тон — выдаюць на корм жывёле. Усё гэта дакладна фіксуецца ў адпаведных журналах.

Раней за ўсіх на сенажаці выводзяцца касілкі. Іх у “Лобчанскім” дзве. Ротарнай з кандыцыянерам кіруе Міхаіл Котаў. Яго задача — за дзень палажыць травы ў пракосы на 35-гектарнай плошчы. Выйшаўшы на сенажаць у 5 гадзін ранку, да 12-ці скасіў большую частку плошчы. Маўляў, найлепш косіцца ў расу.

Ажыўлена вялася работа на ўчастку па падбору зялёнай масы. Вось на хвіліначку прыпыніліся два трактары з граблямі. Механізатары Юрый ЯКАВЕЦ і Сяргей НАВАРКА закончылі згрэбваць траву ў валкі і мелі намер пераехаць на новы ўчастак. Ды крышачку не пашанцавала аднаму з іх: паломку грабляў вырашылі выправіць тут жа на полі.

Гледзячы, як хутка падбіралі валкі, здрабнялі траву і напаўнялі падвяленай масай кузавы аўтамабіляў і трактароў кормаўборачныя камбайны, якімі кіравалі Уладзімір Пашкевіч і Віктар Дзічкоўскі, было не дзіўна, што да сянажнай траншэі яны рухаліся бесперапынна адзін за другім. Заўважаўшы, што вось-вось запоўніцца кузаў чарговай машыны, хуценька ірвануў з месца на МТЗ-82 з вялікагрузным прычэпам перадавік на перавозках Генадзь МАЦКЕВІЧ…

У гарачыя дні асноўнае рабочае месца кіраўніка сельгаспрадпрыемства Міхаіла Ільючыка, здаецца, таксама перамясцілася на сенажаці. Недасведчанаму чалавеку можна было толькі здзіўляцца, як аператыўна і хутка ён вырашае ўзнікаючыя праблемы: там тэхніка паламалася, там трава перасыхае, а тут яна ўжо гатова для падбору на сена… Дасць збой хоць адно звяно ў ланцужку, поспеху не атрымаецца.

З траў першага ўкосу ў філіяле нарыхтавалі кармоў больш за 3 кармавыя адзінкі ў разліку на ўмоўную галаву.

Галіна КУЧЭЙКА



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть