Наша консультация

На пенсію – датэрмінова

Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” маці, якая гадуе дзіця-інваліда, мае права на пенсію ва ўзросце 50 год. Для гэтага трэба мець стаж работы не менш як 20 год, і тэрмін выхавання дзіцяці-інваліда не менш як 8 год да яго паўналецця.
Дзіця прызнаецца інвалідам на падставе адпаведнага заключэння медыцынскай рэабілітацыйна-экспертнай камісіі да дасягнення ўзросту 18 год.
У 20-гадовы стаж работы маці павінна ўваходзіць не менш як 5 год страхавога стажу. Напрыклад, 5 год працавала на прадпрыемстве ці ў калгасе і 15 год ажыццяўляла догляд за дзіцём-інвалідам. Калі гэтая норма не захавана, то права на працоўную пенсію ў 50 год у такой матулі не будзе.
Пад доглядам за дзіцём-інвалідам разумеецца яго сістэматычнае выхаванне, догляд і клопат аб здароўі на працягу не менш як 8 гадоў. Калі ж дзіця-інвалід некаторы час знаходзілася ў інтэрнатнай установе на поўным дзяржаўным забеспячэнні, то гэты перыяд у 8-гадовы тэрмін выхавання не залічваецца. У такім выпадку могуць быць залічаны толькі дні, калі дзіця знаходзілася ў сям’і на канікулах, у выхадныя і дзяржаўныя святы, праходзіла ўступныя іспыты пры паступленні ў дзяржаўныя ўстановы адукацыі і ў іншых дакументальна пацверджаных выпадках.
Здараецца, што дзіця прызнаецца інвалідам, напрыклад у 14 год, але яго захворванне і паталагічны стан дазвалялі зрабіць гэта раней. Каб захаваць права матулі на пенсію ў 50 год, МРЭК можа разгле-дзець пытанне ўстанаўлення інваліднасці дзіцяці з больш ранняга ўзросту.
Права на працоўную пенсію па ўзросту ў адпаведнасці з артыкулам 20 Закона “Аб пенсійным забеспячэнні” ёсць і ў бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Яно наступае пры дасягненні 55-гадовага ўзросту; наяўнасці стажу не менш як 25 год; выхаванні дзіцяці-інваліда на працягу не менш як 8 год да яго паўналецця; невыкарыстанні права на пенсію матуляй і адмовы ад яе на карысць бацькі або невыкарыстання гэтага права маці ў сувязі з яе смерцю.
Прывядзем некалькі прыкладаў. У сям’і не менш як 8 год выхоўвалася дзіця-інвалід. Маці споўнілася 50, у яе 20 год стажу, у тым ліку 5 – страхавога. Можна звяртацца за назначэннем пенсіі. Аднак жанчына хоча, каб яе атрымліваў 55-гадовы бацька дзіцяці-інваліда. Для гэтага ёй неабходна падаць заяву аб адмове на права назначэння пенсіі.
Другі выпадак. Маці, дасягнуўшая 50-гадовага ўзросту, даглядала больш як 8 год за дзіцём-інвалідам, мае 20 год стажу, які складаецца толькі з догляду за дзіцём-інвалідам і іншымі дзецьмі да 3-ох год (без страхавога стажу). У такім выпадку права на працоўную пенсію па ўзросту як маці дзіцяці-інваліда яна мець не будзе. Не зможа яго перадаць і бацьку пры дасягненні ім 55-гадовага ўзросту. Жанчына зможа разлічваць толькі на сацыяльную пенсію ў 55 год, а мужчына па ўзросту – у 60.
Яшчэ адзін прыклад. Пры наяўнасці ўсіх вышэй пералічаных абставін, у маці дзіцяці-інваліда пры 20 гадовым стажы 10 год работы ў шкодных умовах працы. Гэта дазваляе ёй пайсці на пенсію па ўзросту ў адпаведнасці з артыкулам 15 Закона “Аб пенсійным забеспячэнні” за работу ў шкодных умовах працы. Застаўшаеся нявыкарыстаным ёю права пайсці на пенсію як маці дзіцяці-інваліда, яна можа перадаць бацьку, якому назначаць датэрміновую працоўную пенсію ў 55 год.
Калі аднаму з бацькоў пенсія па ўзросту, напрыклад, як маці дзіцяці-інваліда аднойчы назначалася, то бацька на яе правоў не будзе мець ні пры якіх абставінах – незалежна ад працягласці выплаты, колькасці дзяцей-інвалідаў і абставін спынення пенсіі. У той жа час права на такую пенсію пераходзіць да бацькі ў выпадку смерці маці дзіцяці-інваліда, якая не выкарыстала гэтае права. Не назначаецца датэрміновая пенсія бацькам, якіх пазбавілі бацькоўскіх правоў у адносінах да дзіцяці-інваліда.
Больш падрабязная інфармацыя па тэлефоне: 3-47-01.
Ірына СЕМЯНЧЭНКА,
начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть