З 1 студзеня службу па землеўпарадкаванню і геадэзіі райвыканкама ўзначаліў Сяргей Вячаслававіч ЧАРНЕНКА, сустрэча з якім адбылася незадоўга да Дня работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы.
- Нарадзіўся і вырас ён у Століне. У 2003-ім закончыў Горацкую сельгасакадэмію. Годам раней у Лунінцы стварыў сям’ю, таму і прыехаў сюды працаваць. Спачатку ўладкаваўся ў прыватную фірму, якая займалася землеўпарадкаваннем. З сакавіка 2008 працаваў намеснікам начальніка землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы раёна.
– У нашай краіне вялікая ўвага ўдзяляецца навядзенню парадку на зямлі, прымаецца шмат заканадаўчых актаў, якія закліканы рэгуляваць зямельныя пытанні. Тым не менш, людзі ў сваёй большасці, па-ранейшаму не ўсведамляюць неабходнасць афармлення ўчасткаў, як таго патрабуе заканадаўства. Такая нявызначанасць нярэдка нараджае скаргі паміж суседзямі з-за мяжы. Сёлета стварылі камісію па аператыўнаму вырашэнню зямельных спрэчак. Узначальвае яе першы намесніка старшыні райвыканкама Валерый Юнчыц.
– Але ж спрэчкі ўзнікаюць не толькі з-за межаў. Здараецца, што суседзяў не задавальняе пабудаваны непадалёк ад мяжы хлеўчык.
– Гэта таксама не рэдкасць. Пры ранейшых забудовах не было такога строгага падыходу да планіроўкі ўчасткаў. Зыходзячы з сённяшніх патрабаванняў, можна пад сумненне паставіць правільнасць размяшчэння многіх старых будынкаў. Але гэта не значыць, што людзі ў абавязковым парадку па заяве суседа павінны іх разбурыць ці пераносіць у другое месца. Адстаяць свае правы ім дапамогуць акты на валоданне зямельным участкам. Вось чаму кожны жыхар, які мае жыллё катэджнага тыпу, павінен мець такі дакумент.
– Ці спрасцілася працэдура афармлення зямельных участкаў, і колькі гэта каштуе?
– Скарыстацца спрошчанай сістэмай могуць толькі тыя гараджане, якія маюць адпаведнае рашэнне райвыканкама аб выдзяленні зямельнага ўчастка, пры гэтым рэальныя памеры сённяшняга ўчастка адпавядаюць першапачатковым. За выраб неабходных дакументаў па ўстанаўленню межаў у такім выпадку давядзецца заплаціць суму, адпавядаючую 4 базавым велічыням, калі ўчастак афармляецца зімой, ці 3 базавым велічыням у астатнія поры года. Акрамя таго, па спрошчанай сістэме могуць быць аформлены ўчасткі ў сельскай мясцовасці, сядзібы на якіх пабудаваны да 1999 года, аб чым у сельсавеце зроблены запіс у пагаспадарчай кнізе, і калі пры гэтым не змяніўся ўладальнік сядзібы. У астатніх выпадках неабходна будзе рыхтаваць яшчэ і праект адводу зямлі, што каштуе 4,5 базавай велічыні.
– Летам заканчваецца тэрмін рэгістрацыі дачных участкаў. У якой стадыі знаходзіцца гэтая работа ў раёне?
– Справы тут рухаюцца марудна. На сённяшні дзень праваўстанаўліваючыя дакументы з 53-ох дачных таварыстваў, якія існуюць на Лунінеччыне, маюць толькі два. Гэта “Ветэран” (старшыня – Міхаіл Чарнавокі) і “Альбатрос” (Людміла Бойка). Павінны паспяшацца і іншыя. Тэрмін вызначаны канкрэтны – да 1 жніўня 2009 года.
– Летась сталі практыкаваць выстаўленне зямельных участкаў на аўкцыёны. Ці набывалі іх у Лунінцы?
– Указ аб продажы зямлі з аўкцыёнаў уступіў у сілу з 27 снежня 2007 года. Таму мінулы год для нас быў, так бы мовіць, пробным. На аўкцыён выстаўляліся ўчасткі для будаўніцтва прамысловых аб’ектаў і гандлю. У той жа час прапаноўвалі і 10 надзелаў для індывідуальнай забудовы. Іх выкупілі грамадзяне па кадастраваму кошту, – у межах 3-3,5 мільёна рублёў за кожны. Гэтая работа сёлета будзе спынена. З 1 мая пачне дзейнічаць Указ № 64 “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя Указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях будаўніцтва, забірання і выдзялення зямельных участкаў”, які прынцыпова мяняе працэдуру прадастаўлення ўчасткаў для індывідуальнага будаўніцтва. Яны будуць выдзяляцца тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і стаіць на чарзе ў райвыканкаме. Астатнія грамадзяне змогуць іх афарміць у арэнду ці выкупіць па кадастраваму кошту.
– З 1 студзеня ўступіў у дзеянне новы Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі. Ці значна ён адрозніваецца ад папярэдняга?
– Глабальных адрозненняў няма. Праўда, спрасцілася працэдура афармлення ўчасткаў для грамадзян, якія пражываюць у шматкватэрных блакіраваных жылых дамах. А ў цэлым новы дакумент носіць больш канкрэтны і дакладны характар, што вельмі важна.