Агропром

З надзеяй на добры ўраджай

Веснавую сяўбу працаўнікі дзяржаўнага прадпрыемства “Хваецкае” сёлета пачалі з люцэрны.

Як расказаў галоўны аграном Аляксандр РАФАЛОВІЧ, на палях гаспадаркі гэтая высокабялковая культура набыла сваю прапіску толькі летась. Пасеялі 20 гектараў на тарфяніках. Праўда, атрымаць паўнацэнны ўраджай не змаглі, перашкодзіла засуха. Тым не менш, вырашаць праблемы з кармавой базай для буйной рагатай жывёлы неабходна, а без укаранення новых эфектыўных культур не атрымаецца. Сёлета пад чыстую люцэрну адвялі 47 гектараў на мінеральных землях, яшчэ 39-гектарная плошча будзе засеяна ў сумесі з яравымі зерневымі.

Асноўным сеяльшчыкам у гаспадарцы трэці год з’яўляецца Сяргей ЕСАУЛЕНКА, у распараджэнні якога энерганасычаны трактар з шыроказахопнай сеялкай. Прыехаўшы на поле разам са старшынёй райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Вольгай Ермалёнак, пацікавіліся ў механізатара, як ідуць справы:

– Работа ладзіцца. Пры норме 15 гектараў за дзень, сёння пастараюся выканаць 25. Глеба добра падрыхтавана, запраўлена фосфарнымі і калійнымі ўгнаеннямі, у ёй дастаткова вільгаці. Перад выхадам у поле нас пазнаёмілі з умовамі спаборніцтва і расцэнкамі. З заўтрашняга дня будуць забяспечваць гарачым харчаваннем, 90 працэнтаў кошту якога аплачвае гаспадарка. Я ж прыехаў у Беларусь з Украіны. Пра такія ўмовы працы там нават нельга было і марыць. Тэхніка – яшчэ савецкіх часоў, работа ў полі ад цямна да цямна. Землі, праўда, там больш урадлівыя і без падобных “сюрпрызаў”, калі здаецца, ідзеш па роўным полі і раптам – пастка, па-ўкраінску “мачак”, з якой без пабочнай дапамогі трактар не выцягнеш. Пакуль у такія яшчэ не трапляў. Мяркую, што надвор’е і надалей будзе спрыяльным: не засушыць палеткі і не залье дажджамі.

На гэта спадзяецца і Аляксандр Рафаловіч, які паведаміў, што заўтра сеялку СПУ-6 выведзе ў поле і Валерый Лемяшэўскі. Работы пойдуць хутчэй. Згодна з заданнем, пад яравую сяўбу ў гаспадарцы сёлета адведзена 550 гектараў. Амаль усё насенне адпавядае  1-ай рэпрадукцыі, трэба будзе толькі закупіць у “Гарадоцкім” 5 тон элітнага аўса. Па меры неабходнасці набываюць у “Хваецкім” пратручвальнікі. Іх забяспечанасць пакуль адпавядае 50 працэнтам да патрэбнага. У цэлым працуем у штатным рэжыме.

На гэтым тыдні пасяўныя агрэгаты на палеткі вывелі ўсе сельгаспрадпрыемствы Лунінеччыны.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть