Агропром

Зіму сустрэць трэба годна

АнціфееваУ чэрвені аддзел арганізацыі вытворчасці райсельгасхарчу ўзначаліла Таццяна Анціфеева. Ураджэнка Лунінца, пасля заканчэння Віцебскай сельгасакадэміі 3 гады працавала ў Слуцкім раёне, затым 1,5 года ўзначальвала заатэхнічную службу ў філіяле “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод”.
Нарыхтоўкай кармоў для буйной рагатай жывёлы сельгаспрадпрыемствы раёна займаюцца з вясны да позняй восені. Гэты ж час адведзены і на падрыхтоўку малочнатаварных фермаў да зімы. Наколькі плённа яго выкарыстоўваюць у гаспадарках раёна?

Пачнем з таго, што бягучы год у плане вытворчасці малака аказаўся не вельмі спрыяльным. Як ні стараліся павысіць прадуктыўнасць статкаў, выйсці на мінулагоднія рубяжы па валавых надоях не атрымалася. З 16-ці гаспадарак раёна свае ранейшыя пазіцыі ўтрымалі толькі філіял “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод”, СВК “Лунінскі”, “Чучавічы” і “Хваецкае”. Сярод аб’ектыўных прычын недабору прадукцыі – незвычайна доўгая і снежная зіма, а пазней –  затопленая вадой паша. А вось суб’ектыўная прычына, бадай што, адна – недапрацоўка звенняў па ўзнаўленню статка, з-за чаго паўгода недаатрымлівалі прыплоду. Зараз расцёлы пастаянна растуць і  па выніках 8 месяцаў ужо будзем мець патрэбную  колькасць цялят – 10044. Адпаведна павялічваюцца і надоі, але дасягнуць мінулагодняга ўзроўню па валу малака ўсё ж не атрымаецца. Па папярэдніх падліках гэта будзе ў межах 97 працэнтаў.

Уборка збожжавых у раёне праходзіць арганізавана. І гэта радуе – вызваленыя  ад яе працаўнікі падключацца да падрыхтоўкі жывёлагадоўчых памяшканняў і тэрыторый фермаў да зімова-стойлавага перыяду.  А ў спецыялістаў паявіцца больш магчымасцей для  правільнага наладжвання тэхналогіі кармлення і ўтрымання статкаў. Ужо зараз трэба прадумаць, як і дзе размясціць жывёлу, вызначыцца з рацыёнам. Аб гэтым гаворка вядзецца штогод, але дасканала наладзіць тэхналогію ўдаецца, на жаль, не многім.

У сярэдзіне кастрычніка ўсё малочнае пагалоўе павінна быць у памяшканнях. Дзе яны ўжо гатовы прыняць жывёлу, высвятлялі ў ходзе ўзаемаправерак, якія праходзілі на працягу трох тыдняў. Адзначылі, што работы вядуцца паўсюдна, але тэмпы розныя, шмат недапрацовак. Адзіная гаспадарка, да якой не было прэтэнзій –  Палеская доследная станцыя. З разуменнем важнасці справы падышлі да яе дырэктар Юрый Корчык і галоўны заатэхнік гаспадаркі Вольга Збанчук. Са станоўчага боку на сённяшні дзень можна адзначыць і старанні спецыялістаў СВК “Дварэцкі”. У іншых жа гаспадарках, здаецца, што кіраўнікі і спецыялісты не зусім усведамляюць, што часу да зімы застаецца ўсё менш, а кліматычныя ўмовы штогод рыхтуюць новыя сюрпрызы. Хто ведае, што нас чакае ў чарговы сезон, таму неаб-ходна актывізаваць сілы і выканаць запланаванае. У той жа час трэба паўсюль агарадзіць прылягаючую да фермаў тэрыторыю.

Будаўніцтва новых ці рэканструкцыя старых фермаў працягваецца ў кожнай з гаспадарак раёна, аднак завяршыць пачатае да зімова-стойлавага перыяду ўдасца не ўсім. Ужо зараз бачна, што з пастаўленымі задачамі справяцца  КУП “Міжлескае”, СВК “Чучавічы”, “Хваецкае” і “Новае Палессе”.

У перспектыве з уводам у строй новых малочнатаварных фермаў у кожнай гаспадарцы раёна плануецца ўсё малочнае пагалоўе круглагадзічна ўтрымліваць у памяшканнях з арганізацыяй “прагулак” па пашы, размешчанай непадалёк ад фермаў.  Такім чынам будзе шмат вызваленых плошчаў, якія мяркуецца выкарыстаць для сяўбы сельскагаспадарчых культур.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть