Агропром

За святам зноў наступяць будні

У атмасферы святочнасці і ўрачыстасці праходзіў справаздачны сход у СВК “Чучавічы”.
Рабочая частка мерапрыемства, якая ўключала ў сябе даклады старшыні і членаў праўлення аб зробленым у 2013-ым і задачах на бягучы год, плаўна перайшла ва ўрачыстасць ушанавання перадавікоў вытворчасці. Пад цёплыя словы віншаванняў і ўдзячнасці за старанныя адносіны да справы каштоўныя падарункі прымалі заслужаныя працаўнікі і ветэраны гаспадаркі. Добраму настрою спрыяла і разгорнутая ў фае цікавая выстава, што расказвала аб гісторыі стварэння і развіцця сельгаскааператыва. Увагу прыцягвала кніга Працоўнай славы, якая з пачатку года папоўнілася новымі прозвішчамі. А размешчаныя побач Ганаровыя граматы, дыпломы і падзячныя пісьмы, атрыманыя ў розныя гады працавітымі аднавяскоўцамі, нагадвалі што толькі добрай працай можна дасягнуць павагі і дабрабыту. Нельга было прайсці міма фотаальбомаў, здымкі ў якіх нагадвалі аб мінулым гаспадаркі. Сярод самаробных кветак і вышываных абрусаў, размешчаных на шматлікіх паліцах і сталах, не губляліся папкі з матэрыяламі пярвічных арганізацый ГА “Белая Русь”, “БРСМ “Чучавічы”, у якіх адлюстраваны сённяшні дзень гаспадаркі.
А колькі радасці падарыла прысутным канцэртная праграма, падрыхтаваная народным ансамблем “Шляхцічы”! Рэпертуар іх песень быў настолькі светлым і чыстым, як само жыццё нашай роднай вёсачкі. Сваімі прыгожымі галасамі спевакі так заваражылі, што нават мужчыны не спяшаліся, як яны гэта робяць звычайна, пакінуць залу.
Алена МУРАВЕЙКА, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце СВК “Чучавічы”.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть