Агропром

Ёсць справа рукам працавітым

Пачатак веснавых палявых работ – самы жаданы і доўгачаканы момант для хлебаробаў. Аднак масава прыступіць да іх адначасова ўсім сельгасарганізацыям Лунінеччыны не атрымліваецца. Калі на мінеральных глебах поўным ходам вядзецца сяўба аўса, то на меліяраваных – толькі рыхтуюцца ўчасткі.

За гэтай справай напрыканцы мінулага тыдня засталі і хлебаробаў Палескай доследнай станцыі. Як расказаў галоўны аграном Рыгор Кавалец, землі пакуль пераўвільготнены, і не на кожным участку можна весці работы. Тым не менш, трактары ў поле вывелі больш як тыдзень таму.

Сёлета працаўнікам станцыі неабходна пасеяць ранніх каласавых на плошчы 550 гектараў. Каб знізіць вясной  нагрузку на людзей і тэхніку, з восені ўзнялі зябліва на плошчы 638 гектараў, акрамя таго, унеслі тукі на 141-гектарным участку. З вывезеных амаль 22 тысяч тон арганікі значную частку зааралі. Глебу пад авёс ужо заправілі неабходнымі ўгнаеннямі, зараз – рыхтуюць пад ячмень. Работы вядуцца адначасова на розных участках.

Разам з дырэктарам станцыі Аляксандрам Юзупанавым і галоўным аграномам пабывалі ва ўрочышчы, дзе размешчаны асноўныя палеткі і сканцэнтраваны механізатарскія сілы. Здалёк заўважылі два агрэгаты. Гэта вопытныя трактарысты Міхаіл Масеціч і Алег Шыгаўдзінаў дыскавалі чарговы ўчастак:

– Працуем ужо больш як тыдзень. Настрой выдатны, – кажа Алег Фасахавіч. – За зіму рукі засумавалі па прывычнай рабоце. Першыя двое сутак нават спіна балела. Механізатарская справа нялёгкая: на поле выязджаем у 7 гадзін ранку, вяртаемся позна вечарам. Але адчуваем асаблівае задавальненне і верым, што  наша праца абавязкова дасць плён у выглядзе добрага ўраджаю. На многіх участках пакуль шмат лішняй вільгаці. Тэхніка раз-пораз грузне. Нядаўна толькі вылезлі з самай гразкай на гэтым полі нізіны. Спадзяемся, далей работа пойдзе весялей.

Па дарозе сустрэлі трактар яшчэ аднаго механізатара. Гэта Андрэй Калешка завяршыў культываванне і спяшаўся на чарговы ўчастак.

– Таксама добры механізатар, – адзначыў Рыгор Кавалец. – Усе даручаныя заданні выконвае своечасова і якасна.

Пабывалі і на заворванні арганікі, якую старанна запраўляў у глебу  Генадзь Радзіонаў…

Літаральна праз пару дзён на станцыі распачалі сяўбу.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть