Агропром

Жыццё з прабіркі

IMG_6245Ад эфектыўнасці работы малочнай галіны, якая дае пастаянную выручку, напрамую залежыць фінансавы стан сельгасарганізацый раёна, асноўная дзейнасць якіх накіравана на развіццё жывёлагадоўлі.

Павышаць з года ў год аддачу фермаў мараць усе гаспадаркі, аднак не кожнай гэта ўдаецца. Прычыны могуць быць розныя, і ў той жа час ёсць галоўная — збоі ў аднаўленні грамадскага статка.

— Так устроены арганізм каровы, што малака ў яе прыбаўляецца пасля ацёлу, — расказвае тэхнік-асемянатар МТФ №2 СВК “Новае Палессе” Марыя Сідарук. — Таму стараемся, каб кожная была пакрытай. Для эфектыўнай работы асемянатара трэба не толькі, каб жывёліна была здаровай і накормленай, а спецыяліст валодаў прафесійнымі навыкамі, ён павінен любіць і разумець жывёлу. На асабістым вопыце пераканалася, што без гэтага поспеху не атрымаеш. Работа наша цяжкая, часта баляць рукі, аднак пра ўсё забываеш, калі бачыш як нараджаецца новае жыццё, і ты да гэтага маеш непасрэднае дачыненне…

Па выніках мінулага года кожныя 100 кароў і цялушак, якія пакрыла Марыя Сідарук, прынеслі па 90 галоў прыплоду. Паказчык яшчэ далёкі да ідэальнага, але для “Новага Палесся”, дзе 5 год таму нараджалася ад такой жа колькасці жывёлін менш як 50 галоў, гэта выдатна.

— І зімой, і летам мой рабочы дзень пачынаецца з абходу падапечных, — працягвае Марыя Васільеўна. — За 8 год на ферме зразумела, што кожная жывёліна мае свой характар і нораў. І не кожную з іх удаецца своечасова выявіць у ахвоце па ўласцівых большасці паводзінах. Мяне каровы на нашай ферме ведаюць, адгукаюцца на голас і нярэдка самі падыходзяць, што значна аблягчае работу. Канешне, добрага выніку ў нашай справе ў адзіночку не дасягнуць, таму ўдзячна за дапамогу нашаму дружнаму калектыву, які ўзначальвае загадчыца Жанна Таненя. Вялікі дзякуй і ветурачу Таццяне Катовіч, якая многаму навучыла.

У Любань Марыя Сідарук 8 год таму пераехала з сям’ёй з Магілёўскай вобласці. Гаспадарка выдзеліла добраўпарадкаванае жыллё, прадаставіла пастаянную работу. Муж — Міхаіл Іванавіч — стаў вадзіцелем малакавоза, дачка Людміла ўладкавалася бухгалтарам па раслінаводству, малодшая Наталля набывае вышэйшую педагагічную адукацыю ў адным з ВНУ краіны. Да нядаўняга часу трактарыстам у сельгаскааператыве працаваў і сын Багдан. Вясковы дзіцячы садок наведвае пакуль адзіная ўнучка Марыі Васільеўны — Палінка.

Прыемна, што працавітая сям’я выдатна прыжылася на Палессі, хаця карані яе знаходзяцца ў суседняй дзяржаве. Да пераезду на Магілёўшчыну Сідарукі жылі ў Валынскай вобласці Украіны.

— Гэта таксама Палессе. Падобны ўклад жыцця дазволіў хутка знайсці агульную мову з жыхарамі вёскі, палюбіць яе і спадзяюся, стаць тут сваімі.

Гутарыла Галіна КУЧЭЙКА



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть