Задачы пастаўлены, каб іх выконваць
Агропром

Задачы пастаўлены, каб іх выконваць

собраниеСправаздачныя і справаздачна-выбарчыя сходы прайшлі практычна ва ўсіх сельгасарганізацыях раёна.

Вынікі работы за 2014-ты і перспектывы на 2015-ты абмеркавалі і працаўнікі СВК “Новае Палессе”. Пазнаёміўшы з парадкам дня, сакратар сходу запрасіла ў прэзідыум кіраўніка і членаў праўлення сельгаскааператыва, старшынь сельвыканкама Людмілу Пашкевіч і райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандра Дубініча, галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна Кацярыну Максімовіч, начальніка аддзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі РАУС Андрэя Біцутку, участковага інспектара Дзмітрыя Буйніча.

Мінулы год для калектыву аказаўся няпростым. Як паведаміў падчас справаздачы старшыня Віталь Ермалёнак, былі ў ім свае плюсы і мінусы. Парадавала раслінаводства. Збожжа намалацілі амаль 5 тысяч тон. Пры ўраджайнасці 28 цэнтнераў з гектара атрымалі 503 тоны рапсу. Культура прынесла не толькі 615 мільёнаў рублёў прыбытку, але і задавальненне: па вытворчасці масланасення рапсу занялі першае месца ў вобласці. Пры нарыхтоўцы кармоў на зімова-стойлавае ўтрыманне ўдзялілі асаблівую ўвагу закладцы сенажу ў рулонах, для чаго выкарыстоўваюцца ў асноўным бабовыя культуры. Сёлета плошчы пад гароха-віка-аўсяныя сумесі плануецца павялічыць да 400 гектараў. Атрыманы па сучаснай тэхналогіі сянаж дазволіць павысіць прадуктыўнасць малочнага статка. На жаль, за мінулы год валавыя надоі малака ў параўнанні з папярэднім 2013-ым зменшыліся на 178 тон і склалі 2478 тон. З 85 да 84 працэнтаў “упала” яго таварнасць. Валавыя прывагі таксама знізіліся на 45 тон.

“Мінусы” ў жывёлагадоўлі далі МТФ №№ 1 і 2. У той жа час упэўнена нарошчвае вытворчасць прадукцыі калектыў рэканструяванай МТФ №5. У параўнанні з 2013-ым на 23 працэнты больш надаілі малака. Паступова вырашаюцца праблемы з вырошчваннем маладняку. Летась пабудавалі два прафілакторыі на 160 галоў, што дазволіла павысіць сярэднясутачныя прывагі і палепшыць захаванасць цялят.

Сярод лепшых работнікаў жывёлагадоўлі Віталь Ермалёнак назваў Вольгу Чайкоўскую, Марыю Проц, Тамару Ляхаву, Марыю Сідарук. Пажадаўшы ім плённай працы ў далейшым, кіраўнік гаспадаркі агучыў цікавую лічбу: колькасць пчоласямей у СВК дасягнула 125, і ўжо можна ставіць задачу атрымаць ад іх не менш як 2,5 тоны мёду.

Вялікая заслуга ў правядзенні ўсіх палявых работ на рахунку механізатараў і вадзіцеляў, якія не лічацца са сваім часам, і калі трэба, працуюць па 12-14 гадзін у суткі. Гэтай катэгорыі працаўнікоў у гаспадарцы недастаткова, што пазней у сваім дакладзе пацвердзіў і галоўны інжынер. У той жа час яны не толькі выконваюць патрэбную работу, але і эканомяць сродкі. Не змяншаючы апрацоўваемыя плошчы, дызельнага паліва за мінулы год зрасходавалі на 17 тон менш, а бензіну — на 7 тон. Дасягнутае — гэта не толькі вынік укаранення высокапрадукцыйнай тэхнікі, але і беражлівыя адносіны з боку вадзіцеляў і механізатараў. Лепшыя з іх — Мікалай Жуковіч, Аляксандр Курак, Васіль Клеўжыц, Дзмітрый Шэўчык, Міхаіл Латышэвіч. Кожны годна працуе на сваім месцы. У той жа час Віталь Ермалёнак выказаў здзіўленне, чаму ніхто з механізатараў не згаджаецца сесці за новы прэс-падборшчык. Работа на ім напружаная, але і зарплата высокая. Нагадаў кіраўнік і аб тым, што трэба паспяшацца з падрыхтоўкай тэхнікі да веснавых работ, тым больш што для гэтага ёсць дастаткова запчастак і матэрыялаў.

Пасля таго як выступленне старшыні дапоўнілі галоўныя спецыялісты, перайшлі да абмеркавання пытання па рэарганізацыі сельгаскааператыва ва ўнітарнае прадпрыемства. Уважліва выслухаўшы, дзеля чаго гэта робіцца, працаўнікі згадзіліся на рэарганізацыю, якая будзе завершана да канца 2016 года.

Сярод іншых разглядаемых пытанняў была справаздача старшыні прафкама, падвядзенне вынікаў працоўнага саперніцтва з уручэннем прэмій пераможцам, выступленні запрошаных на сход прадстаўнікоў ад улады і прафсаюза. Дарэчы, старшыня сельвыканкама Людміла Пашкевіч папярэдзіла прысутных аб неабходнасці навесці парадак на прысядзібных участках, у адваротным выпадку на нядбайных гаспадароў будуць складацца пратаколы. Прапанавала яна і выйсці “ўсёй вёскай” на суботнік, каб прыбраць могілкі.

Урачыста правялі на заслужаны адпачынак ветэранаў працы. Сёлета іх двое —дыспетчар Таццяна Самусевіч і загадчык машыннага двара ў Барсукова Міхаіл Яраховіч.

Закончылася мерапрыемства цудоўным канцэртам з удзеламі вакальных і танцавальных калектываў Палаца культуры “Граніт”.

Галіна КУЧЭЙКА



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть