Экономика

“Лесаруб-2017”

34 удзельнікі з 17 падраздзяленняў ДЛГУ “Лунінецкі лясгас” сабраліся на традыцыйны штогадовы конкурс, каб прадэманстраваць прафесійнае майстэрства і выявіць лепшых вальшчыкаў лесу.
На гэты раз спаборніцтвы праходзілі на базе Дзятлавіцкага лясніцтва. Пасля жараб’ёўкі і інструктажу па тэхніцы бяспекі ўдзельнікі прыступілі да спаборніцтваў у асабістым заліку, якія праходзілі ў пяць этапаў: валка дрэва, замена ланцуга, распілоўка камбінаваным рэзам, дакладная распілоўка і абрэзванне сучкоў. Акрамя таго, у праграму ўвайшла камандная эстафета лесарубаў.
Для першага выпрабавання ў лясным масіве была падрыхтавана спецыяльная пляцоўка. Моцны вецер ускладняў дзеянні канкурсантаў. Нават вопытным вальшчыкам не ўдалося паказаць высокія вынікі. Тым не меньш лепшым у гэтым відзе праграмы стаў Ігар Урбановіч з Краснавольскага лясніцтва. Услед за ім размясціліся Аляксандр Гопта з Лунінецкага і, як і летась, трэцім стаў Андрэй Багаль з Лунінскага лясніцтва.
– Бачыце, у пераможцы 633 балы, у заняўшага 10-е месца канкурсанта – 503, – аналізуе сітуацыю галоўны суддзя спаборніцтваў Павел Гнедзька перад стэндавымі спаборніцтвамі. – Але ліквідаваць такі вялікі адрыў і трапіць на п’едэстал можна. Галоўнае – верыць у свае сілы.
Паверыў у іх Віктар Багук з Сітніцкага лясніцтва, які апярэдзіў усіх у замене ланцуга, распілоўцы камбінаваным рэзам і дакладнай распілоўцы. У выніку ён заняў першае месца ў агульным заліку. Усяго на адно ачко адстаў ад яго Ігар Урбановіч, які, да таго ж, стаў другім у замене ланцуга і на абрэзванні сучкоў. Трэцім прызёрам у агульным заліку стаў Віктар Ільючык з Багданаўскага лясніцтва. Яму не было роўных у абрэзванні сучкоў. У яго актыві дзве бронзавыя ўзнагароды – у камбінаваным рэзам і дакладнай распілоўцы. Нельга не адзначыць тых, хто таксама ў гэты дзень трапіў на п’едэстал за высокія дасягненні ў асобных відах праграмы. Гэта Валерый Капліч з Сінкевіцкага лясніцтва – другое месца ў камбінаваным рэзе, Васіль Муравейка з Баравікоўскага – “серабро” ў дакладнай распілоўцы, Сяргей Мелюх з Лунінскага – трэцяе месца ў замене ланцуга, Валерый Мелюх з Лобчанскага – “бронза” ў абрэзванні сучкоў.
У эстафетных паядынках перамагла каманда Сітніцкага лясніцтва. Другое месца занялі прадстаўнікі Борскага, трэцяе – Лунінецкага лясніцтва.
Узнагароды пераможцам і прызёрам уручыў дырэктар лясгаса Вячаслаў Торчык, які, падводзячы вынікі, выказаў задаволенасць тым, што год ад года усё больш удзельнікаў пераадольваюць рубеж у 1000 ачкоў. Сёлета іх было 14. 
Наперадзе – абласны этап спаборніцтваў, і трэба спадзявацца, што нашы вальшчыкі лесу годна абароняць гонар Лунінеччыны.

Алена ДАНІЛОВІЧ.

  

 

 

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть