Адрасная сацыяльная дапамога: каму, колькі і на якія мэты?
Наша консультация

Адрасная сацыяльная дапамога: каму, колькі і на якія мэты?

адресная социальная помощь

У нашай краіне ўдзяляецца асаблівая ўвага ўдасканаленню сістэмы дзяржаўнай падтрымкі насельніцтва. Адна з формаў – аказанне адраснай сацыяльнай дапамогі. Парадак яе прадстаўлення каменціруе начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына СЕМЯНЧЭНКА.

– Калі гаворка заходзіць пра дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу, кіруемся аднайменным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 студзеня 2012 г. №41. У дакуменце, у прыватнасці, адзначана, што сродкі прадастаўляюцца ў выглядзе сацыяльных дапамог: штомесячнай і (ці) аднаразовай на набыццё прадуктаў харчавання, лекавых сродкаў, адзення, абутку, школьных прыналежнасцей і іншыя патрэбы для забеспячэння нармальнай жыццядзейнасці, а таксама на ўнясенне платы (цалкам ці часткова) за жыллёва-камунальныя паслугі і (ці) платы за карыстанне жылым памяшканнем дзяржаўнага жыллёвага фонду; для кампенсацыі затрат на набыццё падгузкаў; на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі; забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця.

– Калі ласка, скажыце, хто мае права на штомесячную сацыяльную дапамогу?

– Яна прадастаўляецца сем’ям (грамадзянам) пры ўмове, што іх сярэднедушавы даход па аб’ектыўных прычынах ніжэйшы за найбольшую велічыню бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, за два апошнія кварталы (далей – крытэрый патрэбы). Выплачваецца ў наяўнай і безнаяўнай формах на перыяд ад 1 да 6 месяцаў, паўгода – няпоўным сем’ям, у якіх адзін з бацькоў ажыццяўляе догляд за дзіцём ва ўзросце да трох год; да 1 года – адзінокім інвалідам І і ІІ груп; адзінокім непрацаздольным грамадзянам, дасягнуўшым 70-гадовага ўзросту; няпоўным сем’ям, у якіх ажыццяўляецца догляд за дзіцём-інвалідам да 18 год.

– Хто можа разлічваць на аднаразовую дапамогу?

– Сем’і (грамадзяне), якія па аб’ектыўных прычынах апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, пры ўмове, што іх сярэднедушавы даход складае не больш за 1,5 велічыні крытэрыю патрэбы. Пад жыццёвымі цяжкасцямі варта разумець абставіны, накшталт поўнай непрацаздольнасці па прычыне інваліднасці ці дасягнення 80-гадовага ўзросту; нездольнасці да самаабслугоўвання ў сувязі з захворваннем, для лячэння якога патрабуецца працяглае прымяненне лекавых сродкаў; смерці мужа (жонкi), бацькоў (усынавiцеляў), дзяцей (у тым ліку ўсыноўленых); прычынення шкоды жыццю, здароўю, маёмасці ў выніку стыхійных бедстваў, катастроф, пажараў і іншых надзвычайных сітуацый непераадольнай сілы, супрацьпраўных дзеянняў іншых асоб.

– Хвароба можа прыкаваць чалавека да ложка незалежна ад узросту, полу, сацыяльнай прыналежнасці. У такіх сітуацыях разлічваць на бясплатныя падгузкі могуць усе?

– Сацыяльная дапамога для пакрыцця выдаткаў на набыццё падгузкаў прадастаўляецца незалежна ад велічыні сярэднедушавога даходу сям’і (грамадзяніна) дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў з IV ступенню страты здароўя і інвалідам I групы (акрамя асоб, інваліднасць якіх наступіла ў выніку супрацьпраўных дзеянняў).

– Што маецца на ўвазе пад “тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі”?

– Гэта артэзы верхніх і ніжніх канечнасцяў, пазваночніка, вырабы для кансерватыўнага лячэння набытых і прыроджаных дэфармацый у дзяцей, артапедычны абутак, слыхавыя апараты і інш. Сацыяльная дапамога на іх аплату прадастаўляецца зноў-такі незалежна ад велічыні сярэднедушавога даходу сям’і (грамадзяніна) – дзецям ва ўзросце да 18 гадоў, не прызнаным інвалідамі, але маючымі патрэбу па медыцынскіх паказаннях у такіх сродках, а таксама інвалідам III групы (акрамя асоб, інваліднасць якіх наступіла ў выніку супрацьпраўных дзеянняў).

– Ці ўплывае колькасць дзяцей у сям’і на бясплатнае забеспячэнне прадуктамі харчавання малышоў першых двух гадоў жыцця?

– Па-першае, яно прадастаўляецца тым, у каго па аб’ектыўных прычынах сярэднедушавы даход ніжэй за крытэрый патрэбы. Па-другое, незалежна ад яго дапамога назначаецца пры нараджэнні двайнят ці больш дзяцей.

– Якія дакументы і куды неабходна прыносіць?

– Для кожнага віду дапамог – асобныя. Азнаёміцца з пералікам можна ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне: г. Лунінец, вул. Чырвоная, 1, кабінеты: №102 – тэл. 2-13-00, №108 – 6-27-75 па рабочых днях з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00.

Гутарыла Наталля ГРУДЗЬКО.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть