Агропром

Жніво пачынаецца з рапсу

Мінулая нядзеля дала старт уборцы азімага рапсу ў дзяржаўным прадпрыемстве “Новае Палессе”.

Гэтую культуру ў гаспадарцы размясцілі на 168-гектарнай плошчы. У параўнанні з папярэднім годам яна добра перанесла зімоўку і сёння аддзячвае хлебаробам важкім ураджаем. У сярэднім з гектара атрымліваецца па 28 цэнтнераў масланасення. Менавіта з абмеркавання гэтай лічбы пачалася гаворка з намеснікам дырэктара сельгасарганізацыі па вытворчасці Васілём Насенем.

– Вы, напэўна, пачалі жніво з самых лепшых участкаў?

– Дакладней, з самых спелых, а наконт ураджайнасці… то ўчастак, які ўбіраем сёння, больш урадлівы.

У гэтым упэўніліся, калі з Васі-лём Васільевічам прыехалі непасрэдна на ніву, дзе абмалот культуры вялі камбайнеры Дзмітрый Дзяк і Леанід Дунец пад кантролем агранома-аграхіміка Аляксандра Ільючыка (на здымку). На пытанне, як справы, хлебаробы задаволена адгукнуліся:

– Лепш, чым учора: у сярэднім па 40 цэнтнераў зерня намалочваем.

Як адзін, так і другі, камбайнеры пачыналі сваю працоўную дзейнасць у тагачасным калгасе “Новае Палессе”. Затым некаторы час спрабавалі знайсці больш даходнае месца, – хто ў фермера, хто на заробках у Расіі. Аднак лепшай справы, чым хлебаробская, на роднай зямлі не знайшлі.

Вось ужо два гады як у “Новым Палессі” “прапісаўся” жыхар Краснай Волі Віктар Паўлюкавец (на здымку). У гаспадарцы яму даверылі аўтамабіль МАЗ, на якім дастаўляе зерне на дапрацоўку:

– З 9 гадзін раніцы і да 16-ці перавёз ад камбайна 6 рэйсаў. Кожны прыкладна па 8 тон, – кажа Віктар Віктаравіч. 

Ладзіліся справы і ў другога экіпажа камбайнераў у складзе бацькі і сына Міхаіла і Мікалая Латышэвічаў, якія працавалі на ўчастку, размешчаным на цэнтральнай сядзібе. У поле яны выехалі зусім нядаўна. Прайшлі некалькі кругоў, і вось ужо бункер поў-ны зерня…

– Прыкладна такія ў нас усе нівы, – адзначыў Васіль Насеня. – Азімы рапс – культура вельмі адчувальная і амаль заўсёды аддзячвае за належны догляд. Да таго ж, ён вельмі капрызны. Вось і зараз: адны стручкі паспелі, а побач – яшчэ даходзяць. Сродкаў апрацаваць рапс прэпаратамі, якія запавольваюць растрэскванне стручкоў, у нас няма, таму спяшаемся з уборкай.

Наведалі і зернеток. Яго загадчыца Марына Шэўчык паведаміла, што сюды дастаўлена 77 тон масланасення з вільготнасцю 22 працэнты, амаль палову яго дапрацавалі. З панядзелка на ток прыйдзе студатрад, а пакуль шчыруюць паляводы Вольга Жур, Алена Меркушава і Валянціна Шаўко(на здымку).

Па стану на 13 ліпеня рапс у гаспадарцы быў убраны на плошчы 33 гектары. Ураджайнасць склала 28,5 цэнтнера на круг.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть