Агропром

Жаданне працаваць ад душы

Правядзенне свайго галоўнага сходу працаўнікі дзяржаўнага прадпрыемства “Гарадоцкі” запланавалі на Дзень абаронцаў Айчыны. І, як аказалася, не памыліліся. Па тым настроі, што панаваў у актавай зале  Кажан-Гарадоцкага СДК, дзе сабралася асноўная колькасць работнікаў сельгаспрадпрыемства і пенсіянераў, адчуваўся подых сапраўднага свята. Людзі з усмешкамі на тварах праглядалі дэманструемыя слайды, кожны кадр з якіх выхопліваў моманты мінулагодніх рабочых будняў і найбольш значных падзей з жыцця  калектыву. Працаўнікі пазнавалі сябе і калег, прыгадвалі месцы дзеянняў…

Справаздачу аб выніках работы дырэктар Аляксандр Епішка пачаў са станоўчых момантаў. Так, тэмпы росту валавай прадукцыі ў жывёлагадоўлі ў параўнанні з 2015 годам павялічыліся на 16,5 працэнта: на 12 працэнтаў вырасла вытворчасць малака, на 29 – мяса. У раслінаводстве гэтая лічба больш сціплая – каля 5 працэнтаў. На жаль, зменшылася вытворчасць зерневых і бульбы. З-за вымярзання недаатрымалі 250 тон азімага рапсу. А вось кармоў для грамадскага статка назапасілі ў разліку на ўмоўную галаву – 25,7 цэнтнера кармавых адзінак, што прыкметна больш, чым летась.

Усяго ў гаспадарцы працуюць 209 чалавек. Сярэднямесячны заробак складае 346,5 рубля, што на 21 працэнт больш, чым у папярэднім годзе.

Ад рэалізацыі прадукцыі атрымалі амаль 3 мільёны рублёў выручкі, у якой удзельная вага прадукцыі жывёлагадоўлі складае 85 працэнтаў. Рэнтабельнасць малака з мінус 10,3 працэнта ў 2015-ым летась павялічылася да  плюс 21,6 працэнта.  Яго атрымалі амаль на 500 тон больш, а надой на карову вырас на 545 кіла-грамаў і  склаў 3805. Значна палепшылася якасць – 72 працэнты малака  рэалізавалі класам “экстра”, яшчэ 10 працэнтаў – вышэйшым гатункам.

У той жа час па-ранейшаму стратным застаецца вырошчванне жывёлы на мяса (рэнтабельнасць мінус 49,8 працэнта). Аляксандр Епішка засяродзіў таксама ўвагу на невытворчым выбыцці жывёлы, з-за чаго гаспадарка панесла страты. А іх можна было не дапусціць, калі б некаторыя спецыялісты і працаўнікі больш сур’-ёзна ставіліся да сваіх абавязкаў.

Непакоіць рост крэдыторскай запазычанасці, якая працягвае павялічвацца. У той жа час зніжаецца запазычанасць па доўгатэрміновых  крэдытах, што радуе.

Агучваючы планы на гэты год, кіраўнік гаспадаркі выказаў спадзяванне, што калектыву ўдасца выправіць леташнія недахопы і дасягнуць пастаўленых мэт. А зрабіць трэба шмат: тэмпы росту валавай прадукцыі павялічыць на 5 працэнтаў; вытворчасць малака – на 15, мяса – на 3; зерня – на 35, бульбы – на 77  працэнтаў.  У выніку ад рэалізацыі прадукцыі запланавана атрымаць каля 130 тысяч рублёў чыстага прыбытку і выйсці на станоўчую рэнтабельнасць у межах 2,8 працэнта. Для гэтага неабходна дакладна выконваць тэхналогію вытворчых працэсаў, нарыхтаваць высокакласныя і збалансаваныя па пажыўных якасцях кармы, удасканаліць узровень кармлення жывёлін. “Самае галоўнае – у нас усюды парадак, дружны калектыў, ёсць узаемаразуменне і падтрымка з боку дзяржаўнага сортаўчастка, які працуе на тэрыторыі сельгаспрадпрыемства”.

Са справаздачамі выступілі таксама галоўныя спецыялісты гаспадаркі  і старшыня рэвізійнай камісіі. А  дэпутат райсавета Фёдар Бірыла, які прысутнічаў на сходзе, звярнуў увагу на неабходнасць захоўваць на палях севазварот і паабяцаў не адмаўляць, калі спатрэбіцца яго дапамога.

Аб выкананні палажэнняў калектыўнага дагавора, занясенні прозвішчаў лепшых працаўнікоў на Дошку гонару  і прысуджэнні звання “Майстар жывёлагадоўлі” расказала старшыня прафкама Раіса Чырэц. Пасля чаго пачалося самае прыемнае – падвядзенне вынікаў спаборніцтваў і ўзнагароджванне пераможцаў, спецыялістаў і найбольш старанных работнікаў. Уручаючы заслужаныя  прэміі, Аляксандр Епішка (на здымку з трактарыстам Фёдарам Касовічам) для кожнага знаходзіў свае асаблівыя словы падзякі, што прыдавала яго місіі вельмі шчырую і нейкую па-дамашняму цёплую атмасферу. Не засталіся ў даўгу перад кіраўніком і работнікі прадпрыемства. Пад бурныя апладысменты залы загадчыца МТК №5 Людміла Апановіч па-дзякавала Аляксандру Мікалаевічу за тое, што здолеў усяліць у калектыў веру, а гэта дазволіла  ўсім дасягнуць пэўных поспехаў, і ўручыла  зробленыя з любоўю яркія кветачкі з бісеру…

Не толькі прэміямі і падарункамі радавалі ў гэты дзень свой калектыў адміністрацыя і прафкам, але і  цудоўным канцэртам, які падрыхтавалі выкладчыкі і вучні мясцовай школы мастацтваў.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть